Ганна Купрыянаўна Панкрат нарадзілася ў Полацку ў рабочай сям’і. У пачатку 1930-х гг. пачала наведваць драматычную студыю Льва Літвінава пры БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). У 1933 г. таленавітую студэнтку прынялі ў трупу вядучага тэатра краіны. Ужо першыя работы Ганны Панкрат на сцэне БДТ-1 прыцягнулі ўвагу тэатральнай грамадскасці і крытыкі, якая высока ацаніла яе Ульяну ў спектаклі “Бацькаўшчына” па п’есе К. Чорнага. Маладая актрыса сыграла шэраг выдатных роляў у спектаклях па п’есах К. Крапівы “Канец дружбы” (Ульяна), “Партызаны” (Настулька). Удалай атрымалася яе Машанька ў “Капітанскай дачцэ” па аднайменнай аповесці А. Пушкіна. Крытыка адзначала яркае шматграннае дараванне маладой актрысы, якая злучала ў сабе гераічны і драматычны пачатак, рамантычную інтанацыю і вострахарактарныя, камедыйныя фарбы.
У 1938 г. быў арганізаваны Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр, які вандраваў па калгасах і саўгасах Бабруйскага, Асіповіцкага, Быхаўскага, Шклоўскага і іншых раёнаў. З першых дзён і да лета 1941 г. у ім служыла і Ганна Панкрат. На сцэне гэтага тэатра актрыса стварыла яркі, праўдзівы вобраз Веры Міхайлаўны ў п’есе “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы. Гледачам запомнілася яе Мігачова ў спектаклі “Не было ні гроша, ды раптам шастак” па п’есе А. Астроўскага. З гэтай пастаноўкай тэатр заняў другое месца ў рэспубліканскім фестывалі калгасна-саўгасных тэатраў, выступаў на І Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве (1939).
У 1944 г. Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр быў рэарганізаваны ў Бабруйскі абласны драматычны тэатр. З 1946 г. Ганна Панкрат з’яўлялася яго актрысай. У верасні 1947 г. тэатр быў пераведзены ў Гродна. На працягу 25 гадоў Ганна Панкрат з’яўлялася вядучай актрысай Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і радавала гледача сваім цудоўным майстэрствам і яркай творчай індывідуальнасцю. За сваю творчую кар’еру актрыса стварыла каля двухсот гераічных, драматычных, лірычных, сатырычных, меладраматычных і камедыйных роляў. Сярод значных работ Ганны Панкрат у беларускім рэпертуары ролі Ганны Іванаўны Чорнай (“Гэта было ў Мінску” А. Кучара), Паліны (“Трыбунал” А. Макаёнка). Шэраг запамінальных вобразаў быў створаны ёю ў спектаклях па п’есах А. Астроўскага: Купавіна, Кабаніха, Паліксена, Уланбекава, Усціння Навумаўна, Курыцына (“Ваўкі і авечкі”, “Навальніца”, “Праўда добра, а шчасце лепш”, “Выхаванка”, “Свае людзі – паладзім”, “Грэх ды бяда на каго не валіцца”). Пераканаўча выглядала Ганна Панкрат у ролях Рашэлі (“Васа Жалязнова”), Надзеі (“Апошнія”), Васілісы (“На дне”), Прытыкінай (“Варвары”) па п’есах М. Горкага. Запомніліся гледачам Саламаніда (“Цяжкае абвінавачанне” Л. Шэйніна), Фаіна (“Маё сэрца з табою” Ю. Чапурына), Мадлен («У бэзавым садзе» Ц. Саладара) у выкананні таленавітай актрысы.
Ганна Панкрат стварыла яркія, праўдзівыя вобразы ў спектаклях замежных драматургаў: Люсі Купер (“Саступі месца заўтрашняму дню” амерыканкі В. Дэльмар), Юстына ў аднайменнай п’есе фінскай пісьменніцы Х. Вуаліёкі, Ганна (“Ангела” грэка Г. Севасцікоглу).
Шмат часу прысвяціла Ганна Купрыянаўна Панкрат грамадскаму жыццю – на працягу шэрагу гадоў з’яўлялася дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў, была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі. За высокія творчыя дасягненні, актыўны ўдзел у развіцці беларускага сцэнічнага мастацтва ў 1962 г. Г.П. Панкрат было прысуджана ганаровае званне “Заслужаная артыстка БССР”. Яе талент і выканаўчае майстэрства заўсёды знаходзілі водгук у сэрцах гледачоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна.