Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі – вядучы харэаграфічны калектыў нашай краіны. Яго выступленні вызначаюцца тонкасцю выканання, разнастайнасцю рэпертуару, багаццем харэаграфічнага малюнка. Больш за чвэрць стагоддзя мастацкім кіраўніком ансамбля з’яўляецца Валянцін Уладзіміравіч Дудкевіч – двойчы лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1998, 2002), чалавек незвычайнай творчай фантазіі, высокага інтэлекту і тонкага мастацкага густу. Менавіта яму ўдалося адрадзіць ансамбль і вярнуць яго былую славу.
Нарадзіўся В. Дудкевіч у Магілёве. Танцамі пачаў займацца з васьмі гадоў. У 1961 г. скончыў Беларускае харэаграфічнае вучылішча і стаў артыстам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета БССР. З 1969 г. пачаў працаваць педагогам-рэпетытарам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і мастацкім кіраўніком канцэртна-эстраднага бюро Беларускай філармоніі. Работа на эстрадзе дала пэўнае задавальненне: захаплялі паездкі, вялікія сцэны, сустрэчы з гледачамі. Каб удасканаліць веды паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1981 г., потым вучыўся ў аспірантуры Інстытута этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Стажыраваўся ў Маскве і Парыжы. У 1986 г. В. Дудкевіч атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. У гэтым жа годзе быў прызначаны мастацкім кіраўніком – дырэктарам Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Пачалася работа па адраджэнні калектыву, пошуку рэпертуару. Новы кіраўнік адразу стварыў захапляючыя аўдыторыю канцэртныя прадстаўленні – арыгінальныя, непаўторныя, запамінальныя. Шмат гадоў В. Дудкевіч быў пастаноўшчыкам гала-канцэртаў на Славянскім базары ў Віцебску, рэжысёрам навагодніх прадстаўленняў для галоўнай ёлкі краіны.
Веданне беларускага танцавальнага фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вялікі творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі В. Дудкевічу плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі народнага харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак вылучаліся канцэртныя праграмы “Свята”, “Карагод сяброў”, “Вечар памяці С. Дрэчына”, беларускія народныя танцы “Кола”, “Бульба”, “Кадрыля на зэдліках”, “Вясковыя гульні”, “Каляды”, “Арэлі”, “Церніца”, “Вечарына”, “Спеў дубраў”, “Кабеты і жаўнеры”. Валянцін Дудкевіч паставіў танцавальныя мініяцюры, звязаныя з гістарычным мінулым Беларусі, – “Ефрасіння”, “Барбара”, “Легенда Нясвіжа” і іншыя, створаныя ў жанры фольк-балета. Рэпертуар ансамбля ўпрыгожваюць такія харэаграфічныя кампазіцыі, як “Крывічы”, “Дайнова”, “Люцічы”, якія склалі новы кірунак дзейнасці калектыву – асучасненае этна, заснаванае на глыбокай старажытнасці. У пастаноўках апошніх гадоў (“Лянок”, “Вяселле”, “Праводзіла салдаціка” і інш.) В. Дудкевіч выкарыстоўвае сюжэты з сённяшняга жыцця, насычаючы іх сучаснымі рытмамі і гармоніяй. Ён імкнецца зацікавіць моладзь і працуе над стварэннем сучаснага беларускага танца.
Пры ўсёй яскравасці, дынамічнасці, нават пэўнай экстравагантнасці шэрагу кампазіцый, створаных В. Дудкевічам за дзесяцігоддзі працы, заўважана, што галоўнае месца ў яго харэаграфіі займае лірыка ў самых розных формах і праявах. На пачэсным месцы заўсёды знаходзяцца тэмы кахання і любові да роднага краю, непаўторнага хараства прыроды, жаночай прыгажосці як сімвалу ўсяго лепшага ў жыцці. Таму і нагадваюць прыдуманыя майстрам варыяцыі, дуэты, танцы сапраўдныя лірычныя паэмы.
Выразнае, яркае ажыццяўленне пастановак стала магчымым дзякуючы таленавітай, высокапрафесійнай трупе, якую сфарміраваў В. Дудкевіч. Артысты ансамбля шмат выступаюць у Беларусі і неаднойчы з нязменным поспехам дэманстравалі сваё майстэрства за мяжой. Яны пабывалі ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі, першымі з беларускіх выканаўцаў выступалі ў канцэртнай зале “Алімпія” ў Парыжы. Ім апладзіравалі на спаборніцтвах “Формулы-1” у Монтэ Карла (Манака). Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі – адзін са знакавых брэндаў, па якім нашу краіну пазнаюць у свеце. У 1999 г. ён атрымаў ганаровае званне “Заслужаны калектыў Беларусі”, у гэтым жа годзе кіраўнік ансамбля В. Дудкевіч стаў народным артыстам Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.