Дата рождения: 06.01.1953 Дзяржынск, г., Мінская вобласць
Дата смерти: 26.05.2017
Краткая справка: графік
Имена на других языках: Alexandrovitch Anatol Vyatchaslavavitch (не определен); Александрович Анатолий Вячеславович (русский);
Эмацыянальнасць і выразнасць вобразаў, шчырасць пачуццяў і высокае прафесійнае майстэрства – так можна ахарактарызаваць работы мастака Анатоля Вячаслававіча Александровіча, творчасць якога з’яўляецца адметнай з’явай у беларускай культуры.
Ён нарадзіўся ў г. Дзяржынск Мінскай вобласці. Пасля заканчэння пачатковай школы быў прыняты ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, якая знаходзілася ў Мінску (цяпер гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка). Выкладчыкі адразу звярнулі ўвагу на таленавітага вучня, на яго імкненне эксперыментаваць з колерам і формай, знаходзіць арыгінальныя прыёмы адлюстравання тэмы, рабіць цікавыя замалёўкі і кампазіцыі. У час вучобы А. Александровіч авалодаў асновамі акадэмічнага малюнка і жывапісу і пасля восьмага класа паступіў у Дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава) на педагагічнае аддзяленне, дзе найбольш адметна праявіліся яго неардынарныя здольнасці. Курсавыя работы А. Александровіча вылучаліся арыгінальнасцю і індывідуальнасцю. Сур’ёзным вынікам стала дыпломная работа – палатно “Вяселле” (1973), напісанае алеем. Стварыўшы шматгранную кампазіцыю, выкананую ў светла-блакітным каларыце, малады мастак прадэманстраваў сапраўднае майстэрства. Нягледзячы на знешнюю прастату сюжэта, карціна вылучалася пяшчотнасцю, узвышанасцю пачуццяў, вытанчаным і гарманічным пластычным рашэннем. Пасля заканчэння вучылішча А. Александровіч некаторы час працаваў у школе. У 1973 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у майстэрню вядомага графіка В. Шаранговіча, пад уплывам якога ў перыяд вучобы вызначылася творчае крэда мастака. Яго першыя студэнцкія графічныя аркушы вызначаліся глыбокай трактоўкай тэм, манументальна-містычнымі вобразамі, экспрэсіўнай выяўленчай мовай. Гэтыя рысы яскрава праявіліся ў дыпломнай рабоце – серыі ілюстрацый да паэмы М. Чарота “Босыя на вогнішчы” (1978). Выкананыя ў тэхніцы афорта, яны – дынамічныя, прасякнутыя напружанымі эмоцыямі, – уражвалі мастацкім узроўнем. У 1979 г. А. Александровіч скончыў вучобу і быў прызваны ў армію. У час службы займаўся афармленнем Дома культуры ў ваенным гарадку Уручча (Мінск), дзе зрабіў манументальны роспіс і дыяраму, якая адлюстроўвала баявыя эпізоды ваеннага часу. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі часопіса “Беларусь”. У 1989 г. быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З 1982 г. А. Александровіч прымаў удзел ў рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Яго першая персанальная выстаўка праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у лютым – сакавіку 2018 г. (на жаль ужо пасля смерці мастака). На ёй было прадстаўлена каля 80 работ. У гэтым жа годзе экспазіцыя твораў А. Александровіча разгарнулася на яго малой радзіме ў Дзяржынскім гісторыка-краязнаўчым музеі. У ліпені 2018 г. у Смілавічах на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прайшла перасоўная выстаўка майстра, а восенню вялікая калекцыя работ экспанавалася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Якуба Коласа.
Анатоль Александровіч працаваў у розных жанрах графічнага мастацтва: у станковай, кніжнай і часопіснай графіцы. Ілюструючы апавяданні, урыўкі з раманаў і аповесцей, што друкаваліся на старонках рэспубліканскіх часопісаў, ён уважліва прачытваў літаратурны тэкст, вывучаў творчасць аўтара, сустракаўся з ім. Асабліва плённай была праца на пасадзе рэдактара “Дзіцячай газеты”. Яна пачала выдавацца ў 1990-я гг. і пад кіраўніцтвам А. Александровіча хутка набыла шырокую вядомасць у рэспубліцы. У пачатку 2000-х гг. мастак стаў заснавальнікам двух уласных перыядычных выданняў, якія палюбіліся маленькім чытачам. Ён паспяхова супрацоўнічаў і з рэспубліканскімі выдавецтвамі “Юнацтва”, “Народная асвета” і іншымі, дзе афармляў буквары і падручнікі, кнігі беларускіх пісьменнікаў для дарослых і дзяцей. Асабліва вылучаюцца ілюстрацыі да літаратурных твораў “Ваніна Ваніні” Стэндаля (1983), “Замак Броўдзі” А. Кроніна (1990), “Усе людзі ворагі” Р. Олдынгтона (1990), да зборнікаў “Выйдзі з сэрцам як з паходняй!... ”: выбранае Я. Купалы (1982), “Тытунёвая кветка” : анталогія сучаснай кубінскай паэзіі (1986), “Творы: вершы, нарысы, пераклады, лісты Я. Лучыны” (1988), гісторыка-літаратурных эсэ “Памяць пра легенды. Героі беларускай даўніны” К. Тарасава (1990) і інш. Апошняй буйной працай стала серыя малюнкаў да кнігі выбраных твораў К. Крапівы “На вастрыі” (2016). Аздабленнем твораў А. Александровіч так захапляўся, што яго ілюстрацыі часта ператвараліся ў маштабныя станковыя аркушы, якія выходзілі далёка “за межы кнігі”. У выніку ўзнікалі мастацкія серыі, якія склалі асобную старонку творчасці А. Аляксандровіча. Сярод іх – афорты “Старая Рудзіца” (1982), “Песні жальбы” (1984), “Вялікая Айчынная” (1985), трыпціх “Я ад вас далёка” (1982), графічны аркуш “Ты снішся мне, Няміга” (1985), цыкл “На зямлі трэба жыць” (1989) і інш. Класічнымі работамі лічацца аркушы, прысвечаныя беларускаму першадрукару Ф. Скарыне, створаныя ў 1993 г. Самастойным жанрам у творчасці А. Александровіча сталі малюнкі пяром і алоўкам. Найбольш вядомыя сярод іх – графічныя работы, зробленыя ў 1980-я гг. паводле твораў Я. Купалы і А. Міцкевіча,
У сваіх працах мастак увасобіў класічныя традыцыі еўрапейскай графікі – змястоўную насычанасць і маштабнасць сюжэтаў, вытанчаную прыгажосць лініі, дынамічнасць штрыха. Разам з тым ён унёс у айчыннае мастацтва напружаную экспрэсіўнасць вобразна-выяўленчых рашэнняў. Моцны эмацыянальны лад твораў мастака выходзіць далёка за межы вузка-жанравый тэматыкі і адкрывае гледачу псіхалагічную глыбіню зместу. Пачаўшы актыўную творчую працу ў 1980-х гг., А. Александровіч стаяў ля вытокаў фарміравання новага для беларускай графікі мастацкага кірунку, які можна назваць графічным экспрэсіянізмам. Лепшыя творы майстра займаюць пачэснае месца ў калекцыях буйных музеяў нашай краіны. Сярод іх – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа. Работы А. Александровіча знаходзяцца ў прыватных калекцыях аматараў мастацтва розных краін, у тым ліку Канады, ЗША, Германіі, Францыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.