Дата рождения:
05.08.1947 Шылавічы, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
20.08.2011
Краткая справка:
вучоны-гісторык, літаратуразнавец, архівіст, аўтар прац па гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры ХІХ–ХХ стст., пытаннях гістарыяграфіі, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі
Имена на других языках:
Скалабан Виталий Владимирович (русский);
4062 символа
Справка
Адметнае месца сярод беларускіх вучоных займае Віталь Уладзіміравіч Скалабан, гісторык-даследчык, які ўнёс значны ўклад у развіццё практычнай археаграфіі.
Нарадзіўся ён у в. Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1970 г. скончыў гістарычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Белорусский национальный комиссариат: (январь 1918 – 1919 гг.)».
Працоўную дзейнасць В.У. Скалабан пачаў у 1972 г. рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. У 1992–1995 гг. загадваў рэдакцыяй гісторыі Беларусі. У час працы ў выдавецтве ён шмат зрабіў для падрыхтоўкі энцыклапедычных і даведачных выданняў, якія і на сённяшні дзень застаюцца фундаментальнымі крыніцамі беларусазнаўчай інфармацыі. Сярод іх – «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 12 т.), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (у 5 т.), «Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік» (у 6 т.), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (у 6 т.), «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989) і інш. З 1995 па 2000 г. быў спачатку намеснікам дырэктара, затым – саветнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. У 2000–2002 гг. займаў пасаду намесніка дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 2002 г. з’яўляўся вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, з 2004 па 2011 г. – загадчыкам аддзела публікацыі дакументаў.
Навуковыя працы В.У. Скалабана прысвечаны гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX – пачатку XX ст., пытанням архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Шматгранны талент даследчыка дазваляў яму спалучаць навуковую дзейнасць і археаграфічную практыку. Ён выявіў невядомыя тэксты беларускай літаратуры XIX ст. з рукапіснай спадчыны А. Рыпінскага, якія ўвайшлі ў зборнік «Шляхам гадоў» (1990), падрыхтаваў гісторыка-літаратурныя матэрыялы пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, А. Гаруна, Я. Хлябцэвіча, М. Мялешкі і інш.). Пад кіраўніцтвам В.У. Скалабана і пры яго ўдзеле былі падрыхтаваны зборнікі дакументаў, архіўныя і міжархіўныя даведнікі. Сярод іх – «Чернобыль, 26 апреля 1986 – декабрь 1991» (2006), «Накануне. Западный особый военный округ (конец 1939 г. – 1941 г.)» (2007), «Белорусское общество в Петрограде по оказанию помощи пострадавшим от войны, 1916–1918 гг.» (2008), «Хатынь: трагедия и память» (2009), «Белорусы в советском тылу, июль 1941 г. – 1944 г.» (2010), «Купала і Колас, вы нас гадавалі» (кн. 1–2, 2010–2012) і інш. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы такіх выданняў, як «Гісторыя Беларусі» (1994) і «История Белоруссии» (2003) М.В. Доўнар-Запольскага, «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі» (1999) М.М. Улашчыка і інш. Вучоны з’яўляецца адным са складальнікаў бібліяграфічных дапаможнікаў «Мікалай Мікалаевіч Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Расціслаў Пятровіч Платонаў» (2000), «Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі» (2001) і інш.
Акрамя навуковай дзейнасці В.У. Скалабан займаўся папулярызацыяй і распаўсюджваннем гістарычных ведаў, стварэннем на аснове дакументных крыніц мастацкіх твораў. Разам з Л.І. Рублеўскай ён напісаў драму «Людвіка і Фабіян» (2006), нарысы і эсэ, якія сабраны ў зборніку «Время и бремя архивов и имен» (2009). Вучоны з’яўляецца суаўтарам сцэнарыяў многіх дакументальна-мастацкіх фільмаў.
Архівіст быў членам Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, Археаграфічнай камісіі Камітэта па архівах і справаводстве, Камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Рады Беларускага фонду культуры, рэдкалегіі «Краязнаўчай газеты». Ён прымаў удзел у рабоце вучоных саветаў архіўных устаноў краіны.