Даследчык беларускай літаратуры і культуры XIX–XX стагоддзяў, жыццёвага і творчага шляху такіх яе выдатных прадстаўнікоў, як Ф. Багушэвіч, В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Купала, М. Багдановіч; краязнавец, аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў, складальнік альбомаў, укладальнік зборнікаў твораў, Уладзімір Ільіч Содаль вяртае нашчадкам гісторыю культуры сваёй радзімы, забытыя імёны і падзеі.
Нарадзіўся У. Содаль у вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. У першай палове пяцідзесятых гадоў у Мормальскай школе, дзе ён вучыўся, панавала незвычайнае захапленне друкам, многія пісалі ў газеты. На гэтай хвалі пачаў і У. Содаль пасылаць свае допісы ў розныя выданні. Не кінуў пісаць Уладзімір і пасля заканчэння школы, калі працаваў загадчыкам клуба і бібліятэкі. У 1963 г. ён скончыў Мінскі педагагічны інстытут, некаторы час настаўнічаў. А з 1967 па 2000 г. цесна звязаў сваё жыццё з тэлебачаннем. Першае асобнае выданне У. Содаля – яго кніга “Людзьмі звацца” выйшла ў свет толькі ў 1977 г. Пераважная большасць змешчаных у ёй матэрыялаў напісана на аснове невядомых ці малавядомых дакументаў з жыцця лепшых сыноў нашага народа, іх паплечнікаў і сяброў – ад В. Дуніна-Марцінкевіча да Янкі Купалы. У 1982 г. была надрукавана яшчэ адна кніга “Пуцявінамі сейбіта” (пра Янку Купалу). Ужо гэтыя першыя выданні акрэслілі выбар літаратара – даследаванне літаратурнай гісторыі XIX–XX стст., беларускае літаратурнае краязнаўства. Янку Купалу прысвечана і кніга “Тут бачу свой край” (1994), у якой расказваецца пра адну з купалаўскіх мясцін – вёску Бараўцы пад Мінскам і яе наваколле. Але асноўную ўвагу Уладзімір Содаль звяртае на класіка беларускага мастацкага слова – Францішка Багушэвіча. У. Содаля сёння можна смела назваць буйнейшым даследчыкам жыцця і творчасці гэтага пісьменніка. Пра гэта сведчаць кнігі “Кушлянскі кут”, “Сцежкамі Мацея Бурачка” (абедзве 1990), “Жупранская старонка” (1992). У 1995 г. выходзіць прысвечаная Ф. Багушэвічу кніга “Свіранскія крэскі”. Маленства паэта, людское і прыроднае асяроддзе, дзе ён гадаваўся, гісторыя Свіранаў – усё трапляе ў поле зроку даследчыка. Разам з кнігамі “Кушлянскі кут” і “Жупранская старонка” выданне складае своеасаблівую трылогію пра Францішка Багушэвіча. Новым крокам па ўшанаванні памяці пісьменніка стала кніга “Умей слухаць” (2003), у якую разам з іншымі фальклорнымі матэрыяламі ўвайшлі чатыры народныя апавяданні ў запісах самога Ф. Багушэвіча. “Святы той куточак фальварак Свіраны” (2005) – так называецца нядаўняя кніга багушэвічазнаўца. Яна распавядае пра тую адметную мясціну, адкуль пайшоў у свет класік беларускай літаратуры. Калі падсумаваць усё напісанае У. Содалем аб Ф. Багушэвічу, пачынаючы ад яго кнігі “Людзьмі звацца” і да апошняга часу, то атрымаецца захапляльны жыццяпіс асобы, чыя веліч павольна-паступова раскрываецца ў часе і культурна-гістарычнай прасторы.
У.І. Содаль быў таксама ўкладальнікам кніг Ф. Багушэвіча “Мая дудка” (1987), “Каму дудка паслушна” (1990), “Творы” (1991), аўтарам сцэнарыя навучальнага дыяфільма пра Ф. Багушэвіча, складальнікам альбома “Францішак Бенядзікт Багушэвіч” (1986).
Даследуе У. Содаль жыццёвы і творчы шлях і В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Багдановіча, Зоські Верас, Ядвігіна Ш., апошняму прысвечана яго кніга “Карпілаўка” (2001). Гэта яшчэ адна “вясковая энцыклапедыя”, дакладней “энцыклапедыя аднаго фальварка”, займае пачэснае месца сярод гісторыка-дакументальных расповедаў пра беларускія літаратурна-мастацкія сядзібы.
Пісьменнік – стваральнік тэлеперадачы “Роднае слова”, ганарыцца ён і цыклам перадач “Гаворым па-беларуску”. Уладзіміра Ільіча ведаюць і паважаюць як аднаго з самых аўтарытэтных знаўцаў беларускай мовы. Разам з мовай Содаль прапагандаваў на тэлебачанні жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў. Так з’явіліся навукова-папулярныя телеперадачы “Паўлюк Багрым”, “Ад імя народа” – пра Францішка Багушэвіча, “Стану песняй у народзе” – пра паэтэсу Алаізу Пашкевіч (Цётку) і інш. У. Содалем падрыхтавана і шмат кінасюжэтаў: пра Максіма Танка, Пімена Панчанку, Уладзіміра Караткевіча і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007 г.