Імя Георгія Мікалаевіча Пятрова – піяніста, канцэртмайстра, педагога –займае адно з пачэсных месцаў у гісторыі музычнай культуры Беларусі. Георгій Пятроў нарадзіўся ў Маскве. Там жа атрымаў фундаментальную музычную адукацыю: у 1905–1910 гг. займаўся музыкай у прафесараў Маскоўскай кансерваторыі К.М. Ігумнава і А. Глена. Пасля атрымання дыплома малады музыкант быў запрошаны ў Адэскую кансерваторыю (цяпер Адэская нацыянальная музычная акадэмія імя А.В. Няжданавай), дзе паспяхова сумяшчаў педагагічную работу на аддзяленні фартэпіяна з інтэнсіўнай канцэртнай дзейнасцю ў Расіі, Італіі і Германіі.
У 1916 г. Г. Пятроў быў радавым царскай арміі, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прымаў удзел у баявых дзеяннях на Украіне. У 1922 г. вярнуўся да мастацкага жыцця і пачаў выязджаць у гастрольныя паездкі па гарадах Крыма, Каўказа, Туркменіі.
У Беларусь музыкант прыехаў на пачатку 1920-х гг. Працаваў піяністам у тэатры пры Цэнтральным рабочым клубе Гомеля і адначасова выкладаў у музычнай школе. З 1927 г. з’яўляўся педагогам і канцэртмайстрам опернага класа Мінскага музычнага тэхнікума (цяпер Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі), у 1930–1933 гг. працаваў хормайстрам і канцэртмайстрам Беларускай дзяржаўнай студыі оперы і балета. Пасля рэарганізацыі студыі ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) Георгій Пятроў удала спалучаў пасады дырыжора сімфанічнага аркестра, хормайстра і канцэртмайстра, кіраваў пастаноўкай балетаў «Чырвоны мак» Р. Гліэра (1933), «Дон Кіхот» Л. Мінкуса (1946) і інш.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Казахстан, дзе працаваў у тэатры оперы і балета імя Абая (цяпер Казахскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Абая, г. Алма-Ата).
Пасля заканчэння вайны Георгій Пятроў вярнуўся ў Беларусь і прадоўжыў працу ў тэатры оперы і балета і адначасова ўзначальваў кафедру спецыяльнага, а потым агульнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). У пачатку 1950-х гг. музыкант арганізаваў і падрыхтаваў цыкл лекцый-канцэртаў «Гісторыя рускага раманса». У сваіх студэнтаў Г. Пятроў імкнуўся абудзіць фантазію, выхаваць густ, прывіць уменне самастойна разбірацца ў тэхнічных складанасцях твора і пераадольваць іх. Ім падрыхтавана плеяда выдатных музыкантаў-выканаўцаў, педагогаў і канцэртмайстраў, сярод якіх С. Бялькевіч, Т. Арэшкаў, І. Рыдлеўская, К. Паплаўская, І. Паўлава і інш.
Як музыкант-выканаўца Георгій Пятроў вызначаўся глыбінёй спасціжэння і перадачы мастацка-вобразнай сутнасці твора, прыгажосцю і высакароднасцю гучання, задушэўнасцю і сардэчнасцю, мудрай прастатой. Асаблівая схільнасць была ў яго да камерна-інструментальнай музыкі. Ён выступаў у дуэтах, трыо, квартэтах, квінтэтах, выконваючы творы П. Чайкоўскага, М. Рымскага-Корсакава, С. Рахманінава, А. Багатырова, Р. Шумана, Ф. Шапэна, Ф. Ліста. У якасці канцэртмайстра Г. Пятроў працаваў з опернымі спевакамі Л. Александроўскай, М. Ворвулевым, М. Дзянісавым, І. Балоціным, С. Друкер, скрыпачом А. Бяссмертным.
Плённая дзейнасць Георгія Мікалаевіча Пятрова была адзначана ганаровымі званнямі: «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР» (1949), «Заслужаны артыст Казахскай ССР» (1942), ордэнам «Знак Пашаны» (двойчы).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.