Дата рождения: 29.03.1963 Мінск, г.
Краткая справка: скульптар, аўтар твораў у манументальнай, станковай, мемарыяльнай і паркавай скульптуры, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010)
Имена на других языках: Gumileuski Syarghei Lvovitch (английский); Гумилевский Сергей Львович (русский);
Выдатны беларускі скульптар Сяргей Львовіч Гумілеўскі нарадзіўся ў Мінску ў сям'і народнага скульптара Беларусі Льва Гумілеўскага. Сярэднюю адукацыю набываў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка). Пасля заканчэння школы ў 1981 г. паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе яго выкладчыкамі былі выдатныя дзеячы культуры Г. Мурамцаў, А. Анікейчык, А. Арцімовіч. Пэўны перыяд (1994–1997) малады скульптар стажыраваўся ў творчых майстэрнях Л. Давідзенкі, Л. Гумілеўскага, М. Савіцкага.
Сяргей Гумілеўскі прымае ўдзел у мастацкіх выстаўках яшчэ са студэнцкіх гадоў. У 1990 г. ён быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. У 1990–1996 гг. стварыў шэраг партрэтных і скульптурных кампазіцый «Дабравешчанне», «Ефрасіння Полацкая», «Францыск Скарына», «Малітва», «Коннік», «Кветка-лілея». Свае станковыя і паркавыя скульптуры, манументальныя кампазіцыі, партрэты сучаснікаў, дзеячаў культуры мінуўшчыны С. Гумілеўскі стварае ў рэалістычных традыцыях. Яго працы выкананы з бронзы, граніту, дрэва. Сярод твораў скульптара вылучаеццца помнік Кірылу Тураўскаму ў Гомелі (у суаўтарстве з Л.М. Гумілеўскім і М.Ф. Жлоба, 2004). Свяціцель Кірыла паўстае перад намі натхнённым і строгім, у тонкіх выразных руках ён трымае скрутак, на якім змешчаны тэкст малітвы.
Выдатнай работай стаў надмагільны помнік М. Багдановічу ў Ялце (2003), над якім бацька і сын Гумілеўскія працавалі разам. Бюст са светла-шэрага граніту ўмацаваны на класічнай калоне, побач знаходзіцца валун са словамі легендарнай «Зоркі Венеры»: «Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю». Вобраз знакамітага паэта атрымаўся адначасова і сумным, і прыгожым. Скульптарамі Гумілеўскімі створаны помнікі В. Дуніну-Марцінкевічу (Бабруйск, 2008), Ф. Багушэвічу (Смаргонь, 2009). Плённай была праца Сяргея і Льва Гумілеўскіх над помнікам Я. Купалу на Кутузаўскім праспекце Масквы (2007). Скульптура песняра ўражвае вытанчанасцю: выразная пластыка рук, самапаглыблены і стрыманы погляд. У 2010 г. С. Гумілеўскі ў ліку аўтараў помніка народнаму паэту Беларусі быў удастоены прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.
Сяргей Гумілеўскі, пераймаючы лепшыя скульптурныя традыцыі ў свайго бацькі, стварае работы, вельмі разнастайная па тэматыцы. На працягу многіх гадоў ён звяртаецца да тэмы мацярынства. Тэма жаночай прыгажосці таксама з'яўляецца скразной у яго творчасці. Працы «Зорка Венера» (1984), «Галубка» (1989), «Мацярынства» (1994), «Спрадвечнае» (1996), «Летуценні» (2002), «Юнацтва» (2006) прасякнуты радасцю і чысцінёй. Мастацкая дзейнасць С. Гумілеўскага цесна звязана з Нясвіжам, дзе ў гістарычным парку ўстаноўлены бюсты У. Сыракомлі, Я.М. Бернардоні (абодва 1993). Працягам «нясвіжскай тэмы» стала сумесная праца скульптара з Львом Гумілеўскім над рэльефам-трыпціхам «Сказ аб Нясвіжы» (2006) для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Левая частка трыпціха адлюстроўвае паданне аб стварэнні горада і з'яўленні яго назвы. Правая частка трыпціха – друкарня ў часы Сымона Буднага. На рэльефе прысутнічае постаць Радзівіла Чорнага, пры гаспадаранні якога жыў і працаваў вядомы беларускі друкар. На першым плане цэнтральнай часткі трыпціха – апранутыя ў старажытнае аддзенне трубачы, якія граюць песню аб родным горадзе. У кампазіцыю ўведзены тры трубы, якія сімвалізуюць герб былых уладароў Нясвіжа – Радзівілаў. Дакладна перадаць подых мінулых стагоддзяў скульптарам дапамагло выкарыстанне шматлікіх дакладных гістарычных дэталяў.
У лютым 2012 г. у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі паспяхова прайшла персанальная выстава работ Льва і Сяргея Гумілеўскіх «Шлях да Нясвіжа», на якой былі прадстаўлены больш за 40 работ мастакоў з бронзы, каменю, сілуміну і дрэва.
Творы С.Л. Гумілеўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.