Дата рождения: 25.06.1938
Дата смерти: 08.06.1998
Краткая справка: вучоны ў галіне геахіміі і геалогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Имена на других языках: Лукашев Валентин Константинович (русский);
Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў нарадзіўся ў сям'і прафесара. Дзяцінства будучага вучонага праходзіла ў ЗША (1939–1944) і Маскве (1944–1953). У 1953 г. сям'я Лукашовых пераехала ў Мінск, дзе Валянцін скончыў сярэднюю школу і стаў студэнтам геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У час навучання ва ўніверсітэце Валянцін Лукашоў узначаліў студэнцкую навуковую суполку факультэта і правёў першыя самастойныя літалагічныя і геахімічныя даследаванні. У 1961 г. атрымаў дыплом БДУ з адзнакай і атрымаў накіраванне ў Лабараторыю геахімічных праблем АН БССР. З 1961 па 1972 г. прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да загадчыка лабараторыі Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.
У 1964–1965 гг. Валянцін Канстанцінавіч знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Польшчы. Падчас гэтай паездкі ім былі распрацаваны новыя падыходы ў вывучэнні геахіміі чацвярцічнага перыяду, праведзены сумесныя даследаванні разам з замежнымі навукоўцамі. Сабраныя матэрыялы шырока выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы доктарскай дысертацыі «Геохимические особенности четвертичного литогенеза в палеогеографических условиях Белорусского Полесья и смежных территорий» (1969) і манаграфіі «Геохимия четвертичного литогенеза» (1970). У 1978 г. вучоны арганізаваў у Мінску рабочую нараду «Геахімічныя метады маніторынгу», у якой прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мінералогіі і геахіміі рэдкіх элементаў (ІМГРЭ) і іншых арганізацый Масквы.
На пачатку 1980-х гг. пад кіраўніцтвам К.І. Лукашова ствараўся новы для краіны навуковы напрамак – медыцынская геахімія, якая моцна звязана з праблемамі тэхнагенезу і забруджваннем навакольнага асяроддзя. З першых дзён пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС В.К. Лукашоў вёў інтэнсіўныя даследаванні радыеактыўнасці глебавага покрыва і іншых кампанентаў ландшафту з мэтай распрацоўкі мер па ліквідацыі негатыўных наступстваў. Вучоны прапанаваў новы геахімічны метад пошуку карысных выкапняў з выкарыстаннем штучных сарбентаў, вёў распрацоўку сістэмы біяхімічнага кантролю стану навакольнага асяроддзя, стварыў серыю эколага-геахімічных здымкаў абласных цэнтраў Беларусі, працаваў над новым навуковым напрамакам – геахіміяй гарадскога асяроддзя. Вынікам яго працы стала манаграфія «Геологические аспекты охраны окружающей среды» (1987).
Шмат часу В.К. Лукашоў прысвяціў праблеме выкарыстання геахімічных індыкатараў і паказчыкаў для характарыстыкі геалагічных працэсаў, вывучаў палеагеахімічныя асаблівасці кайназойскага літагенезу Беларусі і сумежных тэрыторый. Сумесна з вучонымі Расіі, Украіны і Малдовы праводзіў даследаванні кайназойскіх адкладаў Малдовы, Адэскай вобласці Украіны, Крыма і Кубані, вывучаў магчымасці выкарыстання геахімічных метадаў для высвятлення ўмоў назапашвання і захавання бурштыну ў Прыбалтыйскім рэгіёне.
На працягу двух дзесяцігоддзяў (1971–1991) В.К. Лукашоў з’яўляўся актыўным удзельнікам Прыбалтыйска-Беларускай секцыі Міжведамаснага савета Міністэрства геалогіі АН СССР, якая займалася вывучэннем навуковых асноў геахімічных метадаў пошуку радовішчаў карысных выкапняў. Дзейнасць гэтай секцыі сыграла вялікую ролю ў развіцці навуковай і прыкладной геахіміі ў Беларуска-Прыбалтыйскім рэгіёне.
Даследчую працу В.К. Лукашоў сумяшчаў з педагагічнай – працаваў выкладчыкам у БДУ, Мінскім педагагічным інстытуце (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), універсітэтах краін Балтыі і Канады. З мэтай правядзення сумесных навуковых даследаванняў і абмену вопытам неаднаразова наведваў замежныя краіны. Займаўся грамадскай работай, доўгі час узначальваў аддзяленне Усесаюзнага таварыства «Веды» ў Інстытуце геахіміі і геафізікі, чытаў лекцыі, пісаў навукова-папулярныя кнігі і артыкулы, падрыхтаваў метадычны дапаможнік для лектараў.
У сваіх навуковых працах В.К. Лукашоў даў сістэматычную і найбольш поўную характарыстыку хімічнага складу грунтоў розных эпох антрапагену на прыкладзе Беларусі. Вынікі працы вучонага і сёння выкарыстоўваюцца ў меліярацыі і сельскай гаспадарцы, падчас пошуку карысных выкапняў, пры праектаванні інжынерных збудаванняў і аб’ектаў водазабеспячэння, для рашэння медыка-біялагічных праблем.
Беларускі даследчык унёс значны ўклад і ў геаграфічную навуку – напісаў вучэбны дапаможнік для студэнтаў геолага-геаграфічных факультэтаў «Геохимия ландшафтов» (1972, у суаўтарстве з К.І. Лукашовым), апублікаваў манаграфію «Географические очерки природы Белоруссии» (1983). В.К. Лукашоў актыўна ўдзельнічаў у працы Геаграфічнага грамадства Беларусі, дзе кіраваў секцыяй «Геахімія ландшафту» і секцыяй «Геахімія біясферы і наасферы» ў Навуковым савеце па праблемах біясферы НАН Беларусі, з’яўляўся членам рэдакцыйнага савета міжнароднага часопіса «Applied Geochemistry», уваходзіў у склад рабочай групы «Геологическая медицина» Міжнароднага геалагічнага саюза.
Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, вучоны ў галіне тэарэтычных і прыкладных праблем геахіміі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў з’яўляецца аўтарам больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 25 манаграфій, 5 вынаходстваў. Яго тэарэтычныя і прыкладныя распрацоўкі шырока выкарыстоўваюцца навуковымі і вытворчымі арганізацыямі Беларусі, Урала, Закаўказзя, Прыбалтыкі і іншых рэгіёнаў.
25–26 чэрвеня 2008 г. у Бярэзінскім біясферным запаведніку адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная В.К. Лукашову. У жніўні гэтага ж года на ХХХІІІ сесіі Міжнароднага геалагічнага кангрэса ўпершыню ў гісторыі гэтай арганізацыі ў праграму яе работы была ўключана сесія па медыцынскай геалогіі, якой было прысвоена імя Валянціна Канстанцінавіча Лукашова.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.