Вучоны-гісторык, усходазнавец, заснавальнік расійскай школы гісторыі і філалогіі Старажытнага Усходу Барыс Аляксандравіч Тураеў нарадзіўся ў Навагрудку. Скончыўшы Віленскую гімназію, паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У час вучобы захапіўся егіпталогіяй. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1891 г. быў накіраваны за мяжу, вёў навуковую працу ў музеях Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі. Вярнуўшыся з камандзіроўкі ў 1896 г., Б. Тураеў чытаў лекцыі ва ўніверсітэце па гісторыі Старажытнага Усходу і егіпталогіі ў якасці прыват-дацэнта. У 1898 г. абараніў магістэрскую дысертацыю на тэму «Бог Тот: опыт исследования в области истории древнеегипетской культуры», а ў 1902 г. доктарскую дысертацыю на тэму «Исследования в области агиологических источников истории Эфиопии». У 1904 г. ён стаў экстраардынарным, у 1911 г. ардынарным прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1913 г. выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1918 г. акадэмікам Расійскай акадэміі навук. Акрамя гэтага Б. Тураеў з'яўляўся членам многіх расійскіх і замежных навуковых таварыстваў. З 1912 г. ён быў хавальнікам збору егіпецкіх старажытнасцей Музея прыгожых мастацтваў у Маскве.
Барыс Аляксандравіч Тураеў – аўтар больш за 150 навуковых прац па егіпталогіі, семіталогіі, асірыялогіі, шумералогіі, хеталогіі, урартазнаўстве і інш. Асновай гістарычнага развіцця даследчык лічыў рэлігію і духоўную культуру, а сацыяльна-эканамічным адносінам адводзіў другараднае месца. Галоўная праца «История Древнего Востока» (ч. 1–2, 1911–1912, т. 1–2, 2-е выд., 1936) не мае роўных па географічных і храналагічных рамках ахопу матэрыялу. Аўтарам былі прадстаўлены гістарычныя лёсы народаў Усходу ад глыбокай старажытнасці да грэка-рымскай эпохі ўключна. Праца атрымала высокую ацэнку спецыялістаў і ў 1916 г. гісторык быў адзначаны вялікім залатым медалём Рускага археалагічнага таварыства. Гісторыі старажытнага Егіпта прысвечаны цэлы шэраг навуковых прац даследчыка. Ён выступаў як аўтарытэтны каментатар і выдавец многіх помнікаў. Дзякуючы сваім даследаванням, вучоны стаў першакласным сусветным егіптолагам. Ён займаўся апісаннем галоўных егіпецкіх збораў на тэрыторыі Расійскай Імперыі ў Таліне, Рызе, Вільнюсе, Тарту, Кіеве, Казані, Адэсе (пасмяротна выйшлі дзве абагульненыя працы «Египетская литература» (1920), «Древний Египет» (1922)). Важнае месца ў навуковай рабоце Б. Тураева займала культурная гісторыя Эфіопіі. Сярод кніг па гэтай тэматыцы – «Абиссинские свободные мыслители XVII века» (1903), «Копто-эфиопское сказание о преподобном Кире» (1903), «Эфиопские рукописи в С.-Петербурге» (1906), «Произведения абиссинской живописи, собранные д-ром А. И. Кохановским» (1913) і інш. Вучоны актыўна займаўся папулярызацыяй гістарычных ведаў. Па яго ініцыятыве выдаваліся навукова-папулярныя серыі «Культурна-гістарычныя помнікі Старажытнага Усходу». За кароткае жыццё Б. Тураеў паспеў стварыць сваю школу гісторыкаў Старажытнага Усходу. Яго вучнямі былі вядомыя ўсходазнаўцы В. Струвэ, І. Волкаў, М. Флітнэр, І. Крачкоўскі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.