Беларускі архітэктар Мікалай Сцяпанавіч Навумаў нарадзіўся ў г. Красны Ліман Данецкай вобласці (Украіна). У 1962 г. скончыў Кіеўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Пачаў сваю працоўную дзейнасць у праектных арганізацыях Алма-Аты, Кішынёва. Спраектаваў будынак педагагічнага інстытута імя І.Крангэ (1975), бальнічны комплекс у Кішынёве (1976). Далейшая дзейнасць архітэктара звязана з Беларуссю. З 1973 г. ён стаў галоўным архітэктарам праектаў у «Белдзяржпраекце», а з 1980 г. – у «Мінскпраекце». Асноўнымі работамі ў Мінску з'яўляюцца: навучальны камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), дванаццаціпавярховы інжынерна-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэспубліканскі Дом тэхнічнай творчасці (1982, у суаўтарстве) і інш. Важным горадабудаўнічым акцэнтам усходняй часткі горада стаў Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі», пабудаваны ў 1999 г. на рагу праспекта Незалежнасці і вул. Філімонава. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў транспартных і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандлёвыя ўстановы, гасцініца, адміністрацыйныя памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з'яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе, адкрытымі галерэямі на другім паверсе. У аздабленні інтэр'ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях, замацаваных на вежы, якая з'яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутранай прасторы закладзены прынцып зрокавага аб'яднання ў адзінае цэлае інтэр'ераў будынка і экстэр'ера ўнутранага дворыка. Гэты архітэктурны комплекс атрымаў Гран-пры на рэспубліканскім фестывалі архітэктуры «Брэст – 99», а ў 2002 г. – Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Мікалай Сцяпанавіч Навумаў з'яўляецца аўтарам распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага будаўніцтва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і іншыя ў мікрараёнах Захад, Паўднёвы Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.