Васіль Чайка – адзін з піянераў манументальнага жывапісу на сучасным этапе. Прыход яго ў мастацтва адзначаны новым, “прафесійным” этапам развіцця манументальнага мастацтва краіны.
Нарадзіўся ў в. Гута Кіраўскага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1963), манументальнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1968). Яго настаўнікі – У. Стальмашонак, Г. Вашчанка, А. Кішчанка, А. Шаўчэнка. З 1966 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Працуе ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве і станковым жывапісе.
Пасля заканчэння вучобы малады мастак шмат працуе як манументаліст, удзельнічае на вернісажах са станковымі работамі: партрэтамі, краявідамі, нацюрмортамі. З 1973 г. член Беларускага саюза мастакоў. З 1986 г. член КПСС.
Значным творчым дасягненнем з’яўляюцца выкананыя ім у 1970-х гадах вітражы “Настаўнікі розных кантынентаў”, “Мір” (1973) у будынку інстытута замежных моў; сграфіта “Беражыце зямлю” (1975) у міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце Цэнтральнага раёна г. Мінска; вітражы “Поры года” (1978) у навукова-даследчым інстытуце раслінаводства ў г. Жодзіна Мінскай вобласці; работы ў Палацы шлюбаў Фрунзенскага раёна г. Мінска (1979). Дынамічныя кампазіцыі, ідэйна-тэматычная змястоўнасць, выразныя малюнкі, гарманічны “каларыт” – усё сведчыць пра здольнасці мастака.
У творах В. Чайкі заўсёды прачытваецца думка пра адзінства чалавека з роднай зямлёй і прыродай краю, перададзена гармонія і прыгажосць гэтага адзінства, адчуваецца пачуццё радзімы, кантакт з народнай творчасцю: роспіс “Песня Беларусі” (“Беларусь – мая песня”), выкананы ў тэхніцы энкаўстыкі (жывапіс фарбамі, разведзенымі гарачым воскам), створаны ў суаўтарстве ў Палацы культуры Мінскмантажбуда (1983).
Мастак досыць часта звяртаецца да вобраза маці. Часам гэта канкрэтная выява, а яшчэ часцей – абагуленая: “Маці”, “Чаканне”, “Маці-Радзіма”, “Маці-Зямля” і інш. Аўтабіяграфічнасць, шчыльная повязь з родным наваколлем – адметная рыса прац В. Чайкі: “Мае бацькі”, “Памяці брата”, “Мае землякі”, “Родны пейзаж”, “Бацькоўскі край”, “Інтэр’ер у маёй хаце”, “Аўтапартрэт з гітарай” і інш.
Жыве ў Мінску, працуе галоўным мастаком мастацка-вытворчага камбіната.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.