Выдатны клініцыст, таленавіты педагог, бліскучы хірург Леанід Сямёнавіч Персіянінаў быў адным з самых прызнаных спецыялістаў у галіне акушэрства і гінекалогіі.
Ён нарадзіўся ў с. Старое Сяло Сафонаўскага павета Смаленскай губерні (Расія) у сям’і селяніна. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1925–1928 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце Смаленскага ўніверсітэта, потым у 2-м Ленінградскім медыцынскім інстытуце. У 1931–1936 гг. працаваў у бальніцах Кастрамской вобласці ўчастковым, галоўным урачом, загадчыкам раённага аддзела аховы здароўя. У 1936 г. стаў аспірантам акушэрска-гінекалагічнай клінікі Казанскага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Праз год абараніў кандыдацкую дысертацыю, у якой разглядалася ўздзеянне стрэптацыду пры септычных захворваннях у клініцы і эксперыменце. У 1938 г. Л.С. Персіянінаў прызначаны асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі інстытута (працаваў да 1941 г.). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў вядучым хірургам у палявых шпіталях на Волхаўскім і 2-м Прыбалтыйскім франтах.
У кастрычніку 1945 г. Л.С. Персіянінаў вярнуўся ў Казанскі інстытут удасканалення ўрачоў, дзе стаў дацэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі. У 1950 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «О роли гуморальных факторов в наступлении родов», праз год атрымаў званне прафесара. З 1951 па 1958 г. працаваў у Мінскім медыцынскім інстытуце. З 1958 г. быў загадчыкам кафедры акушэрства і гінекалогіі 2-га і з 1967 г. 1-га Маскоўскіх медыцынскіх інстытутаў, адначасова ў 1967–1978 гг. з’яўляўся дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута акушэрства і гінекалогіі Міністэрства аховы здароўя СССР. У 1960 г. Л.С. Персіянінаў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі медыцынскіх навук СССР, у 1965 г. стаў акадэмікам.
Вучоны займаўся прафілактыкай і лячэннем цяжкай акушэрскай паталогіі, вывучаў пытанні абязбольвання пры аперацыях, працаваў над праблемамі інфузійнай тэрапіі і ўдасканаленнем аперацыйнай тэхнікі ў акушэрстве і гінекалогіі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых работ, сярод якіх – манаграфіі «Разрывы матки» (1952, 1954), «Внутриартериальное переливание крови в акушерско-гинекологической практике» (1955) «Асфиксия плода и новорожденного» (1967), «Дыхательная функция крови плода в акушерской клинике» (1971), дапаможнік «Оперативная гинекология» (1976) і інш. Многія работы Л.С. Персіянінава выходзілі за мяжой. Пад яго кіраўніцтвам былі выкананы 51 доктарская, 81 кандыдацкая дысертацыі.
Працуючы ў Мінску, Л.С. Персіянінаў апублікаваў 56 навуковых работ, у тым ліку 4 манаграфіі. Ён з’яўляецца аўтарам некалькіх раздзелаў у шматтомных дапаможніках для ўрачоў «Акушерский семинар» (1956) і «Акушерские семинары» (1957, 1969), а таксама ў кнігах «Госпитальная акушерская клиника», «Женская консультация» (падрыхтаваны ў суаўтарстве з супрацоўнікамі кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медыцынскага інстытута). Пад кіраўніцтвам вучонага былі абаронены 22 дысертацыі, у тым ліку 4 доктарскія. Званне прафесара атрымалі 6 яго выхаванцаў, 8 сталі дацэнтамі. Многія з іх загадвалі кафедрамі ў медыцынскіх інстытутах у Мінску і Гродне, працавалі ў буйных лячэбных установах рэспублікі.
Навуковую і педагагічную працу Л.С. Персіянінаў сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Вучоны з’яўляўся старшынёй Беларускага і Усесаюзнага навуковых таварыстваў акушэраў-гінеколагаў, старшынёй вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, членам Усесаюзнай атэстацыйнай камісіі СССР, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі акушэраў-гінеколагаў, ганаровым членам навуковых медыцынскіх таварыстваў Чэхаславакіі, Балгарыі, Германіі, Польшчы, Югаславіі, ганаровым доктарам Будапешцкага ўніверсітэта імя І. Земельвейса. Ён уваходзіў у рэдкалегію шэрага часопісаў, у тым ліку «Здравоохранение Белоруссии», з’яўляўся адказным рэдактарам аддзела Вялікай медыцынскай энцыклапедыі.
Леанід Сямёнавіч Персіянінаў – заслужаны дзеяч навукі БССР (1958), акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1965), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1968), Герой Сацыялістычнай Працы (1977). Вучоны ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.