Сучасным беларускім выканаўцам добра вядома імя Дзмітрыя Вітальевіча Лыбіна. Сёння Дзмітрый Лыбін з’яўляецца адным з вядучых кампазітараў, якія працуюць у розных жанрах сучаснай музыкі. Кампазітар нарадзіўся ў Мінску, у 1986 г. з адзнакай скончыў аддзяленне музыказнаўства Дзяржаўнага музычна-педагагічнага інстытута імя Гнесіных (цяпер Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных) па класе прафесара І.Я. Рыжкіна. У 1994 г. скончыў фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (займаўся ў класе прафесара Д.Б. Смольскага) і аспірантуру Беларускага педагагічнага ўніверсітэта (навуковы кіраўнік М.І. Ройтэрштэйн). Пазней Д. Лыбін праходзіў стажыроўку ў Пецярбургскай кансерваторыі імя Н.А. Рымскага-Корсакава ў прафесара С. Слонімскага і ў Варшаўскай акадэміі музыкі імя Ф. Шапэна (цяпер Музычны ўніверсітэт імя Ф. Шапэна) у прафесара С. Скачыньскага.
З 1986 г. Дзмітрый Лыбін пачаў выкладаць у Беларускім харэаграфічным вучылішчы (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж), з 1988 г. працаваў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Педагагічную дзейнасць Д. Лыбін прадоўжыў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе працаваў старшым выкладчыкам на кафедры інструментоўкі.
У сваёй творчасці кампазітар спалучае як традыцыйныя, так і авангардныя метады кампазіцыі. Ён стварае творы розных жанраў – санаты, канцэрты, сімфоніі, рамансы, п'есы, вакальныя і харавыя кампазіцыі – для сімфанічнага, камернага, духавога і народнага аркестраў. Сярод найбольш вядомых музычных твораў кампазітара кантаты: «Беларускія песні» на народныя тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф. Цютчава (1998); «Псалом ІХ» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, дзвюх труб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімфанічнага аркестра (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага аркестра (1997); «Апошняя працэсія» для двух фартэпіяна, трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для фартэпіяна; харавы цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных і вакальны цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А. Блока). Д. Лыбін – аўтар шэрагу вакальных твораў на вершы А. Фета, А. Пушкіна, С. Маршака, М. Багдановіча. Шырокую вядомасць набылі яго творы апошніх гадоў: «З казак вясновага ветру» для духавога аркестра, кантанта «Вяртаючыся да вытоку», «З Кракава ў Вену» для трынаццаці выканаўцаў, «Маленькая сюіта для піяніста са званочкам», «Сем маленькіх фантазій на тэму Глінкі» для шасці выканаўцаў, «Таката і фуга» на тэму Б. Бартака, п'есы для фартэпіяна, скрыпкі і фартэпіяна, для бас-саксафона, саксафона-барытона і англійскага ражка.
Сучасны стыль Д. Лыбіна набліжаны да неакласіцызму з элементамі полістылістыкі, яго ранняя творчасць адрозніваецца авангардызмам. У аснове форм большасці сачыненняў ляжыць структурны архетып патоку, які выражаны ў бесперапынным разгортванні музычнай думкі па прынцыпу «патоку свядомасці» («Што прыносіцца да ўзбярэжжа», «Pa-de-sept»). У якасці тэхнічных прыёмаў полістылістыкі ў сачыненнях Д. Лыбіна выкарыстоўваецца цытаванне, алюзія, калаж. Кампазітар актыўна звяртаецца да творчай спадчыны кампазітараў-класікаў, уключае ў свае музычныя сачыненні цытаты і алюзіі з музыкі І. Гайдна, В. Моцарта і Л. Бетховена. Творчасць Дзмітрыя Лыбіна па праву можна аднесці да эпохі постмадэрнізму, які праяўляецца па прынцыпе «збірання ўсяго аж да злучэння незлучальнага» ў звароце да полістылістыкі і неакласіцызму.
Д. Лыбін мае доўгія і плённыя сувязі з ансамблем салістаў «Класік-авангард», які доўгі час выконваў музыкальныя творы кампазітара. Аўтара і ансамбль аб'ядноўваюць агульныя творчыя пазіцыі: імкненне да суіснавання ў адзінстве разнастайных музычных культур і эпох, арыентацыя на шырокага слухача.
Дзмітрый Лыбін – адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага таварыства сучаснай музыкі (1990–2007). З 2007 г. ён з'яўляецца сакратаром праўлення Беларускага саюза кампазітараў. Ён узнагароджаны творчымі стыпендыямі фонда «Ernst von Siemens» і «Gaude Polonia» Міністра культуры Польшчы. Ён прадстаўляў Беларусь на Генеральнай асамблеі Міжнароднага таварыства сучаснай музыкі (Румынія, 1999); Форуме культуры «Расія-Беларусь» (Расія, 2005); Еўрапейскіх форумах кампазітараў (Аўстрыя, 2006; Фінляндыя, 2008); Міжнароднай канферэнцыі музычных фестываляў і кампазітарскіх арганізацый (Польшча, 2007) і інш. Музыка Д. Лыбіна выконвалася больш чым у дваццаці краінах свету (Расія, Украіна, Малдова, Літва, Румынія, Італія, Польшча, Германія, Нідэрланды, Турцыя, Францыя, Балгарыя, Канада і інш.). Творы кампазітара гучалі на радыё і тэлебачанні ў Беларусі, Польшчы, Румыніі, Нідэрландах.
Акрамя музыкі Д. Лыбін захапляецца шахматамі, у чым дасягнуў нямалых поспехаў: ён з’яўляецца міжнародным майстрам FIDE (1995), міжнародным гросмайстрам ICCF (2003), міжнародным арбітрам FIDE (2005).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.