Сярод імёнаў мастакоў і скульптараў Беларусі і Польшчы ХІХ ст. адметнае месца займае імя Гелены Скірмунт – выдатнай мастачкі, медальера і, бадай, першай жанчыны-скульптара ў нашай краіне.
Нарадзілася Гелена 5 лістапада 1827 г. у заможнай шляхецкай сям’і Скірмунтаў ў радавой сядзібе Калоднае на Століншчыне. Яе мастацкія схільнасці пачалі праяўляцца яшчэ ў раннім узросце. Хваравітая ад нараджэння дзяўчынка амаль не разлучалася з алоўкам і пэндзалем, кожную свабодную хвіліну прысвячала маляванню. Калi Гелене споўнiлася 13 гадоў, каб палепшыць здароўе дaчкі, мацi павезла яе да дактароў у Вiльню, дзе звярнулася да выдатнага беларускага мастака, скульптара i знакамiтага сцэнографа Вiнцэнта Дмахоўскага з просьбай даваць дачцэ ўрокі. Ён пагадзіўся і хутка быў уражаны талентам вучанiцы. Дзяўчынка, якая не мела ніякай адукацыі, паказвала выдатныя якасці малявальшчыцы.
У 1844 г. Гелена разам з мацi выехала за мяжу для лячэння і ўдасканалення свайго майстэрства. Вывучала жывапіс у вядомых мастакоў Вільгельма Краўзэ ў Берліне і Фогеля фон Фогельштайна ў Дрэздэне. У Парыжы мастацкія інтарэсы Гелены падмацоўвалі яе дзядзька, вядомы мастак і музыкант Напалеон Орда і скульптар Уладзіслаў Аляшчынскі.
Вярнуўшыся з-за мяжы, Гелена цалкам аддалася жывапісу: стварала пейзажныя замалёўкі, партрэты родных і сяброў. У 1852 г. з-за паступовай страты зроку мастачка вымушана была зноў адправіцца ў Еўропу на лячэнне. Акрамя візітаў да дактароў яна наведвала музеі і майстэрні знакамітых мастакоў. Лячэнне спалучала з новым захапленнем – заняткамі скульптурай у венскага скульптара і медальера Іосіфа Цэзара, у яго яна засвоіла ўсе тагачасныя вiды скульптурнага майстэрства – ад рубкi мармуру да лiцця з бронзы.
Пасля вяртання на радзіму Г. Скірмунт абсталявала ў Калодным невялікую скульптурную майстэрню і цалкам захапілася скульптурай: рабіла гіпсавыя бюсты, практыкавалася ў медальернай справе. У гэты перыяд творчасці пачала вельмі цікавіцца рэлігійнай тэмай: займалася скульптурай для касцёлаў, рабіла копіі абразоў вядомых жывапісцаў. Пры дапамозе віленскага мастака-самавучкі Канстанціна Радыкі Гелена рэстаўрыравала старыя жывапісныя палотны ў Пінскіх касцёлах, займалася строямі для ксяндзоў, спраектавала алтар у касцёле в. Ахова каля Пінска, зрабіла некалькі распяццяў. На жаль, работ гэтага перыяду захавалася вельмі мала.
Палітычныя падзеі 1863 г. не абмінулі і сям’ю Скірмунтаў. За спробу даставіць ліст аднаму з кіраўнікоў паўстання Р. Траўгуту мастачка была арыштавана і выслана ў Тамбоў, дзе пражыла некалькі гадоў. Маёмасць, усе сямейныя рэліквіі, а таксама працы Гелены былі канфіскаваны на карысць дзяржавы.
У ссылцы яна захапілася стварэннем фігурак шахмат па матывах бітвы караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага з туркамі пад Венай. Працягвала працаваць над імі і ў Крыму, дзе жыла пасля ссылкі, і ў Парыжы. Адліўка ў бронзе, пазалота і пасерабрэнне былі выкананы ў Вене ў 1873 г. пад кіраўніцтвам І. Цэзара. Камплект “Гістарычных шахмат” – самая вядомая праца мастачкі, пабачыла свет толькі пасля яе смерці. На выставе ў Вене з шахмат зрабілі фотаздымкі, якія далі нам магчымасць цалкам убачыць унікальную задумку палескай мастачкі.
Памерла Гелена Скірмунт у Францыі. Родныя перавезлі прах на Палессе, дзе яна знайшла апошні прытулак у Пінску сярод старых гарадскіх могілак. Яшчэ пры жыцці скульптурныя работы і малюнкі Гелены разышліся па асабістых архівах Польшчы і Літвы. Многія з іх былі знішчаны падчас пажару ў 1901 г. у палацы Бутрымовіча ў Пінску. Некаторыя работы вядомы ўвогуле толькі па фотаздымках ці замалёўках. Жыццё выдатнай жанчыны і мастачкі было, на жаль, нядоўгім, аднак след, які заставіла яе творчасць у мастацкай спадчыне нашай краіны, самабытны і ўнікальны, застанецца назаўсёды.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.