Багаццем мелодыкі, лірызмам, натуральнасцю і прастатой інтанацый, разнастайнасцю аркестравых фарбаў і гукавой палітры – менавіта гэтым, па меркаванні музычных крытыкаў, прываблівае слухачоў творчасць кампазітара, ваеннага дырыжора, заслужанага дзеяча культуры Беларусі і заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі – Эдуарда Ашэравіча Казачкова.
Нарадзіўся будучы кампазітар 5 кастрычніка 1933 г. у Гомелі. Тут жа атрымаў першапачатковую адукацыю. У 13 год паступіў у Свярдлоўскую школу музыкантскіх выхаванцаў. У выкананні палкавога духавога аркестра, выхаванцам якога ён быў, прагучалі першыя сачыненні юнага кампазітара. Пасля заканчэння ў 1957 г. Інстытута ваенных дырыжораў у Маскве быў размеркаваны на працу ў г. Гродна. Творчасць ваеннага дырыжора Э. Казачкоў удала сумяшчаў з выкладчыцкай працай у музычным вучылішчы (1962–1967). Потым паступіў на вучобу ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас кампазіцыі А. В. Багатырова. Дыпломная работа – сімфонія “Памяці Веры Харужай” (1967) – стала першым буйным творам маладога кампазітара. Сярод яго інструментальных твораў вядомасць набылі таксама Саната для скрыпкі і фартэпіяна, Струнны квартэт. Кампазітар спрабаваў працаваць у жанры кантаты (“Мая Беларусь, 1967), ствараў музыку для духавога аркестра (“Беларуская мазаіка, 1972).
У 1968–1973 гг. Э. А. Казачкоў знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў якасці ваеннага дырыжора Групы савецкіх войск у Чэхіі. Потым яго перавялі ў Хабараўск, дзе да 1987 г. ён працаваў начальнікам ваенна-аркестравай службы, адначасова ўзначальваючы праўленне Далёка-усходняй арганізацыі Саюза кампазітараў Расіі. Тут, на Далёкім Усходзе, у творчасці кампазітара з’явіліся новыя тэмы, навеяныя свежымі жыццёвымі ўражаннямі: сюіта “Таёжны аўтограф” (1978) пра будаўнікоў БАМа, уверцюры для сімфанічнага аркестра “Партызаны Прыамур’я” (1975), “Маладзёжная” (1977) і інш. У гэты ж перыяд Э. А. Казачкоў працягваў засваенне жанраў вакальна-сімфанічнай музыкі, пісаў творы для духавых інструментаў: Канцэртнае скерца, Святочная ўверцюра (1983), Святочны марш (1986). Цэнтрам яго мастацкіх інтарэсаў сталі араторыя, кантата, сюіта і паэма. Вакальна-сімфанічныя творы і кантаты кампазітара карысталіся пастаянным поспехам у слухачоў, некаторыя з іх паспяхова ўдзельнічалі ў музычных конкурсах.
Э. А. Казачкоў плённа працаваў таксама ў галіне харавой музыкі і оперным жанры. Тэмы роднага краю, любові да Радзімы, да роднай прыроды вызначылі мастацкі свет многіх яго харавых твораў. Не засталіся па-за ўвагай кампазітара і дзеці. Ім былі адрасаваны шматлікія оперы, музычныя камедыі і казкі, прасякнутыя шчырасцю, вобразнасцю і даверлівым тонам (“Медвежонок”, “Чудище и царь”, 1980; “Элли и её друзья”, 1981; “Волшебная утка”, 1985). З’явіліся творы ў жанры сімфанічнай, камерна-інструментальнай музыкі (Струнны канцэрт № 2, 1976; цыкл фартэпіянных мініяцюр, 1978), а таксама песні, якія вылучаліся меладычнасцю і яскравай вобразнасцю (“Дальневосточный округ боевой”, “Мілы сэрцу край”, “Урачыстая песня і інш.).
У 1987 г. Эдуард Ашэравіч вярнуўся на радзіму, дзе, можна сказаць, пачаўся “другі беларускі перыяд” яго творчасці. Ен пісаў шмат твораў для дзяцей і юнацтва: у супрацоўніцтве з паэтам В. Жуковічам ім была напісана дзіцячая опера “Пра тое, што было” (1991) і музычная казка “Два Маразы” (1992). Інтэнсіўна працаваў у жанрах харавой музыкі, звярнуўся і да народнага інструментарыя (канцэртная фантазія “Вяснянка” для дуэта цымбалаў і духавога аркестра, 1991).
У 1994 г. Э. А. Казачкоў эмігрыраваў у Ізраіль. У лютым 2002 г. па ініцыятыве беларускага зямляцтва ў г. Ашдод (Ізраіль) быў створаны творчы калектыў “Осэ шалом” (“Творю мир”), які ўзначаліў Эдуард Ашэравіч. Калектыў двойчы стаў лаўрэатам Усеізраільскага фестывалю “Фронтовики, наденьте ордена”, лаўрэатам Усеізраільскага фестывалю песні на ідзіш, прысвечанага 150-годдзю пісьменніка Шолам-Алейхема (2009).
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.