Дата рождения:
02.01.1918 Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
25.10.2013
Краткая справка:
вучоны-географ, краязнавец, педагог, аўтар першага ў Беларусі падручніка для школ па прыродазнаўстве, выдатнік народнай асветы Беларусі і СССР, заслужаны настаўнік Беларусі
Имена на других языках:
Лярский Петр Алексеевич (русский);
6081 символ
Справка
Пётр Аляксеевіч Лярскі – вядомы ў краіне і за яе межамі вучоны-географ, краязнавец, педагог, аўтар першага ў Беларусі падручніка для школ па прыродазнаўстве. Ён унёс значны ўклад у адраджэнне і развіццё краязнаўства Магілёўшчыны.
Нарадзiўся П.А. Лярскі ў в. Рымiнка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы сямігадовую школу, вучыўся на рабфаку. У 1934 г. ён стаў студэнтам геаграфiчнага факультэта Магiлёўскага педагагiчнага інстытута (цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова). У час вучобы працаваў сакратаром дэканата факультэта, лабарантам кабiнета фiзiчнай геаграфii, выкладчыкам геаграфii на падрыхтоўчым аддзяленнi настаўніцкага iнстытута. Пасля заканчэння вучобы ў 1939 г. непрацяглы час настаўнiчаў у адной са школ Нараўлянскага раёна. Потым быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Пасля вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў П.А. Лярскi працаваў дырэктарам сельскай школы ў Чавускім раёне, потым быў запрошаны на выкладчыцкую работу ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Больш за 50 гадоў ён прысвяціў педагагічнай працы. У 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «П.И. Рычков – выдающийся русский географ XVIII века», якая вярнула імя забытага географа, першага члена-карэспандэнта Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук. У 1957 г. П.А. Лярскі стаў дацэнтам і з 1960 г. працаваў на кафедры фiзічнай геаграфii геаграфiчнага факультэта. У 1977–1999 гг. быў дацэнтам кафедры педагогiкi i методыкi пачатковага навучання педагагічнага факультэта.
Выкладчыцкую работу П.А. Лярскі сумяшчаў з навуковай. Займаўся даследаваннем складаных праблем гісторыі геаграфіі, геаграфіі Беларусі, вывучэннем краязнаўства Магілёўскай вобласці, методыкай выкладання прыродазнаўства. У кожным з гэтых кірункаў былі свае дасягненні: грунтоўныя артыкулы, падручнікі, манаграфіі, напрацоўкі па методыцы выкладання прыродазнаўства ў пачатковай школе. Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых прац. У 1971 г. упершыню ў Беларусі выйшаў падручнік «Прыродазнаўства» для трэцяга класа (неаднаразова перавыдаваўся). Увесь матэрыял у ім быў арганічна звязаны з вывучэннем асаблівасцей беларускай прыроды. Аўтар уключыў у яго карты Беларусі (у той час не існавала ніводнай карты для пачатковай школы). У 1975 г. П.А. Лярскім быў выдадзены падручнік «Прыродазнаўства» для чацвёртага класа (неаднаразова перавыдаваўся). У галiне методыкi пачатковага прыродазнаўства вылучаецца распрацаваная вучоным сiстэма безмашыннага праграмаванага кантролю за ведамi вучняў, арыгiнальная методыка фармiравання прыродазнаўчых уяўленняў i паняццяў, методыка арганізацыі і правядзення назіранняў, прапрацоўка асобных прыродазнаўчых тэм і інш. Ён распрацаваў і апублікаваў спецыяльныя тэставыя заданні, якія дазвалялі правяраць веды ўсіх вучняў на кожным уроку за 4–5 хвілін. «Рабочы сшытак па прыродазнаўстве» аб’ядноўваў дзённікавую частку і заданні для кантролю ведаў, што давала магчымасць больш эфектыўна выкарыстаць час на падрыхтоўку, падняць працэс навучання на больш высокі ўзровень. Доўгі час выкарыстоўваліся студэнтамі-географамі вучэбныя дапаможнiкі «География» (1963, 1966), «Землеведение и краеведение» (1976, 1987), напісаныя з М.С. Ратабыльскiм. Падручнікі неаднаразова перапрацоўваліся ў адпаведнасці са зменай вучэбных праграм, перавыдаваліся. Вучоны стварыў цэлы навучальны комплекс па прыродазнаўстве: па яго падручніках займаліся вучні пачатковых класаў і сярэдняй школы, студэнты педагагічных і геаграфічных спецыяльнасцей, па дапаможніках удасканальвалі сваё метадычнае майстэрства настаўнікі, кнігамі карысталіся краязнаўцы.
Значным дасягненнем з’яўляюцца работы П.А. Лярскага па краязнаўстве, якія і сёння не страцілі сваёй актуальнасці «Пять туристических маршрутов по Могилевской области» (1957, у суаўтарстве з М.С. Ратабыльскім), «Очерки по географии Могилева и его окрестностей» (1959, суаўтар, рэдактар), «Прырода Магілёўскай вобласці» (1959), «Знай, люби и охраняй родную природу» (1976, у суаўтарстве) і інш. Яго «Пособие по краеведению» (1966) атрымала ўсесаюзную вядомасць у навуковым асяроддзі. Вучоны напісаў два варыянты манаграфіі «Прырода Магілёўскай вобласці» (2005 і 2006, на рускай і беларускай мовах), «Выбраныя навукова-педагагічныя працы» (2008), апублікаваў каля 20 актуальных артыкулаў па геаграфіі, краязнаўстве, методыцы выкладання курса «Чалавек і свет». Яго працы змяшчаліся ў часопісах «Народная асвета», «Беларуская думка», «Нёман», «Пачатковая школа» і інш. Як аўтар, рэцэнзент, кансультант друкаваўся ў часопісе «Магілёўскі мерыдыян».
Шмат часу П.А. Лярскі аддаваў грамадскай рабоце: чытаў лекцыi ў інстытуце ўдасканалення настаўнiкаў, у народным унiверсітэце «Чалавек і прырода» пры Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, працаваў у таварыстве аховы прыроды. У 1947 г. стаў правадзейным членам геаграфiчнага таварыства СССР, а ў 1992 г. ганаровым членам Беларускага геаграфічнага таварыства (БГТ). У 1959–1963 гг. ён быў вучоным сакратаром, з 1963 да канца 1980-х гг. старшынёй Магілёўскага абласнога аддзела БГТ. Таксама прымаў удзел у многіх з’ездах, канферэнцыях, семінарах, з’яўляўся кансультантам па навуковых і метадычных пытаннях кафедры геаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова.
Шматгадовая плённая навукова-педагагічная дзейнасць П.А. Лярскага адзначана шэрагам дзяржаўных узнагарод, званняў. Ён з’яўляецца выдатнікам народнай асветы Беларусі (1955) і СССР (1975), заслужаным настаўнікам Беларусі (1955). Аб навуковай дзейнасці вучонага зняты тры фільмы з серый «Нашы славутыя землякі» і «Стваральнікі». У Магілёўскім абласным аддзеле БГТ у 1996 г. устаноўлена грашовая прэмія імя П.А. Лярскага, якая прысуджаецца за лепшую работу па методыцы геаграфіі і прыродазнаўстве па выніках года. У 2006 г. ён стаў лаўрэатам прэміі абласнога выканаўчага камітэта ў галіне навуковай і грамадскай дзейнасці з прысваеннем звання «Чалавек года Магілёўскай вобласці». У вучэбным корпусе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова адкрыты мемарыяльны куток П.А. Лярскага.