Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў нарадзіўся ў в. Гута Бялыніцкага раёна. У 1960 г. закончыў з сярэбраным медалём школу і паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскае аддзяленне (курс А. Бутакова). Пасля заканчэння інстытута (1964) працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Адначасова ў 1982 г. быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў выкладаць сцэнічную мову.
Уладзімір Рагаўцоў стварыў цікавыя вобразы ў спектаклях па творах беларускіх аўтараў – Прокусаў («Верачка» А. Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І. Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А. Дударава), Максім («Выклік багам» А. Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г. Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А. Дударава). Сярод роляў класічнага рэпертуару вылучаюцца Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес» А. Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А. Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л. Лявонава).
Акцёр стварыў шэраг яскравых вобразаў сучаснікаў, шчырых, эмацыянальных, апантаных ідэяй дабра, са складанымі характарамі, – Леанідзік («Мой бедны Марат» А. Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В. Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э. Радзінскага), Маркелаў («Гросмайстарскі бал» паводле І. Штэмлера), Чэрнікаў («Пратакол аднаго пасяджэння» А. Гельмана), Кіквадзэ («Закон вечнасці» паводле Н. Думбадзэ), Белаконь («Надзея Путніна, яе час, яе спадарожнікі» І. Малеева), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю. Ломаўцава) і інш.
Уладзімір Рагаўцоў актыўна заняты ў бягучым рэпертуары – Вядучы («Паўлінка» Я. Купалы), Шумыцкі («Каханне ў стылі барока» Я. Стэльмаха), Равуноў-Каравулаў («Вяселле» паводле А. Чэхава), Радзівон Мікалаевіч («Старамодная камедыя» А. Арбузава), Бацька Франца («Не мой» паводле А. Адамовіча), Курачкін («Лістапад. Андэрсен» паводле А. Паповай). Артыст стварыў монаспектаклі на тэлебачанні («Вачыма клоуна» Г. Бёля, «Пробліскі» Я. Брыля, «Граф Нулін» А. Пушкіна), выступае з літаратурнымі праграмамі на радыё. Акцёр зняўся ў кіна- і тэлефільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.
Уладзімір Рагаўцоў выконвае як драматычныя ролі, так і характарныя. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка ролі, распрацаванасць характараў, шчырасць і эмацыянальнасць. У работах У. Рагаўцова адчуваецца здольнасць выканаўцы да аналізу, абгрунтавання сцэнічнага існавання герояў. Творчы шлях артыста – гэта ўдасканальванне прафесійнага майстэрства, жаданне ўвесь свой талент накіраваць на тое, каб зрабіць свае персанажы блізкімі і зразумелымі гледачу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.