Краткая справка:
лётчык, ваенны дзеяч, першы Герой Беларусі (1996)
Имена на других языках:
Карват Владимир Николаевич (русский);
4845 символов
Справка
У гарадскім скверы на бульвары Касманаўтаў у Брэсце ўстаноўлены бюст ваеннаму лётчыку, першаму Герою Беларусі Уладзіміру Мікалаевічу Карвату – чалавеку, які пацвердзіў сваім адважным учынкам словы «У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу».
Нарадзіўся ён у Брэсце ў сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. Вызначаўся спартыўнасцю, любіў футбол – трэнеры нават прадказвалі яму футбольную кар’еру. Цікавіўся ваеннай гісторыяй роднага краю, таму вольны час разам з настаўнікам і сябрамі праводзіў у Брэсцкай крэпасці. Закончыўшы вучобу, пачаў працоўную дзейнасць слесарам механазборачных работ. Але пад уплывам падарожжаў па казематах і руінах цытадэлі і расказаў пра яе абарону Уладзімір марыў пра неба, хацеў стаць ваенным лётчыкам, таму пытання аб выбары прафесіі ў яго не было. У 1977 г. паступіў у Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Пасля заканчэння вучобы ў 1981 г. У. Карват быў накіраваны на Далёкі Усход. У ваенным пасёлку Калінка Хабараўскага края ён з сям’ёй пражыў 13 гадоў. У часці У. Карват прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23, асвоіў Л-29, МіГ-23, Су-27. Кар’ера складвалася паспяхова, але ўсё ж яго цягнула ў родныя мясціны.
Летам 1994 г. У. Карват прыбыў для праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Набыты да гэтага часу вопыт даваў магчымасць У. Карвату з першых дзён адчуваць сябе на новай пасадзе ўпэўнена і паспяхова спраўляцца са складанасцямі, дзяліцца з падначаленымі сакрэтамі майстэрства. Высокі прафесіяналізм дапамог яму прыняць цяжкае, але адзінае правільнае рашэнне ў няштатнай сітуацыі. 23 мая 1996 г. падпалкоўнік У. Карват выконваў вучэбна-трэніровачнае заданне на самалёце Су-27П згодна з практыкаваннем 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі», у якое быў уключаны палёт у воблаках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў воблаках на малой вышыні ў складаных метэаўмовах уначы. Калі ён знаходзіўся на вышыні 900 м, на хуткасці 540 км/г, узнік пажар. Машына стала страчваць кіраванне і падаць. Сітуацыя на борце была крытычнай. Лётчык атрымаў загад катапультавацца, але ў гэты час знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна. Нягледзячы на штосекундную небяспеку ўзрыву, ён да апошняга спрабаваў адвесці машыну ўбок. Пераляцеўшы амаль на кіламетр, самалёт упаў і ўзарваўся на значнай адлегласці ад дамоў. Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія паспяшаліся на дапамогу лётчыку. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з г. п. Гарадзішча. Удалося збіць полымя, не дапусціўшы ўзгарання кабіны, аднак лётчык загінуў пры падзенні. Паводле заключэння камісіі, якая расследавала прычыны авіяцыйнай катастрофы, устаноўлена, што лётчык да апошняй секунды рабіў усё магчымае, каб не дапусціць падзення самалёта на населеныя пункты.
Падпалкоўнік авіяцыі ваенны лётчык першага класа У. Карват загінуў у 37 гадоў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 484 ад 21 лістапада 1996 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, яму прысвоена званне Героя Беларусі (пасмяротна). 10 сакавіка 1997 г. была прынята пастанова № 179 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб увекавечанні памяці Героя Беларусі, ваеннага лётчыка падпалкоўніка У.М. Карвата». У адпаведнасці з ёй, імя героя-лётчыка прысвоена сярэдняй школе № 8 г. Брэста. На будынку ўсталявана мемарыяльная дошка. У 2012 г. у школе быў адкрыты музей. Традыцыйным сярод устаноў адукацыі Брэста стаў турнір па валейболе на прыз У. Карвата. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць яго імя. На скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 г. урачыста адкрыты помнік лётчыку. Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якую атрымліваюць найлепшыя курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболу на прыз У. Карвата. Загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь № 263 ад 22 мая 1997 г. лётчык навечна залічаны ў спісы асабовага саставу 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. У 2009 г. у часці, дзе служыў афіцэр, адкрыты музей, а на будынку штаба ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На месцы катастрофы знаходзіцца памятны знак, а ў цэнтры в. Арабаўшчына – помнік з мемарыяльнай дошкай. У гонар афіцэра названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і в. Арабаўшчына, яго імя носіць сквер і бульвар у Баранавічах. Уладзімір Карват быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990), медалём «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988). Пра яго зняты дакументальныя фільмы «Звычайны герой» (2004) і «Памятае неба» (2008).