Дата рождения: 20.02.1953
Краткая справка: артыстка оперы (лірыка-драматычнае сапрана), заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990)
Имена на других языках: Костенко Наталья Яковлевна (русский);
Наталля Якаўлеўна Кастэнка нарадзілася ў Туапсэ Краснадарскага краю (Расія). У 1979 г. закончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю (клас А. Абразцовай). У 1981–2003 гг. была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. З 2003 г. працавала па кантракце за мяжой. Наталля Кастэнка валодае прыгожым голасам шырокага дыяпазону, выразнасцю вакальнай інтанацыі. Голас спявачкі здольны перадаць засмучэнне, надзею, сум, журбу, роздум, трапятлівасць кахання і роспач, узлёты чалавечай душы да зіхоткіх вяршынь шчасця і падзенні ў бездань гора і адчаю. Ён стварае вакол сябе свет прыгажосці і гармоніі. Наталля Кастэнка адна з самых яркіх зорак у сузор'і беларускіх оперных спевакоў. Удзел артысткі ў спектаклі сведчыць аб яго высокім ўзроўні. Рэдка даводзіцца сустракаць такую інтэнсіўнасць пражывання кожнай хвіліны сцэнічнага жыцця, як у Н. Кастэнка, такі напал пачуццяў і такую гранічную шчырасць, калі ўсе перамены эмоцый, іх змены і спалучэнні адчувальныя для гледача. Артыстка прызнаецца, што сцэна для яе – крыніца творчага ўздыму, натхнення, без яе немагчыма існаванне наогул. Спявачцы дарагія ўсе ролі, якія яна выконвала.
З вобразаў, створаных Н. Кастэнка, вылучаецца Надзея Яноўская з оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана паводле аповесці У. Караткевіча, адзначанай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1990 г. Опера з'яўляецца адным з лепшых нацыянальных музычна-тэатральных твораў. Вобраз Надзеі – адзіны жаночы ў спектаклі, складаны, супярэчлівы, ва ўзаемасувязі з якім усе астатнія персанажы раскрываюцца ва ўсёй паўнаце сваёй чалавечай натуры. Ён вызначаецца не толькі дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, адзінствам вакальных і артыстычных характарыстык, але і рэдкай абагульненасцю, маштабнасцю. Надзея Яноўская ў выкананні Н. Кастэнка – гераіня паэтычна-летуценная, пяшчотная, якая разам з тым мае спакутаваную душу, прыгнечаную сапраўднымі і ўяўнымі страхамі, цяжкім грузам вечнага пракляцця. Наталля Кастэнка іграе ролю сваёй гераіні з вялікай выразнасцю, глыбінёй і разнастайнасцю інтанацый. Яе духоўнае аблічча вельмі дакладна адлюстроўвае нацыянальны характар беларусаў і такім чынам вобраз набывае сімвалічнае гучанне.
Вельмі складанай у вакальных адносінах была роля Наташы Растовай у манументальнай, эпічнай рабоце тэатра – оперы «Вайна і мір» С. Пракоф'ева (1985). Опера пастаўлена настолькі псіхалагічна дакладна, выразна і ўзрушальна, што гэта надавала выканаўцам дадатковы эмацыянальны імпульс. Партыя Наташы прасякнута меладычным багаццем і натхнёнасцю, адкрытай эмацыянальнасцю музыкі, якая патрабуе прыгожага гучання голасу і тонкай нюансіроўкі выканання. Менавіта гэтыя якасці ўласцівыя Н. Кастэнка. Наташа Растова ў яе выкананні не толькі любімая талстоўская гераіня, абаяльная і чароўная. Вобраз перарастае ўласнае значэнне і робіцца амаль сімвалам рускай жанчыны, наогул Расіі, таго лепшага і неацэннага, што і трэба ратаваць ад варожага нашэсця.
У оперы «Чароўная флейта» В.А. Моцарта (1987) Н. Кастэнка стварыла вобраз Паміны. У ім поўна праявіўся яе лірыка-драматычны талент. Шчырасць выказвання, чысціня гуку, пяшчотныя каларатуры, паэтычнасць і грацыя, уласцівыя Н. Кастэнка, выклікалі ўсхваляваную рэакцыю залы. У оперы «Кармэн» Ж. Бізэ (1990) актрыса сыграла Мікаэлу, якая стала адным з ключавых персанажаў спектакля. І ў акцёрскім, і ў вакальным выкананні спявачкай знойдзены разнастайныя інтанацыі, унутраная напоўненасць фразы, адчуванне лініі развіцця вобраза, дзякуючы чаму дасягнута вялікая мера яго індывідуалізацыі. У партыю сваёй гераіні выканаўца ўкладвала вялікі эмацыянальны пачатак і дынамізм. Вобраз Мікаэлы набывае глыбока сімвалічнае значэнне, увасабляючы душэўную чысціню, самаахвярнасць і веліч.
Наталля Кастэнка стварыла ў операх класічнага і сучаснага рэпертуару шэраг такіх запамінальных вобразаў, як Маргарыта («Майстар і Маргарыта» Я. Глебава), Антонія («Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха), Антаніда («Іван Сусанін» М. Глінкі), Джыльда, Віялета, Амелія, Аіда («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж. Вердзі), мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж. Пучыні),
Маргарыта («Фаўст» Ш. Гуно), Серпіна («Служанка-пані» Дж. Пергалезі), Марфа («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава) і шмат іншых. На камернай сцэне спявачка выканала монаоперу «Чалавечы голас» Ф. Пуленка (1986), а таксама партыі саліруючага сапрана ў рэквіемах Дж. Вердзі і В.А. Моцарта, ва «Урачыстай месе» Л. Бетховена і інш.
Дзякуючы адметнаму таленту, выразнаму голасу, яркім артыстычным здольнасцям Н. Кастэнка стала адной з самых вядомых выканаўцаў беларускай опернай сцэны, творчасць якой узбагаціла культурнае жыццё краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.