Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1943), узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І-й ст., Чырвонай Зоркі, медалямі, узнагародамі іншых краін (Польшча)
Имена на других языках:
Томиловский Георгий Сергеевич (русский);
3470 символов
Справка
Георгій Сяргеевіч Тамілоўскі нарадзіўся ў Мінску. Скончыў сярэднюю школу, затым школу фабрычна-заводскага вучнёўства ў Гомелі. Працаваў на лесапільным заводзе, на чыгунцы ва Узбекістане.
У Чырвонай Арміі з кастрычніка 1931 г. Пасля заканчэння Аб’яднанай Беларускай ваеннай школы імя М.І. Калініна служыў у 98-м стралковым палку 33-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі. Прайшоў шлях ад камандзіра кулямётнага ўзвода да камандзіра батальёна. Удзельнічаў у вызваленчым паходзе савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь. У лістападзе 1939 г. Георгій Тамілоўскі быў прызначаны камандзірам стралковай роты Магілёўскага стралкова-кулямётнага вучылішча. З першых дзён вялікай Айчыннай вайны ў складзе атрада курсантаў і выкладчыкаў вучылішча ўдзельнічаў у баях на Заходнім фронце. У студзені 1942 г. пасля заканчэння паскоранага курса навучання ў Ваеннай акадэміі РСЧА імя М.В. Фрунзэ Георгій Тамілоўскі быў прызначаны начальнікам штаба 151-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі.
У красавіку 1942 г. дывізія прыбыла ў дзеючую армію і ў складзе Бранскага фронту ўдзельнічала ў Варонежска-Варашылаўградскай абарончай аперацыі. У адным з баёў Г.С. Тамілоўскі замяніў камандзіра палка і стаў выконваць яго абавязкі. Паспяхова камандаваў палком падчас Варонежска-Касторненскай наступальнай аперацыі ў студзені 1943 г.
Выдатныя баявыя якасці і асабістую адвагу Георгій Тамілоўскі праявіў падчас Курскай бітвы. За перыяд з 5 па 8 ліпеня 1943 г. полк пад яго камандаваннем знішчыў больш за 20 танкаў, каля 2000 салдат і афіцэраў ворага.
Георгій Тамілоўскі вызначыўся падчас бітвы за Дняпро. З 23 ліпеня па 27 верасня 1943 г. 151-ы стралковы полк вызваліў сотні населеных пунктаў, знішчыў 11 танкаў, 2 самаходныя гарматы, больш за 100 кулямётаў і мінанамётаў, 14 аўтамашын, падавіў агонь 11 мінамётных батарэй, знішчыў і захапіў у палон каля 3000 гітлераўцаў.
За мужнасць і вайсковую доблесць, праяўленыя на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 кастрычніка 1943 г. Георгію Сяргеевічу Тамілоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
У канцы лістапада 1943 г. Г.С. Тамілоўскі стаў намеснікам камандзіра 8-й стралковай дывізіі, удзельнічаў у Жытомірска-Бярдзічаўскай, Роўна-Луцкай, Праскураўска-Чарнавіцкай наступальных аперацыях. З красавіка 1944 г. і да перамогі камандаваў 211-й Чарнігаўскай стралковай дывізіяй на 1-м і 4-м Украінскіх франтах. Паспяхова дзейнічаў у Львоўска-Сандамірскай, Усходне-Карпацкай, Пражскай наступальных аперацыях.
Пасля вайны Георгій Тамілоўскі працягваў службу ў Савецкай Арміі. У 1949 г. скончыў курсы “Стрэл”, у 1954 г. – вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ. Служыў намеснікам камандзіра стралковай дывізіі ў Паўночнай ваеннай акрузе, затым узначальваў ваенную кафедру Іжэўскага сельскагаспадарчага інстытута. У жніўні 1959 г. палкоўнік Г.С. Тамілоўскі выйшаў у адстаўку. Працаваў дырэктарам прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Вёў вялікую ваенна-патрыятычную работу, быў камандуючым ваенна-спартыўнай гульні “Арляня” па Удмурцкай АССР.
Георгій Тамілоўскі – удзельнік Парада Перамогі ў Маскве. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі, у т. л. медалём “За вашу і нашу свабоду” (Польшча). У Іжэўску ў памяць аб Георгіі Тамілоўскім устаноўлена мемарыяльная дошка.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.