Дата рождения: 02.01.1953 Вясёлы Гай, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: скульптар, аўтар твораў у манументальнай і станковай скульптуры, пластыцы малых форм, медальерным мастацтве, педагог, лаўрэат прэміі Беларускага саюза архітэктараў (2001), спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь (2003), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2010)
Имена на других языках: Finsky Aliaxandr Mikhailavitch (не определен); Финский Александр Михайлович (русский);
Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч Фінскі ў сям’і медыкаў. З самага ранняга дзяцінства натхнёна захапляўся выяўленчым мастацтвам. “…и процесс этот был совершенно неуправляем”, – іранічна адзначаў мастак у адным са сваіх інтэрв’ю.* Пасля заканчэння пачатковай школы ў Мар’інай Горцы (1964) паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер Беларускі рэспубліканскі вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка). Жывапісу вучыўся ў А. Казака, а педагогамі аддзялення скульптуры былі Б. Лазарэвіч, Л. Давідзенка. З 1971 па 1977 гг. вучыўся на кафедры скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) ў А. Арцімовіча, Г. Мурамцава, А. Анікейчыка. З 1977 г. пачалася яго педагагічная дзейнасць у школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка, а з 1991 г. – у Беларускай акадэміі мастацтваў.
Паспяхова склалася і яго творчая дзейнасць у манументальнай і станковай скульптуры. У творчым выбары аддае перавагу не сацыяльным заказам, а стварэнню высокамастацкіх твораў для паказу на выстаўках, у якіх ён прымае ўдзел з 1975 г. Мастацкія выстаўкі і ўдзел творцаў у іх, як сцвярджаюць спецыялісты, адкрываюць магчымасць “свабоднай творчасці” і эксперымента, магчымасць заявіць мастаку пра сабе. Вялікі рэзананс і цікавасць у грамадстве на той час выклікала групавая выстаўка 1984 г. чатырох маладых беларускіх скульптараў А. Мятліцкага, А. Фінскага, А. Кузняцова і У. Слабодчыкава. Гэта была першая выстаўка толькі скульптурных работ. Яна экспанавалася ў прэстыжных залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва), і аб ёй пісалі, як аб значнай з'яве ў беларускай культуры, што паўплывала на далейшыя працэсы змен тэм, зместу і нават формаўтвараючага прынцыпу ў беларускай скульптуры. З гэтага часу А. Фінскі становіцца пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак.
Станковыя творы А. Фінскага характарызуюцца кампазіцыйнай завершанасцю, пластычнай выразнасцю вобразаў. Аўтар кнігі “Белорусская школа скульптуры” І.А. Арцімовіч адзначае: “Станковые произведения А. Финского склонны к обобщенным формам, они несут лирические интонации. Цельность, мягкость пластики их скульптурных форм, чувственность, искренность, некая задумчивая созерцательность свойственна этим работам”**. Сярод найбольш вядомых станковых работ: “Малады мастак”, “Студэнт” (абедзве 1977), “Мары” (1978), “Жаночы партрэт”, “Гульня для мужчын” (абедзве 1983), “Балада аб міры” (1983, прэмія камсамола Мінскай вобласці, 1986), “Без весткі прапаўшым прысвячаецца” (1984), “Кола лёсу” (1994), “Вестка” (1998), “Спакуса”, “Возера дзяцінства” (абедзве 2000) і інш. Манументальныя работы: кампазіцыя “Калыска” ў парку імя Я. Купалы (1988), “Багі Алімпа” (1995), аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя са святлом для банка “Алімп” (усе ў Мінску); “Анёл-ахоўнік” (1989) у г. Нясвіжы; “Беларускія святы” (1993) для Беларускага культурнага цэнтра ў г. Дортмунд (Германія). Аляксандр Фінскі з’яўляецца аўтарам надмагільнага помніка народнаму мастаку БССР А. Анікейчыку (1989), рэльефа “Максім Багдановіч” (1991) для бібліятэкі імя М. Багдановіча, мемарыяльных дошак народным артыстам БССР У. Алоўнікаву і С. Данілюк, народнаму мастаку БССР А. Анікейчыку (усе ў Мінску), музыканту, кампазітару, педагогу Г. Віняўскаму (Масква), знака "Нулявы кіламетр" на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску (архітэктар А. Сардараў, 1998), алтара капэлы ў замку Яйтхоф у Аўстрыі (1999). Выканаў медалі “Песня пра зубра” (1980), “В. Дунін-Марцінкевіч – драматург” (1982), “Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда”, “Леў Талстой”, “У. Шэкспір” (усе 1983), “У. Караткевіч”, “Я. Купала” (абедзве 1995) і інш.
Высокімі творчымі дасягненнямі адзначаны сучасны перыяд дзейнасці Аляксандра Міхайлавіча. ХХІ ст. унесла ў манументальнае мастацтва значныя перамены, змянілася манументальная трактоўка вобразаў. “Аўтары пачалі засяроджваць увагу на псіхалагічных, маральных і гуманістычных аспектах манументальнай скульптуры, – адзначае мастацтвазнаўца Н. Шаранговіч і, спасылаючыся на некаторыя са створаных помнікаў гэтага перыяду, дадае: – Камерныя па сваім характары, у большай ступені суразмерныя чалавеку, такія творы мастацтва арганічна ўпісаліся ў прыроднае і гарадское асяроддзе” ***.
10 ліпеня 2000 г. на перакрыжаванні вуліц Мельнікайтэ і Заслаўскай у Мінску на месцы масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны быў урачыста адкрыты мемарыял “Мінскае гета” або “Яма”. Праект распрацаваны ў творчай архітэктурнай майстэрні Л. Левіна, кіраўніка праекта. Мадэль скульптурнай кампазіцыі зроблена ізраільскім скульптарам Эльзай Полак, якая была вязнем канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц” і перажыла ўсе жахі, што спасціглі яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны. З беларускага боку над помнікам працаваў скульптар А. Фінскі, які здолеў, па словах спецыялістаў, адчуць дух трагедыі, зразумець ідэю мемарыяла і ва ўласную пластычную інтэрпрэтацыю фігуратыўнай часткі ўнесці сваё, сучаснае бачанне тагачасных падзей. Кампазіцыйнай дамінантай стала скульптурная група “Апошні шлях”, што прадстаўляе сабой сплеценых між сабой 27 бронзавых фігур-ценяў, якія спускаюцца ў яму на расстрэл. Мемарыялу надае дадатковую сілу ўздзеяння тактоўна выкарыстаны прынцып аўтэнтычнасці месца падзеі, бо само жалобнае месца расстрэлаў ёсць помнік. “Яма” – адзін з найлепшых сучасных беларускіх помнікаў, прысвечаных трагічным падзеям Другой сусветнай вайны, – адзначае кандыдат мастацтвазнаўства, скульптар П. Вайніцкі. – У адрозненне ад афіцыйных аб’ектаў – пераважна “нашчадкаў” стылістыкі сацыялістычнага рэалізму, гэты помнік належыць да нешматлікага шэрагу беларускіх мемарыялаў-сведкаў. Мемарыялаў, якія не выкрываюць і не асуджаюць, а трактуюць вайну як велізарную, жудасную людскую трагедыю”.**** У 2001 г. скульптар А.Фінскі ў складзе аўтарскага калектыву ўдастоены прэміі Беларускага саюза архітэктараў у галіне манументальнага мастацтва за мемарыял “Яма. Мінскае гета”.
У 2002 г. А. Фінскі быў удзельнікам Міжнароднай выстаўкі скульптуры ў Пекіне, на якой была высока ацэнена яго конкурсная работа “Вячэрні блюз”. Скульптурная кампазіцыя ўстаноўлена ў Міжнародным алімпійскім парку скульптуры ў Пекіне. За яе стварэнне ў 2003 г. Аляксандру Міхайлавічу была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Знамянальным для скульптара стаў і наступны год. 7 верасня 2003 г. на свяце беларускага пісьменства ў Полацку быў адкрыты помнік Сімяону Полацкаму. Бронзавая постаць вялікага сына зямлі беларускай устаноўлена на цэнтральнай плошчы горада. 4 кастрычніка 2003 г. у Мінску, у скверы на перасячэнні сталічных вуліц Няміга і Гарадскі Вал, адбылося адкрыццё помніка класіку сусветнай паэзіі, сучасніку і сябру А.С. Пушкіна – Адаму Міцкевічу. Помнік паэту створаны ў суаўтарстве з А. Заспіцкім, архітэктар – Г. Фёдараў.
Сярод іншых манументальных твораў А. Фінскага гэтага часу – помнік вызваліцелям горада Рагачова (архітэктар Г. Фёдараў, 2004), крылаты сімвал-прыз Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера” (2005), скульптурныя кампазіцыі антычных муз для фасада адноўленага будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета ў Мінску (у суаўтарстве, скульптары М. Шкробат, Г. Буралкін, 2006–2009), фігуратыўны алегарычны рэльеф “Летапісец” для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2006). Адзін з найбольш велічных і высокамастацкіх твораў апошніх гадоў – скульптурная кампазіцыя А. Фінскага “Дзеці, абпаленыя вайной” (2007) у ансамблі мемарыяла моцнага трагедыйнага гучання “Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” у г. п. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Мемарыял у Чырвоным Беразе ўжо атрымаў у народзе назву “Дзіцячая Хатынь”. Ён знаходзіцца на месцы адной з вёсак, дзе фашысты стварылі зборны пункт для дзяцей з мэтай далейшай адпраўкі іх у Германію ў якасці донараў для лячэння раненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Вядома, што толькі ў Чырвоным Беразе ахвярамі фашыстаў сталі 1 990 падлеткаў, у тым ліку 15 дзяцей з Чырвонабярэжскага сельскага савета, прозвішчы якіх вядомы. Гэтыя трагічныя падзеі сталі асновай для стварэння помніка-мемарыяла, спраектаванага творчай майстэрняй заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь Л. Левіна. Мемарыял дзецям-ахвярам вайны, аналагаў якому не было ні ў краінах СНД, ні ў Еўропе, быў адкрыты 28 чэрвеня 2007 г. За стварэнне мемарыяла “Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” у г. п. Чырвоны Бераг творчаму калектыву ў складзе Л. Левіна, А. Фінскага і С. Катковай прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2010 года.
Творы А. Фінскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
* Рэспубліка. – 2010. – 10 чэрвеня. – С. 6.
** Артимович, И. А. Белорусская школа скульптуры = Belarusian school of sculpture / И. А. Артимович ; Белорусская государственная академия искусств. – Минск, 2011. – С. 135.
*** Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе = Современная белорусская скульптура. XXI век = Modern Belаrusian Sculpture. XXI century : альбом. – Мінск, 2012. – С. 4.
**** Роднае слова. – 2005. – № 12. – С. 75.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.