Дата рождения: 24.07.1937
Дата смерти: 19.04.1999
Краткая справка: вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі, акадэмік Акадэміі аграрных навук Беларусі, член-карэспандэнт УАСГНІЛ, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Самерсов Вилор Фридманович (русский);
Беларускі вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі Вілор Фрыдманавіч Самерсаў нарадзіўся 24 ліпеня 1937 г. у с. Андома Выцегарскага раёна Валагодскай вобласці (Расія). Скончыў факультэт аховы раслін Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута. Навуковую дзейнасць пачаў у 1960 г. з пасады малодшага навуковага супрацоўніка на Слаўгарадскай селекцыйна-доследнай станцыі ў Алтайскім краі. У 1961 г. пераехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу на Мінскую доследную станцыю Усесаюзнага інстытута аховы раслін. З 1963 па 1966 г. вучыўся ў аспірантуры Аддзела заалогіі і паразіталогіі Акадэміі навук БССР. У 1967 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю і працягваў навукова-даследчую работу ў гэтым аддзеле. У Беларускім навукова-даследчым інстытуце аховы раслін В.Ф. Самерсаў працаваў з 1971 г. загадчыкам аддзела па распрацоўцы комплексных сістэм аховы раслін, з 1974 г. – намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, а з 1978 г. быў прызначаны дырэктарам інстытута. У гэты перыяд пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выкананы цыкл работ па распрацоўцы агратэхнічнага метаду барацьбы супраць шкоднікаў, які быў абагульнены ў адзінай у СССР манаграфіі “Влияние минеральных удобрений на насекомых” (1976; сумесна з С.Л. Гаравой). На пасадзе кіраўніка інстытута праявіўся талент В.Ф. Самерсава як арганізатара навукі, ініцыятара новых ідэй і смелых рашэнняў. Адным з першых вучоных-аграрыяў ён распрацаваў метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне інтэграваных сістэм аховы раслін. Вынікі даследаванняў сталі падставай для доктарскай дысертацыі, якую вучоны абараніў у 1983 г., а ў 1988 г. была апублікавана манаграфія “Интегрированная система защиты зерновых культур от вредителей”.
У сваіх даследаваннях вучоны ўдзяляў вялікую ўвагу пытанням экалогіі, сачыў за сусветнымі навуковымі дасягненнямі ў гэтай галіне. Пад яго кіраўніцтвам упершыню ў Беларусі былі распрацаваны інтэгральныя паказальнікі экалагічнай бяспекі сістэм аховы раслін ад шкоднікаў, захворванняў і пустазелля. Адным з першых у СССР В.Ф. Самерсаў прапанаваў выкарыстоўваць вылічальную тэхніку па ахове раслін і на працягу 1985–1991 гг. кіраваў секцыяй аддзялення аховы раслін УАСГНІЛ “Камп'ютарызацыя аховы раслін”. Па яго ініцыятыве для лабараторыі пачалі закупляцца персанальныя камп'ютары. Ён разумеў, што будучае аховы раслін залежыць ад стварэння інфармацыйных тэхналогій, якія дазволяць удасканаліць сістэмы аховы раслін і праводзіць іх укараненне ў сельскагаспадарчую вытворчасць, кіраваць фітасанітарным становішчам аграцэнозаў.
В.Ф. Самерсаў – аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, якія шырока вядомыя сусветнай навуковай грамадскасці. Яны характарызуюцца высокім узроўнем даследаванняў і адпавядаюць сусветным навуковым кірункам. У працах вучонага не толькі рашэнні тэарэтычных і прыкладных праблем сучаснай аховы раслін ад шкодных насякомых, біялогіі і экалогіі. Ён увайшоў у гісторыю айчыннай аграрнай навукі як заснавальнік новага навуковага падыходу: аграэкасістэмы вучоны разглядае як кіруемыя сістэмы, дзе асноўнымі элементамі рэгулявання выступаюць прыродныя фактары і дзейнасць чалавека. Пад яго кіраўніцтвам была ўпершыню абгрунтавана канцэпцыя і распрацавана сістэма кіравання энтамацэнозам збожжавых злакаў, вызначаны асноўныя этапы яе рэалізацыі, распрацавана сістэма кароткатэрміновага прагназавання феналогіі збожжавых культур, прадстаўлены прынцыпы і мадэлі комплекснай ацэнкі гаспадарчай, эканамічнай і энергетычнай эфектыўнасці сістэм кіравання шкоданоснасцю фітафагаў збожжавых культур, вызначана ступень іх уплыву на вытворчасць збожжа.
Шматграннасць і шырыня навуковых інтарэсаў вучонага праявіліся ў рабоце розных рэспубліканскіх і міжнародных камітэтаў і навуковых саветаў. Ён быў членам Прэзідыума Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, старшынёй каардынацыйнага савета па ахове раслін Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, членам рэдкалегіі расійскага часопіса “Защита и карантин растений” (Масква), Міжнароднага часопіса па ахове раслін (Берлін), членам экалагічнай камісіі НАН Беларусі, членам Савета па навукова-тэхнічнай палітыцы пры Камітэце па навуцы і тэхналогіях, Савета фонду фундаментальных даследаванняў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, некалькіх вучоных саветаў па абароне дысертацый, Дзяржаўнай камісіі па выпрабаванні і рэгістрацыі хімічных і біялагічных сродкаў аховы раслін, бюро Усходне-палеарктычнай секцыі Міжнароднай арганізацыі па біялагічнай барацьбе, Еўрапейскага таварыства герболагаў. Вучоны актыўна развіваў міжнародныя навуковыя сувязі. Ён арганізаваў супрацоўніцтва з інстытутамі Германіі і Польшчы, прапагандаваў дасягненні айчыннай навукі па ахове раслін на міжнародных нарадах, сімпозіумах, кангрэсах, што садзейнічала пашырэнню міжнародных навуковых сувязей. У 1992 г. ён уключаны ў Міжнародны біяграфічны даведнік “Well known people” у серыі “Who is who of intellectuals”. Паралельна з навуковай ён актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю. Вёў вялікую працу па падрыхтоўцы навуковых кадраў. Кіраваў аспірантурай і аспірантамі, спецыялізаваным саветам па абароне доктарскіх дысертацый пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце аховы раслін, чытаў курс лекцый у Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце.
У 1988 г. В.Ф. Самерсаў быў выбраны членам-карэспандэнтам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук, а ў 1992 г. – акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі. У гэтым жа годзе быў выбраны акадэмікам-сакратаром аддзялення земляробства і раслінаводства Акадэміі аграрных навук Беларусі, дзе кіраваў навуковай дзейнасцю дзяржаўных абласных і спецыялізаваных доследных станцый. Шматгадовая праца вучонага адзначана ордэнам “Знак пашаны”, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі, двума залатымі і адным бронзавым медалямі ВДНГ СССР, медалём “Ветэран працы”, званнем “Залужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”. Больш чым за саракагадовую навукова-вытворчую дзейнасць В.Ф. Самерсаў унёс вялікі ўклад у развіццё тэорыі і практыкі аховы раслін, што значна ўзбагаціла сельскагаспадарчую навуку і мае вялікае тэарэтычнае і практычнае значэнне для развіцця аграпрамысловага комплексу і сёння.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.