Дата рождения:
08.01.1943 Шавялі, в., Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
05.12.2020
Краткая справка:
вучоны-юрыст, гісторык, філосаф, адзін з арганізатараў і першы старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, заснавальнік і першы рэктар Беларускага інстытута правазнаўства – адной з першых прыватных ВНУ Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны", выдатнік адукацыі Беларусі
Имена на других языках:
Сокол Степан Фёдорович (русский);
2787 символов
Справка
Сцяпан Фёдаравіч Сокал нарадзіўся ў в. Шавялі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1959 г. скончыў сярэднюю школу ў г. Баранавічы, працягваў вучобу ў музычным вучылішчы. У 1963 г. паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля атрымання дыплома працаваў памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў завочнай аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1972 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI века». Пасля заканчэння аспірантуры працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1974 па 1977 г. быў старшым выкладчыкам, дацэнтам, выконваючым абавязкі загадчыка кафедры філасофіі Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1977–1981 гг. Сцяпан Фёдаравіч працаваў інспектарам Упраўлення выкладання грамадскіх навук Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР.
У 1981–1985 гг. – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1984 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI ‒ первой половины XVII в.». У 1985–1990 гг. быў дэканам факультэта правазнаўства, загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сцяпан Фёдаравіч лічыцца заснавальнікам новага напрамку ў беларускай юрыдычнай навуцы – гісторыі палітычных і прававых вучэнняў Беларусі. Ён упершыню вывучаў і ўвеў у навуковы ўжытак асобныя творы А. Волана, А. Валовіча, Л. Сапегі, М. Сматрыцкага і інш. Вучоны з’яўляецца аўтарам навуковых прац па гісторыі прававой, палітычнай і сацыялагічнай думкі ХVІ–ХVІІІ стст., гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Сярод іх ‒ «Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI ‒ первой половины XVII в.» (1984), «Защита чести и достоинства гражданина в судебном порядке» (1998, у суаўтарстве), «История юридической науки Беларуси» (2000, у суаўтарстве), «Правовое регулирование договора комплексной предпринимательской лицензии (франчайзинга) в Республике Беларусь» (2006), «Зарождение и становление Европейской юриспруденции: Древняя Греция, Рим, Средневековье» (2011) і інш. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 10 кандыдацкіх дысертацый.
У 1990 г. Сцяпан Фёдаравіч прыняў удзел у арганізацыі Саюза юрыстаў БССР і стаў яго старшынёй. Вучоны ўнёс значны ўклад у развіццё адукацыйнага працэсу ў Беларусі. Ён з’яўляецца заснавальнікам і першым рэктарам Беларускага недзяржаўнага інстытута правазнаўства, які стаў адной з першых прыватных вышэйшых навучальных устаноў Беларусі (1990). У 1997 г. вучоны атрымаў званне акадэміка Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук. Ён узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», знакамі «Выдатнік адукацыі», «Ганаровы работнік юстыцыі» і інш.