Нарадзіўся будучы майстар разца ў в. Вуглы Бабруйскага раёна ў набожнай сям’і бакеншчыка і рыбака. Яшчэ школьнікам Карней Іосіфавіч упершыню ўзяўся за разец, каб увасобіць у дрэве сцэны з жыцця сваіх землякоў. Сур’ёзныя крокі да сапраўднага мастацтва юнак пачаў рабіць толькі падчас вайсковай службы, дзе займаўся маляваннем. Адсюль ён пайшоў у вялікі свет мастацтва, сакрэты якога спасцігаў спачатку ў славутым Абрамцаве – мастацка-прамысловым вучылішчы ў Падмаскоўі (1966–1970), потым у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1971–1976). Вучоба больш пашырыла кругагляд і дыяпазон майстэрства. Уласнае няўтольнае жаданне, самаўдасканальванне плюс выдатныя настаўнікі – народныя мастакі Беларусі А. Бэмбель, А. Анікейчык, А. Арцімовіч, Г. Мурамцаў і іншыя, мастацкае асяроддзе сталіцы далі вельмі шмат.
Доўгі час ён працаваў у Бабруйскім філіяле абласных мастацка-прамысловых майстэрняў (1976–1988). У 1989 г. пераехаў у Магілёў. З 1989 г. па 1992 г. К.І. Аляксееў узначальваў абласную арганізацыю Саюза мастакоў Беларусі.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1974 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1981 г. Выклікае міжвольную павагу на рэдкасць шырокі творчы дыяпазон майстра: камень і дрэва, метал, гіпс, анімалістыка, мемарыяльныя дошкі, медальернае мастацтва. Працуе К.І. Аляксееў у станковай і манументальнай скульптуры, пераважна ў жанры партрэта. Сярод твораў “Партрэт маладой будаўніцы” (1975), помнік-бюст “Герой Савецкага Саюза ст. сяржант М.П. Чэпік” (1980; в. Блужа Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці); кампазіцыі “Першы ўраджай”, “Пад мірным небам”, “Выратаванне”, “Анёл-ахоўнік”, “Жаночы партрэт”; вобразы выдатных дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі Я. Коласа, Ф. Скарыны, М. Багдановіча, С. Полацкага, Г. Каніскага і інш.
Першая выстаўка Карнея Іосіфавіча адбылася ў Ленінградзе ў 1973 г., калі сярод твораў таленавітых мастакоў-студэнтаў былі прадстаўлены і яго творы. На сёняшні дзень колькасць персанальных міжнародных і рэспубліканскіх выставак складае больш за 20: Магілёў (1994), Бабруйск (1984), Гродна; краіны блізкага і далёкага замежжа: Балгарыя (1988), Польшча (1987), Англія (1993), Італія (2001).
Карней Іосіфавіч з’яўляецца пастаянным удзельнікам скульптурных пленэраў у Светлагорску (2004, 2005, 2007), Магілёве (1989, 1993, 2003, 2004, 2005), Мінску (1989, 2006), Гродне (1988), Гомелі (2001, 2002). Падчас працы на пленэрах ім было створана шмат запамінальных манументальных рэчаў, якія сёння можна ўбачыць на вуліцах і скверах гарадоў нашай краіны: “Адраджэнне (1989), “Муза” (2003), “Прабуджэнне Дняпра (2004), “Царэўна-жаба” (2005), “Сон смаўжа” (2006) і інш. Неаднаразова майстар быў адзначаны дыпломамі I, II, i III ступеняў.
К.І. Аляксееў стварыў шэраг мемарыяльных дошак у гонар славутых людзей і падзей беларускай гісторыі – бронзавыя мемарыяльныя дошкі з натхнённа-гераічнымі тварамі свяціцеля Георгія Каніскага (“Архіепіскап Беларускі і Магілёўскі Георгій Каніскі”, генерала Івана Болдзіна, старшага лейтэнанта Мікалая Яшына (“Герой Савецкага Саюза М.І. Яшын”); у гонар падпольнай бібліятэкі “Праўдзістаў” і інш.
З яго скульптур паўстаюць перад намі працавітыя людзі, якія жывуць адвечнымі клопатамі аб дабраце і чалавечнасці, якія мараць, шукаюць, здзяйсняюць.
Работы майстра можна сустрэць у музеях горада Габрава (Балгарыя), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава: “Прарок” (1990), ”Францыск Скарына” (1990), “Хлеб” (1990), “Малітва” (1994), “Жаночы партрэт” (1990), “Будаўнік Бабкоў” (1988), “Сустрэча” (1986), “Сон” (1992), “Юнацтва” (1992); Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь: “Першая бронза” (1976), партрэт Героя Савецкага Саюза старшага сяржанта М.П. Чэпіка (1980); Літаратурным музеі М. Багдановіча: “Сон паэта” (1991); Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь: “Сімяон Полацкі” (1992); Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі: “Партрэт бацькі” (1987), “Думы прынёманскія”; Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Я. Раманава: “Георгій Каніскі” (1992); Светлагорскай карціннай галерэі імя Пранішнікава: “Студэнтка” (1980), “Будаўнік” (1988), “Муса Джаліль” (1980), “Будаўнік Кірылава” (1980), “Прашу слова” (1987), “Яніна” (2005); Горацкім краязнаўчым музеі: “Фігура Пятра І” (1986); Крычаўскім краязнаўчым музеі: “Партрэт партызанкі” (1991); Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі: “Прадзед” (1993), у навучальных установах Бабруйска, Магілёва, а таксама ў прыватных калекцыях замежных калекцыянераў.
Жыве і працуе скульптар у г. Магілёве.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.