Беларускі вучоны ў галіне клінічнай хірургіі Сяргей Іванавіч Леановіч нарадзіўся ў в. Мітрапольшчына Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1955 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў у Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. З 1957 па 1960 г. працаваў загадчыкам Душкаўскім, а затым Скробаўскім фельчарска-акушэрскімі пунктамі Баранавіцкага раёна. У 1960 г. стаў студэнтам лячэбнага факультэта Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, які скончыў у 1966 г. Загадваў аддзяленнем курсаў удасканальвання сярэдніх медыцынскіх работнікаў Пінскага медыцынскага вучылішча. З 1967 па 1972 г. быў дырэктарам вучылішча і ардынатарам-хірургам Пінскай гарадской бальніцы. З кастрычніка 1972 г. па кастрычнік 1978 г. С. І. Леановіч загадваў Рэспубліканскім метадычным кабінетам па сярэдняй медыцынскай адукацыі Міністэрства аховы здароўя БССР і адначасова працаваў урачом-хірургам 4-й Мінскай гарадской клінічнай бальніцы. З кастрычніка 1978 г. па ліпень 1979 г. ён кіраваў аддзяленнем экстраннай хірургіі гэтай бальніцы. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1979 г. выкладаў на кафедры факультэцкай хірургіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Увесь далейшы працоўны шлях С. І. Леановіча непарыўна звязаны з гэтай установай. У 1982 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Диагностика и лечение острого панкреатита», а ў 1996 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Диагностика и лечение хронического панкреатита». Са жніўня 1979 г. па кастрычнік 1986 г. С. І. Леановіч працаваў асістэнтам, з кастрычніка 1986 г. дацэнтам і з 1992 па 2004 г. загадчыкам 1-й кафедры хірургічных хвароб універсітэта (да 2012 г. з'яўляўся прафесарам). На працягу 1986–1998 гг. С. І. Леановіч (адначасова з работай на кафедры) быў галоўным хірургам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 1997 г. яму прысвоена званне прафесара. У 1998 г. стаў заслужаным урачом Беларусі.
Асноўны напрамак навукова-даследчай дзейнасці С. І. Леановіча – вывучэнне праблемы захворванняў падстраўнікавай залозы, своечасовая дыягностыка, прафілактыка і лячэнне. Ён быў нязменным навуковым кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Хірургічная панкрэаталогія». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны крытэрыі ацэнкі і прагназавання цяжкасці вострага панкрэатыту; прыменены новыя спосабы комплекснага лячэння гэтай паталогіі; укаранёны шэраг арыгінальных аператыўных умяшанняў пры вострым і хранічным панкрэатыце. Таксама былі распрацаваны новыя метады лячэння гнойна-запаленчых захворванняў лёгкіх і плеўры; уведзены ў практыку рэзекцыя і пластыка трахеі; вывучаны стан і шляхі рашэння праблемы гастрадуадэнальных крывацёкаў; атрымала развіццё хірургічнае лячэнне пухлін наднырачнікаў; палепшаны спосабы хірургічнага лячэння ўскладненняў цукровага дыябету.
Вучоны ўнёс вялікі ўклад у развіццё хірургіі ў краіне. Ім апублікавана больш за 400 навуковых работ, 10 манаграфій, 4 падручнікi па хірургіі, 24 метадычныя рэкамендацыі. Сярод іх – «Клиническая хирургия» (разам з М.І. Батвінковым, М.М. Іаскевічам, 1998), «Желчнокаменная болезнь. Острый и хронический калькулезный холецистит» (разам з А.І. Пратасевічам, 2004), «Сестринское дело в хирургии» (разам з Л.І. Колбам, Е.Л. Колб, 2007), «Медицина катастроф и чрезвычайных ситуаций» (разам з Л.І. Колбам, І.І. Леановічам, 2008), «Общая хирургия» (разам з Л.І. Колбам, І.В. Яромічам, 2008), «Хирургия рубцовых стенозов трахеи и трахеопищеводных свищей» (разам з А.А. Татурам, 2010) і інш. Сяргей Іванавіч атрымаў 21 пасведчанне на рацыяналізатарскія прапановы, 6 патэнтаў на вынаходствы і 9 прыярытэтных даведак на вынаходствы. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронены 3 доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый.
Сяргей Іванавіч Леановіч з’яўляўся старшынёй Беларускай асацыяцыі хірургаў, членам Праўлення Міжнароднай асацыяцыі хірургаў імя М.І. Пірагова, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці, акадэмікам Міжнароднай акадэміі кіраўніцкіх навук. За поспехі ў рабоце ён неаднаразова адзначаўся загадамі міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і рэктара БДМУ. Узнагароджаны ордэнамі Пашаны, Свяціцеля Кірыла Тураўскага, медалямі, значком «Выдатнік аховы здароўя», граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.