Канстанцін Іванавіч Лосеў нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія). У 1957 г. закончыў Маскоўскую кансерваторыю. Творчую дзейнасць пачаў салістам Горкаўскага тэатра оперы і балета (1957–1965). Сярод партый: Фігара ў «Севільскім цырульніку» Дж. Расіні, Анегін і Ялецкі ў операх «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, Павел Уласаў у оперы «Маці» Ц. Хрэннікава. З 1965 г. працаваў у Арзамаскім музычна-драматычным тэатры і Адэскім тэатры аперэты. У 1970–1993 гг. з'яўляўся салістам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. Артыст быў актыўна заняты ў рэпертуары тэатра. У спектаклі «Палымяная скрыпка» (1972) паводле музычных твораў І. Кальмана, які быў свайго роду данінай памяці кампазітару і адлюстроўваў біяграфічную канву і асноўныя этапы яго творчасці, К. Лосеў бліскуча ўвасобіў галоўную мужчынскую ролю – самога славутага кампазітара. Цэласнае вакальна-сцэнічнае ўражанне пакінуў спявак у ролі студэнта-гісторыка Валодзі ў неардынарным, нават эксперыментальным музычным спектаклі «Увага, здымка!» А. Эшпая (1972). Яскравы вобраз стварыў К. Лосеў у героіка-камедыйным спектаклі «Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава (1975), надаўшы свайму персанажу Назару Думе рысы высакароднай героікі. У 1975 г. на сцэне тэатра была пастаўлена адна з найбольш вядомых аперэт І. Кальмана «Марыца» , у якой артыст з поспехам выканаў партыю Тасілы.
Сярод іншых роляў вылучаюцца Эдвін і Феры («Сільва» І. Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І. Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф. Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф. Лоу), Мікіта («Халопка» М. Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І. Дунаеўскага), Чэзарэ («Пацалунак Чаніты» Ю. Мілюціна), Сяргей («Чацвёра з вуліцы Жанны» А. Сандлера), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я. Пцічкіна), Нарбер дэ Варэн («О, мілы друг» В. Лебедзева), Карбон і Рагно («Сірано» С. Пажлакова), Горас Вандэргельдэр («Хэло, Долі!» Дж. Германа) і інш.
Канстанцін Лосеў шмат выступаў у спектаклях па творах беларускіх аўтараў. Пераканаўчы вобраз народнага героя, змагара за справядлівасць Несцеркі стварыў спявак у народнай музычнай камедыі «Несцерка» Р. Суруса (1979). Доўгі час ён быў цудоўным выканаўцам гэтай ролі, з сапраўднай мастацкай цэласнасцю ўвасабляючы вобраз свайго героя. У першай беларускай аперэце для дзяцей «Сцяпан – вялікі пан» Ю. Семянякі (1979) К. Лосеў выразна, сакавіта, па-майстэрску дакладна выканаў партыю Воўка. Адным з найбольш рэпертуарных твораў другой паловы 1980-х гг. была гераічная музычная камедыя «Дзяніс Давыдаў» А. Мдывані (1985). Спявак вызначыўся адметным увасабленнем вобраза галоўнага персанажа. Яркае ўражанне пакінуў К. Лосеў у ролі Сегемора ў спектаклі «Мільянерка» Я. Глебава (1987) – першай беларускай музычнай камедыі, напісанай на аснове твора замежнага драматурга.
У творах нацыянальнага рэпертуару спявак стварыў такія запамінальныя вобразы, як Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю. Семянякі). Артыст займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасцю, значную ўвагу надаваў творам беларускіх кампазітараў Д. Смольскага, Р. Суруса, Э. Тырманд і інш. Канстанцін Лосеў валодаў моцным голасам, багатай драматычнай палітрай, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На беларускай сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў у аперэтах класічнага і сучаснага рэпертуару.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.