Краткая справка:
уніяцкі царкоўны дзеяч, публіцыст
Псевдонимы:
а. Антоні; Злучэнец
Имена на других языках:
Неманцевич Антоний Иванович (русский);
3418 символов
Справка
Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-езуіт Антон Неманцэвіч стаў адным з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі ў першай палове ХХ ст.
Верагодней за ўсё, нарадзіўся ён на Беласточчыне каля мястэчка Саколка Гродзенскай губерні (зараз Польшча) у каталіцкай сялянскай сям’і (па меркаванні некаторых даследчыкаў месцам яго нараджэння быў Санкт-Пецярбург). Па некаторых звестках першую адукацыю атрымаў у Саколцы, у далейшым вучыўся ў Прыватнай каталіцкай гімназіі святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу і Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У верасні 1915 г. атрымаў святарскія пасвячэнні. Далейшае навучанне праходзіў у Петраградскай каталіцкай духоўнай акадэміі. Падчас знаходжання ў акадэміі ўдзельнічаў у працы беларускага культурна-асветнага гуртка, дзе зацікавіўся гісторыяй уніяцкай царквы на беларускіх землях. Пасля заканчэння навучання (1918) А. Неманцэвіч некаторы час служыў вікарыем парафіяльнага касцёла святой Кацярыны ў г. Колпіна пад Петраградам (Расія), у далейшым быў вікарыем парафіі святога Пятра і Паўла ў Маскве. Двойчы святар арыштоўваўся савецкімі ўладамі з-за сваёй рэлігійнай дзейнасці. У 1925 г. ён у выніку абмена палітычнымі вязнямі быў перададзены Польшчы.
У далейшым А. Неманцэвіч па накіраванні мітрапаліта Э. Ропа знаходзіўся ў Рыме, дзе вывучаў тэалогію ў Папскім усходнім інстытуце. У 1927 г. абараніў дысертацыю на тэму “Бальшавізм і выхаванне. Сучаснае бальшавісцкае заканадаўства Расіі адносна рэлігійнага і маральнага выхавання моладзі ў параўнанні з правам Божым, прыродным і аб’яўленым” і атрымаў званне доктара тэалогіі. Некаторы час выкладаў параўнальную тэалогію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна.
У 1929 г. А. Неманцэвіч уступіў у ордэн езуітаў, прыняў грэка-каталіцкі абрад і быў накіраваны на службу настаяцелем царквы ў мястэчка Альбярцін (зараз у межах Слоніма, Гродзенская вобласць). У гэты перыяд займаўся напісаннем артыкулаў для Беларускага календара, у 1932–1937 гг. рэдагаваў і выдаваў уніяцкую беларускую газету “Да злучэння”, пісаў артыкулы для яе. У далейшым святар служыў у Сынкавічах (зараз у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці), быў прафесарам фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў Папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (зараз Ровенская вобласць, Украіна). Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР А. Неманцэвіч быў прызначаны Беларускім грэка-каталіцкім экзархам Украінскай уніяцкай мітраполіі. Займаўся арганізацыяй адміністрацыйных структур экзархата, увёў беларускую мову ў якасці афіцыйнай у справаводства і царкоўнае жыццё, заснаваў Апостальства малітвы за Беларусь – калі кожны грэка-каталіцкі святар адзін раз на месяц праводзіў службу з малітвай за беларускі народ.
Летам 1942 г. дзейнасць экзарха на Беларусі была спынена ў сувязі з яго арыштам нямецкімі ўладамі. Далейшы лёс А. Неманцэвіча застаўся дакладна невядомым. Большасць даследчыкаў лічаць, што загінў святар у берлінскай турме. Аднак, у архіўных дакументах Генеральнага камісарыяту Беларусі быў выяўлены дакумент, у якім сцвярджаецца, што Антон Неманцэвіч памёр 6 студзеня 1943 г. у Мінскай турме «ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая наступіла пасля тыфа. Святар быў пахаваны на нямецкіх могілках у Мінску (зараз гэта сквер на вуліцы К. Лібкнехта).