Дата рождения:
27.02.1898 Дубраўка, в., Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
29.06.1938 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны-гісторык, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі
Имена на других языках:
Щербаков Василий Карпович (русский);
2491 символ
Справка
Беларускі вучоны-гісторык, грамадскі дзеяч Васіль Карпавіч Шчарбакоў нарадзіўся ў в. Дуброўка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1914 па 1918 г. вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. У гэты перыяд В. К. Шчарбакоў уключыўся ў падпольную барацьбу супраць нямецкіх акупантаў. Пачаў сур’ёзна займацца палітычнай дзейнасцю, уступіў ў камуністычную партыю і быў выбраны членам Рагачоўскага партыйнага камітэта. У час грамадзянскай вайны ваяваў на Усходніх і Паўднёвых франтах. У 1920 г. стаў начальнікам аддзела палітасветы дывізіі ў Крыме. У 1923 г. скончыў Харкаўскую вышэйшую партыйную школу і быў прызначаны на пасаду рэктара Інстытута народнай адукацыі ў Чарнігаве, на якой працаваў да 1929 г. У 1930 г. прызначаны загадчыкам секцыі навукі і асветы ЦК КП(б)Б. У 1931 г. В. К. Шчарбакоў быў выбраны акадэмікам Беларускай акадэміі навук і цалкам прысвяціў сябе навуковай і арганізацыйна-навуковай дзейнасці.
У 1931–1935 гг. стаў віцэ-прэзідэнтам, у 1935–1937 гг. сакратаром АН БССР. З 1931 па 1937 г. быў намеснікам дырэктара, а потым дырэктарам Інстытута гісторыі АН БССР. У 1934 г. В. К. Шчарбакову прысвоена званне доктара гістарычных навук. У 1931–1934 гг. ён працаваў прафесарам у Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе Беларусі, Мінскім педагагічным інстытуце, Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пры арганізацыі гістарычнага факультэта БДУ ў 1934 г. В. К. Шчарбакоў прызначаны першым дэканам. Паралельна з арганізацыйнай дзейнасцю займаўся навуковай. Яму належыць каля 30 навуковых работ, у тым ліку 4 манаграфіі па гісторыі сялянскага руху ў перыяд феадалізму, гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі, крыніцазнаўстве, гістарыяграфіі і некаторых іншых праблемах («Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930), «Пытаннi культуры i асветы на XIII зъездзе КП(б)Б» (1931), «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларус» (1934), «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізму» (1935) і інш.). Адным з першых савецкіх даследчыкаў паспрабаваў у абагульняльнай працы «Нарыс гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1934; 2-я частка затрымана ў друку) раскрыць з марксісцкіх пазіцый гісторыю Беларусі са старажытнага часу да XVIII ст. Навуковая дзейнасць і жыццё В. К. Шчарбакова перарваны рэпрэсіямі. 21 ліпеня 1937 г. яго арыштавалі. Быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 29 чэрвеня 1938 г. у Мінску. Рэабілітаваны 25 ліпеня 1957 г.