Дата рождения:
27.05.1937 Бярозаўка, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
02.01.2021
Краткая справка:
бібліяграфазнавец, бібліятэказнавец, педагог, кавалер ордэна "Знак Пашаны", уладальнік знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2004)
Имена на других языках:
Леончиков Василий Емельянович (русский);
5884 символа
Справка
Васіль Емяльянавіч Лявончыкаў, вядучы вучоны ў галіне бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства, нарадзіўся ў в. Бярозаўка Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Магілёўскага культурна-асветнага вучылішча імя Н.К. Крупскай працаваў інспектарам раённага аддзела культуры, дырэктарам дамоў культуры ў Чэрыкаўскім і Слаўгарадскім раёнах. Непрацяглы час загадваў бібліятэкай вайсковай часці ў Мінску. У 1962 г. В.Е. Лявончыкаў скончыў бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, у якім застаўся працаваць. Спачатку чытаў лекцыі па спецыяльных вучэбных дысцыплінах, потым выконваў абавязкі намесніка дэкана бібліятэчнага факультэта. У 1966–1968 гг. вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, дзе пад кіраўніцтвам прафесара А.Д. Эйхенгольца ў 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Общая ретроспективная библиография книг Белоруссии: история и теоретические вопросы», якая стала першым грунтоўным навуковым даследаваннем у галіне нацыянальнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі. У 1971 г. В.Е. Лявончыкаў стаў дацэнтам кафедры бібліяграфіі, у гэтым жа годзе ўзначаліў бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. У 1975 г. адкрыўся Мінскі інстытут культуры (з 1993 г. Беларускі ўніверсітэт культуры, з 2004 г. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (БДУКМ)), дзе В.Е. Лявончыкаў быў прызначаны дэканам бібліятэчнага факультэта (з’яўляўся ім да 1979 г.). У 1983 г. абраны прафесарам і ўзначаліў кафедру бібліяграфіі (з 2003 г. атрымала назву «Кафедра тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый»). На гэтай пасадзе знаходзіўся да 2009 г.
Творчы падыход да педагагічнай дзейнасці стаў характэрнай рысай вучонага. Ён упершыню ў гісторыі вышэйшай бібліятэчнай адукацыі Беларусі распрацаваў і пачаў чытаць курс «Беларуская бібліяграфія», склаў і надрукаваў яго праграму і метадычныя матэрыялы. Прафесар В.Е. Лявончыкаў стаў заснавальнікам гэтай навуковай дысцыпліны. Ён грунтоўна вывучаў бібліяграфічныя працы акадэміка Я. Карскага, філолага і бібліёграфа Р. Зямкевіча. Аб’ектам даследавання вучонага былі вопісы бібліятэк Свята-Траецкага манастыра ў Слуцку і Дабравешчанскага ў Супраслі; бібліяграфічныя матэрыялы ў прадмовах да выданняў беларускага першадрукара Ф. Скарыны, а таксама яго паслядоўнікаў; друкаваныя каталогі бібліятэк і кнігарняў ХІХ – пачатку ХХ ст. і інш. У 1983 г. выйшаў з друку падручнік «Белорусская библиография. Общий курс», у якім разглядаюцца тэарэтычныя асновы беларускай бібліяграфіі, яе гісторыя, арганізацыя і методыка. У 1991 г. падручнік быў выдадзены на беларускай мове.
У 1988 г. В.Е. Лявончыкаў абараніў у Маскве доктарскую дысертацыю на тэму «Система библиографической информации союзной республики: теоретико-методологические проблемы». Вынікі гэтага даследавання адлюстраваны ў манаграфіі «Система библиографической информации союзной республики: история, современное состояние, проблемы» (1990). Ён таксама аўтар манаграфіі «Беларуская рэтраспектыўная бібліяграфія кніг» (1971), першых у Беларусі прафесіянальных слоўнікаў «Русско-белорусский словарь библиотечных и библиографических терминов» (у суаўтарстве з Л.А. Дзямешка, 1992) і «Тлумачальны слоўнік бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў» (у суаўтарстве з Л.А. Дзямешка і Р.І. Саматыя, 2000), шматлікіх навуковых артыкулаў у замежным і айчынным друку. Адметнымі рысамі ўсіх работ з’яўляюцца грунтоўнасць метадалагічнай і фактаграфічнай асновы, дакладнасць даследчых мэт і сістэмы навуковай аргументацыі, тэарэтычная і практычная навізна і значнасць.
Выдатны навуковы патэнцыял В.Е. Лявончыкава ўвасобіўся ў заснаванай ім у 1994 г. навуковай школе «Бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства», прадстаўнікі якой працуюць у Беларусі і за межамі нашай краіны. Ён з’яўляўся таксама адным з арганізатараў аспірантуры ў БДУКМ, дзе выбіраўся старшынёй і намеснікам старшыні саветаў па абароне дысертацый на ступені кандыдатаў і дактароў навук. Сёння В.Е. Лявончыкаў выкладае на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ. Лекцыі і семінары педагога выклікаюць цікавасць у студэнтаў, раскрываюць перад імі перспектывы навуковых пошукаў у бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці. У апошнія гады вывучае праблемы бібліятэчнай камунікацыі як стратэгічнага кірунку ўзаемадзеяння бібліятэкі і грамадства, ролі бібліятэк у сістэме бесперапыннай адукацыі.
Значнае месца ў жыцці В.Е. Лявончыкава займаюць грамадскія абавязкі. Ён з’яўляецца членам навукова-тэхнічнага савета БДУКМ і савета факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый, уваходзіць у рэдакцыйны савет часопіса «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў», рэдкалегію зборніка «Здабыткі», які выдаецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, і інш. Шмат гадоў В.Е. Лявончыкаў быў намеснікам і галоўным рэдактарам міжведамаснага зборніка «Вопросы библиографоведения и библиотековедения», з’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса «Бібліятэчны свет», шэрагу іншых выданняў. Вучоны ўнёс вялікі ўклад у стварэнне Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, першым прэзідэнтам якой з’яўляўся на працягу 1992–1994 гг. (зараз ганаровы член). У 1993 г. быў абраны акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН (Масква), у 1996 г. членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. Яго імя ўключана ў слоўнік «2000 Outstanding Scientists of the 21st Century» («2000 выдающихся ученых 21-го века») (2005) Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, у даведнік «Кто есть кто на академическом Олимпе» (2004) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН.
За навукова-педагагічную дзейнасць В.Е. Лявончыкаў узнагароджаны ордэнам СССР «Знак Пашаны» (1976), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2004), шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі.