Дата рождения:
25.01.1893 Забелы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
13.10.1962
Краткая справка:
графік, майстар вокладкі і экслібрыса, стваральнік графічнага вобраза новых беларускамоўных часопісаў пачатку ХХ ст., аўтар першага афармлення паэмы "Новая зямля" Я. Коласа (1923)
Имена на других языках:
Гудковский Павел Макарович (русский); Гутковский Павел Макарович (русский);
3241 символ
Справка
Адзін з пачынальнікаў беларускай савецкай графікі Павел Макаравіч Гуткоўскі нарадзіўся ў в. Забелы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў іканапіснай майстэрні П. Курбатава ў Мінску, потым ў Варшаўскай мастацкай школе. Удасканальваў веды ў мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве. Там захапіўся магчымасцямі новых стылёвых кірункаў, сярод якіх найбольшым уплывам адзначаўся канструктывізм. Яго дакладныя абагульненыя, зразумелыя лаканічныя формы мелі рашаючае значэнне на выпрацоўку творчага почырка мастака. Павел Гуткоўскі – аўтар палітычных і агітацыйных плакатаў, жанравых кампазіцый, ілюстрацый да кніг і часопісаў, экслібрысаў. Працаваў у тэхніках лінагравюры, ксілаграфіі, акварэлі, гуашы, малюнка алоўкам і тушшу. Мастак засвоіў традыцыйную для старажытнага беларускага мастацтва тэхніку гравюры на дрэве. З 1921 г. ён удзельнічаў у выстаўках. У 1925 г. прадставіў свае работы на 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўцы, а ў 1928 г. сярод іншых беларускіх мастакоў – на Міжнароднай выстаўцы экслібрыса ў Лос-Анжэлесе. З 1928 г. уваходзіў у аб'яднанне мастакоў «Прамень». Як ілюстратар П. Гуткоўскі ствараў графічныя работы да беларускамоўных часопісаў, такіх як «Малады араты», «Маладняк», дзіцячага часопіса «Зорка», кніг «Першыя крокі» Я. Коласа (1925), «Працавітая дзяўчынка» А. Якімовіча (1959) і інш. Ён аформіў першае выданне паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (1923). На вокладцы ілюстратар змясціў малюнак слуцкага пояса з народным арнаментам, а кожная літара назвы ўспрымаецца ў шматзначным перспектыўным скарачэнні. У куточку змешчана аўтарская манаграма «ПГ». Кожная вокладка сведчыць пра рост творчай актыўнасці і мастацкай арыгінальнасці графіка. Ён спалучаў фігуратыўныя і абстрактныя падыходы з фармальнай кампазіцыяй. Напрыклад, Ф. Скарына намаляваны на фоне белага ромба. Дыяганалі і трохкутнікі характарызуюць дынамічны шлях маладой літаратуры, якая ўвасабляецца таксама ў вобразы маладых дрэў, што растуць на дарозе літаратурнай творчасці побач з разложыстым дубам. Творца быў майстрам не толькі цудоўных вокладак, але і выразных часопісных заставак, валодаў мастацкім шрыфтам, які дапаўняў кожную графічную кампазіцыю. Стыль П. Гуткоўскага настолькі індывідуальны, што яго немагчыма зблытаць з іншымі аўтарамі даваеннага часу. Ён мысліць ясна, кампазіцыйна лаканічна, выяўляе галоўнае пры дапамозе вялікіх фармальных абагульненняў. У партрэце, сюжэтнай і алегарычнай кампазіцыі абавязкова акцэнтуе ўвагу на галоўным, сутнасным, чым уражвае, захапляе. Мастак з'яўляецца аўтарам сюжэтных кампазіцый «Нацюрморт» і «Беларускія сяляне» (1925), «Сыты галоднага не разумее» (1929), шэрага выкананых у розных тэхніках партрэтаў дзеячаў нацыянальнай культуры Я. Купалы (1925), А.К. Сержпутоўскага (1929).Стварыў рамантычныя па характары партрэты – вобразы рэвалюцыянераў У.І. Леніна, Г. Пляханава, К. Лiбкнехта, М. Дыбенкі, А. Чарвякова і інш.
У часы Вялікай Айчыннай вайны П. Гуткоўскі заставаўся на акупіраванай немцамі тэрыторыі. У 1944 г. быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, у 1956 г. рэабілітаваны. Мастак пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. Кожная праца ўяўляе вялікую мастацкую каштоўнасць, напоўненая нацыянальным зместам.