Эдуард Іосіфавіч Збароўскі нарадзіўся ў в. Ліхаўня Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1955 г. скончыў Цешкаўскую сярэднюю школу, потым вучыўся ў Мазырскім медыцынскім вучылішчы. У 1961 г. стаў студэнтам лячэбнага факультэта Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). З 1967 г. працаваў у ім малодшым навуковым супрацоўнікам, урачом-кардыёлагам, навуковым супрацоўнікам кафедры факультэцкай тэрапіі. У 1971 г. стаў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі кібернетычных метадаў дыягностыкі і біякіравання, на базе якой у 1977 г. была арганізавана першая ў Рэспубліцы Беларусь установа па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў (Бел НДІ кардыялогіі). У 1972 г. Э.І. Збароўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Методические аспекты оценки состояния артериальных сосудов при гипертонической болезни и атеросклерозе», у 1984 г. – доктарскую «Распространенность и методические аспекты первичной профилактики ишемической болезни сердца в популяции мужчин с учетом индивидуальных особенностей организма». Некаторы час (да мая 1986 г.) ён з'яўляўся намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і адначасова загадчыкам лабараторыі сацыяльнай і прафілактычнай кардыялогіі ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце кардыялогіі, праз два гады стаў прафесарам. З 1986 да 1998 г. займаў пасаду дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў (Бел НДІЭПІ, цяпер Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі). Адначасова ў 1991–1998 гг. кіраваў Рэспубліканскімі навукова-тэхнічнымі праграмамі па рэабілітацыі інвалідаў. З 1999 г. з'яўляецца прафесарам Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе вучоны арганізаваў і ўзначаліў там кафедру сацыяльнай работы.
Навуковая дзейнасць Э.І. Збароўскага прысвечана прафілактыцы і папярэджанню сардэчна-сасудзістых і іншых неінфекцыйных хвароб, распрацоўцы прыбораў і метадаў ацэнкі функцыянальнага стану кардыярэспіраторнай сістэмы і сістэмы рэабілітацыі хворых і інвалідаў. Пад кіраўніцтвам вучонага выканана першая рэспубліканская навукова-тэхнічная праграма «Рэабілітацыя» (1991–1995), праведзены кантроль становішча здароў'я механізатараў Нараўлянскага раёна ў першыя гады пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ён з'яўляецца аўтарам больш за 300 навуковых работ, у тым ліку некалькіх манаграфій, дапаможнікаў, шэрага брашур і вынаходстваў. Сярод асноўных прац – «Пути профилактики ишемической болезни сердца» (1981), «Как уберечь себя от гипертонической болезни» (2018); дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў «Крыж памяці героям вайны і вёсцы» (2007), «Этика здоровья: ценности социальной работы» (2011), «Социальная работа: введение в специальность» і «Сям'ёю квеціцца зямля: дыдактыка сучасных сямейных адносін»(2015). У суаўтарстве напісаны работы «Ранняя инструментальная диагностика гипертонической болезни и атеросклероза» (1973), «Как уберечь себя от гипертонии» (1976, 2-е выд. 1989), «Подходы к интегральной профилактике неинфекционных заболеваний в Республике Беларусь» (1999), «Возможности оценки и снижения риска неинфекционных заболеваний» (2000). Вучоны з'яўляецца таксама аўтарам празаічных мастацкіх твораў, вершаў, артыкулаў, якія ўвайшлі ў кнігі «Поиску истины жизнь посвяти» (1997), «Гаючая памяць продкаў» (1999), «Да ісціны і веры» (2000), «Таямніцы шчасця» (2002), «Чалавекам быць» (2003), «Ствары сябе, чалавек (2007), «Исцеление, или Сотвори себя» (2010), «Чарнобыльскія пантэоны: сны і явы» (2012) і інш.
Актыўны ўдзел прымае Э.І. Звароўскі ў грамадскай дзейнасці. Ён галоўны спецыяліст Міністэрсва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па агульнанацыянальнай праграме інтэграванай прафілактыкі неінфекцыйных хвароб, якая каардынуецца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. З'яўляецца членам Міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, старшынёй Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па прафілактыцы неінфекцыйных хвароб пры Савеце па супрацоўніцтве ў вобласці аховы здароў'я краін СНД, уваходзіць у беларускую асацыяцыю сацыяльных працаўнікоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.