Анатоль Іванавіч Станкевіч – творца ў трох вымярэннях: у працы – ён адметнейшы чырванадрэўшчык, у мастацтве – таленавіты майстар лясных скульптур і непаўторных карцін на дрэве, а ў паэзіі – аўтар, які мае свой адметны, самабытны голас.
Анатоль Іванавіч нарадзіўся 2 сакавіка 1937 г. у сялянскай сям’і ў в. Жарабковічы, што на Берасцейшчыне. З самага пачатку жыццё будучага паэта складвалася не надта шчасліва: рана памерла маці, надарваўшыся на гаспадарцы, а ўслед за маці ў 1942 г., ужо пры немцах, загінуў і бацька. Аднак свет не без добрых людзей: з ласкі мачахі Хрысціны і старэйшых сясцёр Анатоль скончыў сямігодку ў Жарабковічах і Слонімскае рамеснае вучылішча (1955), атрымаўшы спецыяльнасць чырванадрэўшчыка. У далейшым працаваў на лесапільным заводзе станцыі Пярмілава ў далёкай Архангельскай вобласці (Расія), служыў у арміі. З 1959 г. жыў і працаваў у Баранавічах (Брэсцкая вобласць): займаўся самаадукацыяй, скончыў вячэрнюю сярэднюю школу і ўніверсітэт рабселькараў пры Баранавіцкай гарадской газеце “Знамя коммунизма”, працаваў на баваўняным камбінаце і Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе “Атлант”.
Першы свой верш Анатоль Станкевіч напісаў, калi быў яшчэ шасцікласнікам Жарабковіцкай школы. Тады ён знайшоў падтрымку ў свайго настаўніка Яўгена Ігнатавіча Булата і з паэзіяй больш не развітваўся. Пісаў у асноўным на рускай мове і толькі ў апошнія гады жыцця пачаў тварыць па-беларуску. У друку першы верш пад назвай “Весенняя зарисовка” з’явіўся ў газеце “Знамя коммунизма” ў 1968 г. У наступныя гады яго вершы друкаваліся ў альманаху “Дзень паэзіі” (1987), зборніку “Паўлюк Багрым” (1994), у шэрагу рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданняў. Першую кнiжную падборку вершаў «Билет до станции “Счастье”» Анатоль Станкеіч надрукаваў у 1983 г. у калектыўным зборніку “Добрыми глазами”. Другая – “Верю в трудное счастье” – з’явілася ў зборнiку “Годы как реки” (1988). Асобным зборнікам пад назвай “На крыльях страдающей совести” вершы паэта былі выдадзены ў 1996 г. пры спонсарскай падтрымцы Баранавіцкага станкабудаўнічага завода “Атлант”. У 2010 г. у Баранавічах грамадскай арганізацыяй «Творчае аб’яднанне “Святліца”» быў выдадзены зборнік беларускамоўных твораў паэта “Скрыжалі дабрыні”.
Для вершаў Анатоля Станкевіча характэрны грамадзянскі пафас, тонкі лірызм, вялікая сыноўняя любоў да роднай зямлі і яе працавітых людзей. Вельмі высока ацаніў творчасць паэта пісьменнік і крытык У.А. Калеснік. М. Танк, упершыню прачытаўшы творы звычайнага рабочага з Баранавічаў, быў так узрушаны імі, што сам звярнуўся ў часопіс “Нёман” з прапановаю надрукаваць іх. Адзначаючы непаўторнасць паэзіі Анатоля Станкевіча, крытык С. Райкіна ў артыкуле “И след в душе оставит лира” пісала: “В стихотворении А. Станкевича чувствуется живой, постепенно бьющийся импульс души. Поэт, словно первооткрыватель, ведет читателя за собой, заставляя его взглянуть на примелькавшиеся, привычные предметы и явления по-новому”.*
Акрамя літаратурнай творчасці А.І. Станкевіч займаўся і грамадскімі справамі: у 1972–1980 гг. ён узначальваў Баранавіцкае літаратурнае аб’яднанне “Плынь”, у 1989–1993 гг. – літаб’яднанне баваўнянага камбіната “Ліра”, а ў 1994 г. стварыў на станкабудаўнічым заводзе літаратурнае аб’яднанне “Жнівень”. У 1999 г. быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. На жаль, у гэтым жа годзе Анатоль Станкевіч трагічна загінуў.
Вызначыўся Анатоль Станкевіч і як майстар лясных скульптур і драўляных карцін. Асновай сюжэтаў яго твораў служылі дзіўныя сучкі, карані, галінкі дрэў. Неаднаразова ў Баранавічах праводзіліся выстаўкі яго прац, якія з’яўляліся адметнымі з’явамі ў культурным жыцці горада. За свой самабытны талент у стварэнні лясных скульптур, мініяцюр і карцін Анатоль Іванавіч меў шмат узнагарод, у тым ліку і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Творы яго залатых рук і творчай фантазіі і зараз упрыгожваюць школы, бібліятэкі, установы і прадпрыемствы Баранавічаў. У 2008 г. у горадзе была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар паэта.
* Знамя юности. – 1983. – 2 сентября.
Матэрыял падрыхтаваны Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы ў 2012 г.