Ёсць асобы, для якіх кар'ера не самамэта, а магчымасць выкарыстаць свой талент, веды, вопыт для таго, каб служыць людзям. Да такіх і адносіцца партыйны і грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык Уладзімір Мікалаевіч Сеўрук.
Нарадзіўся ён у Мінску. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля яго заканчэння ў 1954 г. паехаў у далёкі Магадан. Гэта быў час рэабілітацыі ахвяр ГУЛАГа. Як сакратар гаркама, рэдактар створанай ім маладзёжнай газеты “Магаданский комсомолец” ён прымаў непасрэдны ўдзел у важнай дзяржаўнай справе. У 1966 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (Масква). Доўгі час У. М. Сеўрук працаваў у апараце ЦК КПСС. З 1986 па 1988 г. ён з'яўляўся загадчыкам пададдзела сродкаў масавай інфармацыі ЦК КПСС. Многа зрабіў для развіцця выдавецкай справы ў Арменіі, Украіне, Малдове, Прыбалтыцы і Беларусі. Дзякуючы яго ўдзелу і падтрымцы быў створаны шэраг выдавецтваў, газет і часопісаў. У 1980–1988 гг. ён каардынатар саветніцкай дзейнасці КПСС па пытаннях ідэалогіі, навукі, культуры, адукацыі ў Афганістане. Пазней вярнуўся на радзіму. З 1993 г. працаваў загадчыкам аддзела ў інстытуце “Белінфармпрагноз”, з 1995 г. – намеснікам дырэктара Беларускага нацыянальнага прэс-цэнтра, загадчыкам аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1998 г. – памочнікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Мікалаевіч сумяшчаў партыйную і грамадскую дзейнасць з літаратуразнаўчай, публіцыстычнай і перакладчыцкай. Ён выступаў як аўтар-складальнік зборнікаў гісторыка-літаратурнай публіцыстыкі: “Як канчаюцца войны” (1968), “Масква – Сталінград” (1970), “Моладзь ідзе ў рэвалюцыю” (1973), “Пароль: Перамога!” (т. 1–2, 1985) і інш. Уладзімір Мікалаевіч – аўтар перакладаў на рускую мову твораў “Рудабельская рэспубліка” С. Грахоўскага, “Чазенія” У. Караткевіча, “Крэсы змагаюцца”, “Сонца за кратамі”, “Лукішкі”, “Ішоў дваццаты год” М. Машары, “І нічога ўзамен” А. Савіцкага, “Жыццёвыя клопаты” І. Мележа і інш.
Чорнай паласой прайшла праз яго жыццё афганская вайна, на якой страціў свайго роднага сына. У 1979–1985 гг. У. М. Сеўрук працаваў над сцэнарыямі дакументальна-мастацкіх фільмаў пра Афганістан: “Праўда красавіцкай рэвалюцыі” (1981; прэмія Ленінскага камсамола 1981) і “Сцяг красавіцкай рэвалюцыі” (1985). Прымаў актыўны ўдзел у рабоце грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны Афганістана”, дзе займаў пасаду намесніка старшыні Савета. У 1988–1991 гг. У. М. Сеўрук быў першым намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Известия”, рэдактарам папулярнай газеты “Неделя”, актыўна супрацоўнічаў з газетай “Рэспубліка”, дзе выступаў з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі, літаратурнымі эсэ, успамінамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.