Нарадзіўся Міхаіл Аўрамавіч у в. Халіпы Горацкага раёна (зараз Дрыбінскі раён), але свой лёс звязаў з сонечным краем, пражыўшы ў Крыме больш за трыццаць гадоў. Закончыў Карэбскую “сямігодку”, у 1952 г. паступіў у Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча, якое праз два гады было расфарміравана, таму давялося заканчваць Крычаўскае педвучылішча (1956). У 1961 г. М. Казакоў скончыў філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. З 1961 г. па 1964 г. настаўнічаў, быў дырэктарам Галабоўскай васьмігадовай школы ў родным раёне.
У 1964 г. пераехаў у Крым, дзе працаваў у рэдакцыі сакскай раённай газеты “Красное знамя” спачатку карэктарам, адказным сакратаром, потым намеснікам галоўнага рэдактара. У 1970–1972 гг. быў слухачом Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК Кампартыі Украіны. Пасля яе заканчэння – адказны сакратар, а ў 1974 г. – намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты “Курортная газета” (цяпер “Крымская газета”), што выходзіць у Ялце.
Пісаць будучы паэт пачаў яшчэ ў гады вучобы. Любоў да роднай зямлі, адзінства чалавека і прыроды – асноўныя матывы яго твораў. Першыя вершы апублікаваў на рускай мове на старонках крычаўскай раённай газеты “Шлях сацыялізму” ў 1956 г., а ўпершыню ў беларускім рэспубліканскім друку выступіў у 1958 г. Паэзія вынікала з індывідуальнай своеасаблівасці асобы Міхася Казакова, адказнай, дысцыплінаванай. Ён шліфаваў радок, абыгрываў сітуацыю, ствараючы ў творах атмасферу захопленасці, ажыццяўляючы сімбіёз кампанентаў – пазнавальнага, выхаваўчага, эстэтычнага.
Першае знаёмства з Крымам у М. Казакова адбылося ў 1959 г., калі ён прыехаў да сястры на час летніх вакацый. На вучобу ў інстытут 1 верасня з’явіўся з нізкай вершаў. У Крыму ён закахаўся, аб гэтым сведчыў верш “Крымчанка”. Гэта Крымчанка і стала спадарожніцай жыцця паэта.
Міхась Казакоў – лірык, які адрозніваецца адметнасцю індывідуальнага стылю. Яго паэзія авеяна духам рамантычнай задуменнасці, шчырасцю і цеплынёй інтанацыі. Лірычны герой яго кніг выклікае сімпатыю. М. Казакоў жыў і працаваў далёка ад родных мясцін, але вобраз роднай сэрцу Беларусі праходзіў праз усю яго літаратурную дзейнасць. Яго вершы – прызнанне лірычнага героя ў любві да Радзімы, прысяга на вернасць бацькоўскім запаветам. У М. Казакова шмат цікавых вершаў-уражанняў. Змест многіх гаворыць пра тое, што піша іх чалавек, які жыве далёка ад Радзімы, але сэрцам ён з ёю. Пра гэта вершы “Журавель”, “Сумёты”, “Бярозавыя коні”, “У адпачынку”, “Восеньскае” і інш.
У Крыме паэту было светла “ад песень Багдановіча”, хаця клікалі дадому бярозы дзяцінства, клікала лета, дзе на косах “дагарала зара”, дзе блакітным усплёскам лён. Нават адкат чарнаморскай хвалі напамінае плёсы – берагі роднай магілёўскай ракі Проні, дзе белізна Магілёўшчыны, як вясельная сукенка, дзе вербы, быццам дзяўчаты зайшлі па калена ў раку.
Шырока адлюстравана ў творчасці М. Казакова трагічнае мінулае беларускага народа – барацьба з фашызмам. І гэта зразумела. Паэт – дзіця вайны, перажыў нягоды і пакуты тых цяжкіх ваенных гадоў. Родная Беларусь, дзе загінуў кожны чацвёрты жыхар, увайшла ў вершы М. Казакова калакольным рыданнем Хатыні, гераічнымі здзяйсненнямі народа. Аб гэтым ён апавядае ў вершах “Бацьку”, “Плошча ля ваенкамата”, “Вочы” і інш.
Славянская супольнасць, духоўнасць як вышэйшая мэта чалавека – вось няпоўны пералік тэм, якія хвалявалі М. Казакова. Ён радаваўся добрай вестачцы з Беларусі, гасцінна сустракаў беларусаў, якія прыязджалі ў Крым. Беларускія пісьменнікі, якім даводзілася адпачываць у Ялцінскім Доме творчасці, сустракаліся з М. Казаковым і называлі яго паўпрэдам беларускай літаратуры ў Крыме.
Украіна і Беларусь – гэта асобная тэма ў жыцці паэта. Крымчанам вядома, як шмат зрабіў М. Казакоў для развіцця культуры, літаратуры ўкраінскага народа. Ён прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Крымскай аўтаноміі. З’яўляўся членам праўлення Саюза пісьменнікаў Крыма, членам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства Крыма, камітэта па прэміях Аўтаномнай Рэспублікі Крым, кіраўніком Ялцінскага гарадскога літаратурнага аб’яднання. Член Саюза пісьменнікаў Украіны з 1984 г.
Пісаў паэт па-беларуску і па-руску. Ён аўтар дзесяці зборнікаў вершаў, выдадзеных у Мінску (“Млечны шлях”, “Родныя гарызонты”, “Вянок васільковы”), Кіеве (“Сем калодзезяў”, “На нашай, на сваёй зямлі”), Маскве (“Зямное прыцягненне”), Крыме (“Вечная крыніца”, “Аўтограф”, “Сілуэты Крыма”, “Горыч палыну”), суаўтарам калектыўнага зборніка “Светлая туга Беларусі”. Многія вершы паэта пакладзены на музыку і атрымалі ўсеагульнае прызнанне, сталі папулярнымі песнямі на Украіне, Беларусі, Расіі: “Край мой бярозавы”, “Сябры”, “Будто корни ивы” і іншыя.
М. Казакоў зарэкамендаваў сябе адораным перакладчыкам на беларускую мову ўкраінскіх паэтаў Л. Дзмітэркі, П. Глазавога, Д. Каненкі, Л. Забашты. У сваю чаргу вершы М. Казакова перакладалі на ўкраінскую мову Л. Татарэнка, А. Доўгій, А. Матвіенка, Д. Каненка.
Сваю апошнюю паэтычную кніжку “Любоў зямная” паэт прысвяціў сваёй жонцы. У ёй змешчаны пераклады твораў на рускую мову беларускіх пісьменнікаў – П. Панчанкі, С. Грахоўскага, С. Гаўрусёва, П. Прыходзькі, М. Аўрамчыка, А. Пысіна.
М. Казакоў – лаўрэат прэміі імя Максіма Багдановіча Крымскага рэспубліканскага фонду культуры, літаратурнай прэміі імя Антона Чэхава.
Паэт годна прайшоў сваю дарогу жыцця, пакінуўшы адметны след на зямлі, і прыйдзе час, калі ўкраінская грамадскасць назаве ў гонар паэта вуліцу ў Ялце, ці дасць назву школе, дзе ён часта выступаў.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.