Дата рождения:
07.02.1897 Гродзенская губерня (цяпер Польшча)
Дата смерти:
20.12.1964
Краткая справка:
расійскі вучоны-біяфізік, адзін з заснавальнікаў касмічнага прыродазнаўства, касмічнай біялогіі і геліябіялогіі, удзельнік Першай сусветнай вайны
Имена на других языках:
Чижевский Александр Леонидович (русский);
4295 символов
Справка
Аляксандр Леанідавіч Чыжэўскі нарадзіўся ў г. Цехановец Бельскага павета, Гродзенскай губерні (цяпер Польшча) у сям’і ваеннага. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю: вывучаў замежныя мовы, гісторыю, маляванне, музыку. Вельмі захапляўся астраноміяй: вёў назіранні за касмічнымі аб’ектамі, у дзесяцігадовым узросце стаў аўтарам твора “Популярная космография по Клейну, Фламмариону и другим”. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Бельскай гімназіі (г. Бяла-Падляска, Польшча) і прыватным рэальным вучылішчы Ф.М. Шахмагонава (г. Калуга, Расія). У 1915 г. паступіў у Маскоўскі археалагічны інстытут, адначасова вывучаў матэматычную статыстыку і прыродазнаўчыя навукі ў Маскоўскім камерцыйным інстытуце. У час Першай сусветнай вайны некаторы час служыў у расійскай арміі, удзельнічаў у баях у Галіцыі, быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом IV ступені.
Пасля дэмабілізацыі з арміі (1917) скончыў навучанне ў абодвух інстытутах і абараніў магістарскія дысертацыі на тэмы “Русская лирика XVIII века” і “Эволюция физико-математических наук в древнем мире”. У гэты ж перыяд у якасці вольнага слухача А.Л. Чыжэўскі наведваў заняткі на фізіка-матэматычным і медыцынскім факультэтах Маскоўскага ўніверсітэта. У 1918 г. сістэматызаваў статыстычныя заканамернасці агульнага ходу гістарычнага працэсу, у якім знайшоў “сонечны” след, у дысертацыі “Исследование периодичности всемирно-исторического процесса” на атрыманне ступені доктара агульнай гісторыі.
Скончыўшы навучанне, А.Л. Чыжэўскі чытаў лекцыі ў Маскоўскім універсітэце, працаваў у археалагічным інстытуце, Практычнай лабараторыі зоапсіхалогіі Наркамата асветы РСФСР, Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі іанізацыі. Пачынаючы з 1915 г. займаўся даследаваннямі ў галіне геліябіялогіі і аэраіанізацыі, вывучаў уплыў касмічных фізічных фактараў і ўздзеянне паветраных іонаў (аэраіонаў) на жывыя арганізмы, устанавіў залежнасць паміж цыкламі сонечнай актыўнасці і многімі з’явамі ў біясферы. Вынікі яго даследаванняў выклікалі цікаўнасць і былі станоўча прыняты навуковым грамадствам свету. Вучонага абралі ганаровым членам шматлікіх замежных навуковых таварыстваў. У 1931 г. яго ўзнагародзілі прэміямі Саўнаркама СССР і Наркамзема СССР. У гэтым жа годзе была створана Цэнтральная навукова-даследчая лабараторыя іаніфікацыі, дырэктарам якой быў прызначаны Аляксандр Леанідавіч. На працягу пяці гадоў вучоны вёў даследаванні аб прымяненні станоўчага ўздзеяння аэраіонаў у жывёлагадоўлі, раслінаводстве і пчалярстве. У 1939–1941 гг. А.Л. Чыжэўскі кіраваў працай па аэраіаніфікацыі будынка Палаца Саветаў.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны вучоны разам з сям’ёй эвакуіраваўся на Урал. У 1942 г. ён быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і асуджаны на восемь гадоў папраўча-працоўных лагераў. Падчас зняволення і знаходжання ў лагерах Паўночнага Урала і Казахстана даследчык працягваў актыўна працаваць: займаўся вывучэннем электрычных праблем крыві, стварыў кабінет аэраіаніфікацыі, укараніў некаторыя вынікі сваіх даследаванняў у вытворчасць, шмат маляваў, пісаў вершы. Пасля рэабілітацыі ў 1958 г. вучоны вярнуўся ў Маскву, дзе ўзначаліў навукова-даследчую лабараторыю па іанізацыі і кандыцыяніраванні паветра пры трэсце “Саюзсантэхніка” Дзяржплана СССР.
За гады сваёй навуковай дзейнасці А.Л. Чыжэўскі стаў аўтарам некалькіх соцень прац, прысвечаных геліябіялогіі, аэраіанізацыі і гематалогіі, сярод якіх: “Эпидемиологические катастрофы и периодическая деятельность Солнца”, “Лечение легочных заболеваний ионизированным воздухом” (абедзьве 1930), “Структурный анализ движущейся крови” (1959), “Солнце и мы” (1963) і інш. Аляксандр Леанідавіч быў таксама таленавітым пісьменнікам і мастаком. Яго пяру належаць зборнікі вершаў “Стихотворения” (1915), “Тетрадь стихотворений” (1919), “Стихи” (1987), трактат “Академия поэзии” (1918), кніга ўспамінаў “Вся жизнь” (1974). Стварыў каля двух тысяч жывапісных твораў. У творчасці аддаваў перавагу адлюстраванню прыроды і космасу.
Памёр даследчык 20 снежня 1964 г. За гады, што прайшлі з дня смерці, зроблена нямала для ўвекавечання памяці і распаўсюджвання вынікаў яго працы ў свеце: праводзяцца чытанні і канферэнцыі, перавыдаюцца кнігі, імя вучонага носіць малая планета. У 2010 г. у Калузе адкрыты Дом-музей А.Л. Чыжэўскага.