Нарадзіўся Леанід Кірэевіч, сапраўднае прозвішча якога Лявонаў, у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Служыў на Балтыйскім флоце. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў, у газетах “Знамя юности”, “Сельская газета”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Нёман”, “Полымя”, на Беларускім тэлебачанні, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ужо больш за дваццаць гадоў жыве на Вілейшчыне, у вёсцы Пятрылава, піша кнігі, займаецца пчалярствам.
Упершыню ў друку Л. Левановіч выступіў з апавяданнем “Русакова дарога” ў 1963 г., але пэўнае прызнанне спачатку атрымаў як нарысіст, аўтар зборніка “Зялёны трохкутнік” (1973), у якім былі змешчаны нарысы, напісаныя ім у 1968–1970 гг. У 1976 г. выйшла першая мастацкая кніга Л. Левановіча “Мадонна з кветкаю”, якая ўключала каля двух дзесяткаў апавяданняў пра нашых сучаснікаў, людзей самых розных прафесій. У сваю другую кнігу “Якар надзеі” (1979) пісьменнік, акрамя пяці рознатэматычных апавяданняў, уключыў аповесць з флоцкага жыцця “Прызнанне”, напісаную ў не вельмі частай у беларускай літаратуры эпісталярнай форме. Пасля з’явілася яго аповесць “Валанцёр свабоды”, у аснову якой пакладзены пакручасты жыццёвы лёс беларуса Ф. Варанішчы, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У 1983 г. гэта аповесць разам з некалькімі апавяданнямі выйшла асобным выданнем.
У канцы 90-х гадоў Л. Левановіч апублікаваў яшчэ два зборнікі “Вяртанне ў радыяцыю” і “Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста”. У першым знайшла адлюстраванне тэма Чарнобыля, асабліва балючая для пісьменніка, бо ў зоне радыяцыі апынулася яго родная вёска. Другі зборнік “Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста”, акрамя аповесці, якая дала яму назву, змясціў некалькі п’ес пісьменніка на тэму калгаснай вёскі і гераічную хроніку “Павел і Хуаніта”, адзначаную на конкурсе драматычных твораў “Чалавек і час” прэміяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. За зборнік Л. Левановічу ў 1999 г. была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа.
У 2005 г. у свет выйшла яго кніжка “Усмешлівая Амерыка”. У яе аўтар уключыў аповеды і эсэ, напісаныя пад уражаннем наведвання Амерыкі, Парыжа, якія важка дапаўняў “Бостанскі дзённік”, а таксама апавяданні розных гадоў, эсэ пра выдатных беларусаў, цыкл аповесцей-былей, прысвечаных нашым землякам, якія жывуць за мяжой.
У творчасці Л. Левановіча асабліва вылучаецца эпічны цыкл, працу над якім ён пачаў яшчэ ў 1976 г. У выніку яе нарадзіліся раманы “Шчыглы” (1986), “Паводка сярод зімы” (1989), “Дзікая ружа” (1993), “Сіняе лета” (1998, часопісная публікацыя), “Бесядзь цячэ ў акіян” (2003, часопісная публікацыя, прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2005), “Палыновы вецер” (2006, часопісная публікацыя). У цэнтры эпапеі лёс вялікай сям’і Сахутаў, знаёмае да дробязей жыццё роднага Прыбяседдзя ў розныя гістарычныя моманты: у час нямецка-фашысцкай акупацыі (“Шчыглы”), у гады пасляваеннага аднаўлення (“Паводка сярод зімы”), у год смерці Сталіна (“Дзікая ружа”), гады хрушчоўскай адлігі, калі адбылася сапраўды эпахальная падзея – палёт чалавека ў космас (“Сіняе лета”); у 80-я гады, якія называюць застойнымі, але і ў якія людзі сябравалі, любілі, выхоўвалі дзяцей, хадзілі на працу, адным словам, проста жылі (“Бесядзь цячэ ў акіян”); і ў 90-я гады, калі многае змянілася не толькі ў палітычным жыцці краіны, але і ў людзях (“Палыновы вецер”). Падзеі твораў разгортваюцца як у глыбінных Хатынічах, так і ў раённым і абласным цэнтры, у сталіцы. Сярод герояў твораў – вяскоўцы, партыйныя дзеячы, настаўнікі, лесаводы, тэлежурналісты. Пастаянным персанажам усіх раманаў з’яўляецца Андрэй Сахута. У “Шчыглах” ён яшчэ шасцігадовы хлопчык, а пасля падлетак, юнак, які ўступіў у камсамол у дзень смерці Сталіна, стаў камсамольскім лідэрам. У 1991 г., пасля путча ў Маскве, перад ім, сакратаром абкома партыі па ідэалогіі, як і перад іншымі героямі эпапеі паўстаюць пытанні: “Што далей?”, “Як жыць?” і самае балючае – “Чаму рухнула гэткая магутная дзяржава?”. У сваіх творах Л. Левановіч не замахваецца на паказ вялікасных гістарычных падзей, але водгулле іх адчуваецца ў кожным творы эпапеі, вызначае лёсы яго герояў. Пісьменнік рэалістычна малюе прыметы часу, уносіць нямала штрыхоў, якія праўдзіва адлюстроўваюць рэчаіснасць вызначаных гістарычных перыядаў. Своеасаблівымі дакументальнымі дадаткамі раманаў з’яўляюцца не звязаныя з мастацкім тэкстам, але ўключаныя ў раманную структуру вытрымкі з перапіскі Сталіна, Чэрчыля, Рузвельта, Трумэна, тагачасных паведамленняў ТАСС і БЕЛТА, якія прывязваюць дзеянне твораў да пэўнага часу, пашыраюць іх інфармацыйную прастору.
Сваёй эпапеі Л. Левановіч аддаў звыш трох дзесяцігоддзяў творчага жыцця. І хочацца спадзявацца, што канчатковая кропка ў ёй яшчэ не пастаўлена.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.