Дата рождения: 29.10.1943 Баўцічы, в., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка: пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, педагог, выдатнік адукацыі, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года "Залаты Купідон" (2014)
Имена на других языках: Наумович Владимир Александрович (русский);
Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч нарадзіўся ў в. Баўцічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1960 г. скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу і паступіў на завочнае аддзяленне біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Беражэнскай васьмігадовай школе. У 1961 г. У. Навумовіч паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У час вучобы займаўся навукова-даследчай дзейнасцю. З дакладамі выступаў на студэнцкіх канферэнцыях. Пасля заканчэння ў 1966 г. універсітэта У. Навумовіч быў на камсамольскай рабоце. У 1970–1973 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Проза “Маладняка”» (1974). Працаваў выкладчыкам, дацэнтам гэтай кафедры. Потым загадваў кафедрай рускай мовы на падрыхтоўчым факультэце для замежных студэнтаў. З 1989 па 2000 г. узначальваў кафедру беларусазнаўства філалагічнага факультэта. З 2003 па 2008 г. працаваў саветнікам рэктара БДУ. Зараз ён дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры. У 2013 г. стаў заслужаным работнікам БДУ. Па ініцыятыве У. Навумовіча была адкрыта на ўмовах самафінансавання Міжнародная школа беларускай мовы, літаратуры і культуры пры БДУ (1990–1994), што садзейнічала папулярызацыі беларускай культуры за межамі Беларусі. Слухачамі былі вучоныя-славісты, студэнты, перакладчыкі з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Германіі, Італіі, Егіпта, Канады, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Швейцарыі, Украіны, Чэхіі, Францыі, Японіі. Вынікам працы стала стварэнне беларусазнаўчых цэнтраў у розных краінах свету.
Cфера навуковых інтарэсаў У. Навумовіча рознабаковая. Ён займаецца праблемамі развіцця беларускай літаратуры ХХ ст., літаратурных рухаў 1920-х гг., ідэйна-эстэтычнай эвалюцыі беларускай аповесці, этычна-канцэптуальных асноў усёй беларускай паэзіі і прозы. Захоплены мастацтвам слова, яго сутнасцю, даследчык дасягнуў у сваіх літаратуразнаўчых працах высокага ўзроўню. Ён аўтар 10 манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, кніг прозы, больш як 300 навуковых публікацый – артыкулаў, аглядаў, рэцэнзій. Манаграфія «Шляхамі арлянят. Проза “Маладняка”» (1984) з’яўляецца ў філалагічнай навуцы грунтоўным даследаваннем, прысвечаным цікаваму і драматычнаму перыяду беларускай літаратурнай гісторыі. У кнізе «Нравственный облик героя в белорусской художественной прозе 60–80-х гг. ХХ века» (2000) літаратуразнавец даследуе маральна-этычныя праблемы ў мастацкай прозе. Вучэбны дапаможнік «Беларуская літаратура» для сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных вучэбных устаноў перавыдаваўся ў 2000, 2007 і 2013 гг. У апошнім выданні У. Навумовіч зрабіў больш разнастайнай чыста знешнюю, фармальную манеру навуковага даследавання: на суправаджальным дыску яго голасам начытаны лепшыя творы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры. Такім чынам ён стаў аўтарам падручніка новага пакалення, з уласнай канцэпцыяй, сваім падыходам, арыгінальным поглядам на з’явы літаратуры. У спецыяльна распрацаваных для студэнтаў БДУ лекцыйных курсах «Беларусазнаўства» і «Універсітэтазнаўства» У. Навумовіч даследаваў і прапагандаваў праблемы фарміравання ўніверсітэтаў як цывілізацыйных феноменаў у свеце пачынаючы з сярэдневякоўя да нашых часоў, гісторыю і ўмовы фарміравання БДУ як навуковага інстытута, а таксама розныя аспекты навучання. У 2011 г. выйшла кніга «Университет – феномен цивилизации», якая была адзначана дыпломам «Лепшая кніга года» ў намінацыі «Краязнаўства».
Як папулярызатар беларускай літаратуры і культуры У. Навумовіч добра вядомы далёка за межамі рэспублікі. Па запрашэнні Лонданскага ўніверсітэта чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў Англіі, працаваў у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане, шмат разоў удзельнічаў у працы моўных семінараў у былой Югаславіі, наладжваў навуковыя кантакты з вядучымі ВНУ Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшчы і іншых краін. Уладзімір Аляксандравіч на працягу многіх гадоў з’яўляўся нязменным лектарам і прапагандыстам таварыства «Веды», арганізатарам і актыўным удзельнікам шматлікіх навуковых і навукова-метадычных канферэнцый, студэнцкіх дыспутаў, літаратуразнаўчых і краязнаўчых віктарын, а таксама штогадовага свята студэнтаў-філолагаў у Вязынцы і інш.
Уладзімір Навумовіч выступае і як празаік. Першае апавяданне «Навыраст» змешчана ў 1964 г. у навагрудскай раённай газеце «Новае жыццё». У гэтым жа годзе ў газеце «Чырвоная змена» было надрукавана апавяданне «На скразняку». Аповесці «Узаранае поле» (1968), «З Лукомльскага сшытка» (1970) змешчаны на старонках часопіса «Маладосць». У 1982 г. выйшла з друку кніга «Такое бывае аднойчы». У 2009 г. у часопісах «Нёман» і «Наш современник» на рускай мове былі апублікаваны ўрыўкі з новага рамана «Вобюлиманс» («С нами любовь»), пабудаванага на канкрэтных жыццёвых фактах. У творы шмат рэальных людзей, пазнавальных вобразаў з універсітэцкага асяроддзя, аднак шырокаму чытачу прапануецца не толькі сямейная хроніка, але і гісторыя кахання, вернасці, здрады, адданасці каханаму, а больш за ўсё – справе, творчасці, ідэалам маладосці. Расказваецца пра асэнсаванае, філасофскае бачанне жыцця з пэўнай духоўнай вышыні. У 2014 г. быў выдадзены яшчэ адзін раман аўтара – «“Нет” и как его сказать». У творах празаіка паўстае кола вечных праблем, з якіх і складаецца само жыццё: бацькоўскі дом, сям’я як духоўнае асяроддзе, адносіны да родных і блізкіх, чалавек у кантэксце грамадства наогул і многае іншае. Асобныя творы пісьменніка былі перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы.
Уладзімір Навумовіч – член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член рэдакцыйнай калегіі часопіса Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі «Белая Вежа». У 2008 г. узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі», у 2014 г. яму прысуджана Рэспубліканская літаратурная прэмія «Залаты Купідон».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.