Дата рождения:
01.12.1787 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти:
18.09.1861
Краткая справка:
паэт, сатырык і байкапісец, прадстаўнік польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ ст., удзельнік паўстання 1830–1831 гг.
Псевдонимы:
Ліцвін
Варианты имени:
Гарэцкі Антоній; Гарэцкі Міхал Антон; Гарэцкі Францішак Ксавэры Антон Мікалай; Гурэцкі Антоній
Имена на других языках:
Gorecki Antoni (польск.) (не определен); Горецкий Антон (русский);
3229 символов
Справка
Выдатны паэт-рамантык, прадстаўнік польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ ст. Антон Гарэцкі нарадзіўся ў Вільні ў сям’і ваеннага. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, у 1802–1806 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння служыў у арміі Варшаўскага княства, удзельнічаў у вайне 1812 г. За ўдзел у бітве пад Мажайскам (Расія) атрымаў вышэйшую ўзнагароду Францыі – Ордэн Ганаровага Легіёна. Выйшаўшы ў адстаўку ў 1815 г., А. Гарэцкі пасяліўся ў радавым маёнтку каля Вільні. Некаторы час вандраваў па Еўропе, займаўся грамадскай і гаспадарчай дзейнасцю на Віленшчыне, удзельнічаў у рабоце віленскага літаратурнага і асветнага Таварыства шубраўцаў. У 1831 г. А. Гарэцкі ўвайшоў у склад Цэнтральнага Віленскага камітэта па арганізацыі паўстання ў Літве, выконваў абавязкі начальніка штаба, удзельнічаў у бітвах пад Вількамірам, Дэрбянамі, Таўрогамі. З дыпламатычнай місіяй паўстанцкага камітэта А. Гарэцкі быў накіраваны ў Швецыю, Англію і Францыю. Пасля паражэння паўстання назаўсёды застаўся жыць за мяжой, прымаў удзел у розных эмігранцкіх згуртаваннях, шмат пісаў.
Займацца літаратурнай творчасцю А. Гарэцкі пачаў яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце, дзе яскрава праявіў свае паэтычныя здольнасці і перакладчыцкі талент. Яго дэбютам стаў пераклад першай элегіі старажытнарымскага паэта А. Тыбула, надрукаваны ў «Dzienniku Wilenskim» («Віленскім дзённіку»). У далейшым шматлікія вершы друкаваліся ў віленскіх і варшаўскіх перыядычных выданнях і адразу знаходзілі прызнанне ў літаратурнай інтэлігенцыі. У час ваеннай службы паэт звярнуўся да напісання вершаў, балад, песень, прысвечаных вайне 1812 г., любові да Айчыны і аднаўленню Рэчы Паспалітай («Смерць Ясінскага» (1811), «Дума пра генерала Стэфана Грабоўскага» (1814), «Тры ваенныя спевы» (1815), «Божа, што Польшчы…» (1817), «Бітва пад Беразіно» (1818), «Здабыццё польскім войскам цясніны пад Самасьерай у Іспаніі» (1818) і інш.). Гэтыя тэмы сталі галоўнымі ва ўсёй яго творчасці і прынеслі славу «жаўнера-паэта». Вялікай папулярнасцю карысталіся творы, прысвечаныя крытыцы царскай улады і абароне прыгонных сялян («Да мужыкоў» (1817), «Думка мужыка» (1821) і інш.). Пісаў паэт таксама байкі, у якіх у алегарычнай форме апісваў тагачасны палітычны стан, сацыяльную сітуацыю на землях былой Рэчы Паспалітай, пагаршэнне маральнага аблічча грамадства («Лаўр і кіпарыс» (1804), «Байка пра зайцаў» (1816), «Патрыёт» (1818), «Байка пра фурманаў» (1828) і інш.). З-за палітычнага характару некаторых з іх аўтар нават быў зняволены ў турму.
Наступны этап барацьбы за незалежнасць у 1830–1831 гг. надаў лірыцы паэта новыя рысы, узмацніў дэмакратычныя матывы. У гэты перыяд быў створаны паўстанцкі эпас з апавяданнем пра найважнейшыя моманты змагання («Песні, напісаныя падчас паўстання Літвы ў 1831 годзе», «Паўстанне Жмудзі», «Бітва барскіх канфедэратаў пад Жванцам» і інш.). У 1834 г. паэт выдаў першы зборнік твораў «Паэзія Ліцвіна», у які ўвайшлі вершы, песні і байкі як палітычнага характару, так і прысвечаныя роднай зямлі. Сярод іншых зборнікаў «Байкі і новыя вершы» (1837), «Польскі каласок» (1843), «Сяўба, або Новы збор твораў» (1857), «Яшчэ томік» (1859), «Разнастайнасці» (1861) і інш.