Дата рождения: 09.01.1963 Дамавіцк, в., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: мастак манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2011)
Варианты имени: Суша Аляксандр Сямёнавіч
Имена на других языках: Susha Ales Syamionavitch (не определен); Суша Александр Семенович (русский);
“Мастак падсвядома нерэалістычнага ўвасаблення рэалістычных тэм”*, – менавіта так ахарактарызавана творчасць А. Сушы ў адным з артыкулаў, прысвечаных яго асобе. Нарадзіўся мастак у в. Дамавіцк Чэрвеньскага раёна на Міншчыне. З адзінаццаці гадоў пачаў вучыцца мастацтву ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (цяпер Беларуская гімназія-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка), якую закончыў у 1981 г. У 1986 г. скончыў манументальна-дэкаратыўнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і быў размеркаваны ў Брэст. Выконваў розныя заказы па манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Па словах мастака, гэта быў самы першы этап, ранні перыяд у яго творчасці. Пасля службы ва Узброеных Сілах два гады стажыраваўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску, якімі кіраваў тады М.А. Савіцкі, і ўдасканаліў свае навыкі ў станковым жывапісе.
Працуе А. Суша ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве і ў станковым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа і нацюрмортра. У станковым жывапісе шмат месца ў яго творчасці займае ўвасабленне на палатне жаночых вобразаў. У гэты перыяд мастак пераходзіць ад шматколернай палітры, мяняе тактыку напісання карцін і выбірае адзін дамінуючы колер – карычневы паўтон. “Галерэя яго жаночых вобразаў нагадвае альбом са старымі фотаздымкамі, якія выцвілі ад часу, дзе ў розныя моманты жыцця адлюстраваны бабулі, матулі, нявесты, унучкі”.** Па словах спецыялістаў, яго карціны па тэхніцы нагадваюць дзіцячыя малюнкі, навяваюць настальгічныя ўспаміны.
Шэраг твораў мастак прысвяціў тэме прыроды, беларускім краявідам. Ён многа выязджае на эцюды ў прыгожыя беларускія мясціны – на Вілейшчыну, Мядзельшчыну і інш. Асноўныя карціны мастака***: “Родны край. Успаміны з войска”, “Стары мост”, “Мур”, “Дзяды”, “Блудны сын”, “Дзедава лямпа”, “Мімозы”, “Паланэз”, “Бабуліна люстэрка”, “Фатаграфія на дзядуліным стале”, “Радаўніца”, “Свята”, “Першы выхад”, “Вясковая брукаванка”, “Бэз цвіце”, “Квецень”, “Рабіна”, “Давай сябраваць” (1989), “Чаканне”, “Сцяна”(абедзве 1990), “Старая вішня” (1991), “У бані”, “Зімні вечар” (абедзве 2002), “Зімой”, “Пах малака” (абедзве 2004), “Мара” (2005), “У кафэ”, “Сон”, “Лірнік” (усе 2006), “Зімні пейзаж”, “Зімовае возера”, “Раніца”, “Музыка” (усе 2007), “Крэва” (2009) і інш.
Адна з жывапісных работ А. Сушы сярод мноства іншых твораў прафесійных мастакоў упрыгожвае інтэр’ер новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта шматфігурная кампазіцыя “Кірмаш” (2006). Уяўляе сабой Магілёў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Па словах мастака, яму хацелася паказаць, як жылі і што адчувалі простыя гараджане і гараджанкі Беларусі на пераломе двух стагоддзяў. Карціна напісана з выкарыстаннем карычневага колеру з адценнямі жоўтага і надзвычай маляўніча перадае ўнікальную духоўную аўру, звязаную з каларытам гарадскога гандлю, характэрнай магілёўскай архітэктурай, персанажамі дзейства.
Сярод твораў манументальнага мастацтва – фрэскавы роспіс на тэму “Перамога” ў аднайменным мінскім кінатэатры (1990–1991, у суаўтарстве), сграфіта ў ПТВ г. Белаазёрска, мазаікі ў прафілакторыі Брэсцкага электрамеханічнага завода, цыкл мазаік капліцы Мемарыяльнага комплексу па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны ў Мінску (2011, у суаўтарстве). Адкрыццё гэтага мемарыяла адбылося 14 жніўня 2011 г. у Мінску. Ён размясціўся на зямельным участку паміж сённяшняй вуліцай Чарвякова і Старавіленскім трактам, на тым месцы, дзе ў 1914 г. з’явіліся Мінскія брацкія могілкі. Мемарыял створаны па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Яго цэнтрам стала збудаваная і асвечаная капліца ў гонар іконы Божай Маці “Знаменне”. Мазаічнае афармленне інтэр’ера капліцы зрабілі беларускія мастакі-манументалісты С. Бышнёў, А. Суша і В. Чайка. Іх мазаічны цыкл уключае наступныя работы: “Маці Божая “Знаменне”, “Этымасія з серафімамі, якія маюць быць”, “Архангел Міхаіл”, “Спас Нерукачынны” на ўбрусе”, “Архангел Гаўрыіл” і ў купале – арнаментальная кампазіцыя. Па сведчанні спецыялістаў, усе гэтыя творы выкананы на найвышэйшым прафесіянальным узроўні. У прыватнасці, падкрэсліваецца: “Кампазіцыйна-цэласныя, гарманічныя па колеры, ідэальна “ўкампанаваныя” ў інтэр’ер капліцы, сваім духоўным зместам яны [мазаікі] узвышаюць і ачышчаюць душу чалавека”.*** Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2012 г. аўтарскаму калектыву грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” у складзе мастакоў Бышнёва Сяргея Іванавіча, Сушы Аляксандра Сямёнавіча, Чайкі Валерыя Паўлавіча – за цыкл мазаік капліцы ў гонар іконы “Знаменне Прасвятой Багародзіцы” Мемарыяльнага комплексу па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны на месцы Мінскіх брацкіх могілак 1914–1918 гг. прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2011 года.
Алесь Суша з 1988 г. прадстаўляе свае творы на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках, часта арганізоўвае персанальныя выстаўкі ў Мінску і за межамі краіны. Ён быў удзельнікам міжнароднай выстаўкі маладых мастакоў у Берліне (1990), яго работы экспанаваліся ў Варшаве (1992), Гданьску, Сопаце, Маскве (1992–1993). З 1995 па 1999 гг. адбыліся персанальныя выстаўкі ў Празе, Брно, Маскве, групавыя ў Бруселі, Парыжы, Зальцбургу, Вене. У 2005 г. ён быў удзельнікам аўкцыёну Крысці ў Лондане.
Адна з выставак апошняга часу – персанальная выстаўка “Яблычны спас” у сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яна адкрылася 21 жніўня 2012 г. Па словах мастака, гэта выстаўка стала своеасаблівай справаздачай за пяцігоддзе. У экспазіцыі былі прадстаўлены творы, што адзначаны стыпендыяй Міністэрства культуры ў 2011 г., пад агульнай назвай “Мястэчкі”. На карцінах гэтага цыкла – старадаўнія маёнткі Беларусі, якія не рэстаўрыруюцца і фактычна знікаюць. Экспазіцыйныя плошчы музея дазволілі паказаць таксама значную колькасць работ з краявідамі, карціны з жаночымі вобразамі.
Шмат часу аддае мастак грамадскай дзейнасці. У 1991 г. прыняты ў члены Беларускага саюза мастакоў. З 2009 г. – старшыня секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў. Творы А. Сушы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, у галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.
* Чырвоная змена. – 1998. – 5 снежня. – С. 5.
** Голас Радзімы. – 2000. – 23 жніўня. – С. 4.
*** Год напісання некаторых работ, уключаных у пералік, не ўдалося выявіць.
**** Культура. – 2012. – 7 студзеня (№1). – С. 2.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.