Імя Пятра (Іштвана) Максавіча Явіча добра вядома не толькі на Віцебшчыне, але і далёка за межамі краю. Работы майстра экспанаваліся на абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных выстаўках, а таксама ў многіх краінах свету.
Нарадзіўся П. Явіч у г. Цёрэксентміклаш (Венгрыя). З 1926 г. жыў у Віцебску. Вучыўся ў майстэрні Ю. Пэна, размалёўваў адлітыя з гіпсу арнаменты, рабіў копіі карцін настаўніка. Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча (1938). Знакамітыя майстры выяўленчага мастацтва Ф. Фогт, У. Хрусталёў, І. Ахрэмчык, Л. Лейтман дапамаглі яму атрымаць грунтоўныя прафесійныя веды. У 1938 г. працаваў у Мінску ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР памочнікам дэкаратара. Праз некаторы час П. Явіч вярнуўся ў Віцебск, працаваў мастаком-рэтушорам у газеце «Віцебскі рабочы», у вольны час займаўся жывапісам. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Будапешта, Чэхаславакіі. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
У мастацкіх выстаўках П. Явіч удзельнічаў з 1940 г. У 1949 г. прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Ён быў прыхільнікам класічнага рэалізму. З’яўляўся адным з лепшых партрэтыстаў горада, пісаў з натуры. Творы майстра вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам і эмацыянальнай узнёсласцю вобразаў, дакладнасцю ў перадачы колеру, пластычнай выразнасцю форм, паэтычнасцю. У 1948 г. на абласной мастацкай выстаўцы экспанаваўся партрэт П. Явіча «Дзяўчынка ў блакітным». Вобраз першакласніцы атрымаўся вельмі шчыры, прасякнуты самымі светлымі пачуццямі. У 1957 г. карціна была прадстаўлена на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы. Пётр Явіч напісаў партрэты народных артыстаў Беларусі А. Радзялоўскай (1948), М. Звездачотава (1949), народных артыстаў Беларусі і СССР П. Малчанава (1949), А. Ільінскага (1953), а таксама В. Харужай (1961), партызанскіх камандзіраў М. Шмырова (1952), М. Біруліна (1963), Д. Райцава (1970) і іх сумесны відарыс «Тры камбрыгі» (1974), аўтапартрэты (1947, 1948, 1988) і інш. Асаблівае месца ў творчасці П. Явіча займаюць партрэты легендарнага партызанскага камандзіра М. Шмырова (бацькі Міная). У гэтым вобразе мастак паказаў сілу волі чалавека ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пётр Явіч – аўтар жанравых кампазіцый «Мары» (1959), «Заложнікі» (1960), «Станаўленне савецкай улады ў Віцебску» (1968), «Дзеці Міная» (1978). У 1968 г. П. Явіч напісаў партрэт М. Пасманава, які паўтарыў подзвіг І. Сусаніна і застаўся жывым. Партрэт атрымаўся вельмі рэалістычным, адлюстроўвае мудрасць, розум і ўпэўненасць героя. Мастак стварыў рад выдатных партрэтаў сваіх блізкіх – жонкі (1959, 1962), маці (1950), сына (1954), унукаў Пеці (1990) і Канстанціна (1993), праўнучкі (1997). Пётр Явіч мае вялікую серыю дзіцячых партрэтаў, кожны з якіх адрозніваецца вялікім абаяннем і непасрэднасцю. Высокае майстэрства жывапісца раскрылася ў жанры пейзажа: карціны «Каўказ» (1952), «Лужаснянка» (1983), «Астравы на Лучосе» (1990), «Лета» (1996), «Світанак над возерам» (1997), «Багна» (1998) і інш. Мастак заўважаў прыгажосць прыроды і ўмеў пераносіць яе на свае палотны. Ён напісаў таксама шмат нацюрмортаў. Асабліва любіў маляваць кветкі, на яго карцінах можна ўбачыць шмат цудоўных букетаў з руж, півонь, хрызантэм, віёл, бэзу, палявых і многіх іншых кветак.
Акрамя творчай работы П. Явіч займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў членам мастацкіх саветаў і выстаўкамаў. З’яўляўся адным з першых арганізатараў пасляваенных выставак у Віцебску, неаднаразова праводзіў персанальныя выстаўкі ў раёнах вобласці. У майстэрні жывапісца праходзілі семінары з мастакамі па пытаннях выяўленчага мастацтва, сустрэчы са студэнтамі, вучнямі, ваеннаслужачымі і інш.
Рэалістычная, праўдзівая і высокамастацкая творчасць П. Явіча з’яўляецца значным укладам у выяўленчае мастацтва Беларусі. Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і музеях іншых краін, у прыватных калекцыянераў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.