Дата рождения:
21.09.1953 Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
жывапісец, творы якога знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Расіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыi, ЗША, Польшчы і Iталii, педагог, аўтар шэрага вучэбна-наглядных дапаможнікаў, адзін з распрацоўшчыкаў Адукацыйнага стандарта па накірунках спецыяльнасці, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2005), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2008), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках:
Alsheuski Viktar Uladzimiravitch (не определен); Альшевский Виктор Владимирович (русский); Ольшевский Виктор Владимирович (русский);
4063 символа
Справка
Віктар Уладзіміравіч Альшэўскі належыць да таго пакалення мастакоў, якое ўвайшло ў актыўнае творчае жыццё 1970-х гг. пошукамі новай пластычнай мовы. Яго творчасць грунтуецца на лепшых дасягненнях беларускай мастацкай школы – фігуратыўнасці, метафарычнасці, духоўнай шчырасці, прыгажосці і вобразнасці.
Нарадзіўся В. Альшэўскі ў в. Вугольшчыне Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Мастака заўсёды жывіла вясковая мудрасць, павага да прыроды і чалавека, якія змагла прывіць маці. Пасля заканчэння ў 1972 г. Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка чатыры разы паступаў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу і толькі ў 1967 г. стаў студэнтам. Вучыўся ў выдатных педагогаў Г. Вашчанкі, В. Нямцова, М. Савіцкага, дзякуючы якім яго студэнцкія работы вылучаліся разнастайнымі пошукамі кампазіцыі, своеасаблівасцю тэм, глыбінёй думкі. У 1980 г. В. Альшэўскі скончыў інстытут і чатыры гады стажыраваўся ў Творчых майстэрнях жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску. У 1984 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
На працягу доўгіх гадоў В. Альшэўскі быў звязаны з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Пачынаў дзейнасць на кафедры малюнка, з 1995 г. выкладаў жывапіс на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (спачатку – дацэнт, потым – прафесар). З 2005 па 2008 г. кіраваў творчай майстэрняй дызайну ААТ “Керамін”, з 2011 г. узначальвае ДУК «Творчыя майстэрні “Цэнтр сучаснага мастацтва”».
У беларускім выяўленчым мастацтве творчасць В. Альшэўскага займае асобнае месца. Яго палотны пры ўсёй дэкаратыўнасці, яркасці, кампазіцыйнай прадуманасці захоўваюць моцны філасофскі падтэкст. Пустыня і падарожны, які нясе на плячах храм. Заарканены кентаўр за імгненне да падзення ў нейкую яму-пастку. Бяззбройныя воіны, што слепа ідуць праз залітую халодным месячным святлом раку. Ікар, які падае ўніз і сімвалізуе разлад паміж імкненнем душы і магчымасцямі цела. Амаль у кожнай карціне гадзіннік – сімвал часу і прасторы, птушкі – людзі, кола – калаўрот жыцця, ракавіны – дамы, совы – мудрасць. Усе вобразы, сабраныя разам, на першы погляд нічым не звязаны, успрымаюцца ірэальна, як зашыфраванае пасланне. Віктар Альшэўскі свядома насычае карціны шматлікімі знакамі, сімваламі, і кожная работа становіцца загадкай, якую трэба асэнсаваць і разгадаць гледачу. Мастак заклікае не засяроджвацца на стэрэатыпах, не збядняць уласнае ўспрыманне, а даць волю фантазіі, інтуіцыі і пачуццям.
Жывапісныя работы В. Альшэўскага запамінальныя, незвычайна каларытныя, высокапрафесійныя. Яны ўражваюць, захапляюць, здзіўляюць, прымушаюць думаць. Найбольш вядомы наступныя карціны: “Адзінота” (1987), “У дзень нараджэння Вікторыі”, “Пяшчота” (абедзве 1996), “Кветкі для мужчын” (С. Далі прысвячаецца) (1998), “Аўтапартрэт з жонкай і дачкой” (2000–2003), “Карыятыды” (2005), “Загадкавая Кападокія” (2006–2007), “Партрэт Вікторыі Альшэўскай”, “Крэмль”, “Венецыя” (усе 2009), “Аўрора”, “Карона”, “Глорыя” (усе 2010–2011) і інш.
З 1980 г. В. Альшэўскі ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх выстаўках, праводзіць персанальныя. Яго творы захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), фондзе Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), калекцыі Мастацкага фонду Саюза мастакоў Расіі, галерэях “Spectrum” (Германія), “Fylkesgalleriet” і “BI-Z” (Нарвегія) і іншых, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі. За серыю карцін “Лісты часу” (2000–2004) у 2005 г. атрымаў прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У 2008 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі ў галіне мастацтва за серыю жывапісных твораў для залы ўрачыстых пасяджэнняў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Віктар Альшэўскі з’яўляецца таксама аўтарам аўтабіяграфічнай кнігі “Уражанне раўнавагі, альбо Лесвіца ўверх” (2005).