Дата рождения:
19.10.1837 Стрэшын, г. п., Жлобінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
27.04.1919
Краткая справка:
протаіерэй, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы
Духовные имена:
Иоанн Кормянский; Іаан Кармянскі
Имена на других языках:
Иоанн Гашкевич (русский); Иоанн Гошкевич (русский);
4175 символов
Справка
Праведнікі ў праваслаўі – гэта святыя, якія праславіліся сваімі справамі і святасцю не ў манастырах, а ў звычайных умовах (святыя з манаскага асяроддзя называюцца прападобнымі). Праведнікі дапамагалі гаротным і знясіленым, вылечвалі ад хвароб, умацоўвалі праваслаўную веру. Іх жыццё – прыклад самаадданага і самаахвярнага служэння Богу, цяжкі шлях узыходжання да вышынь святасці. Да ліку праведнікаў належыць і Іаан Кармянскі (31 мая 1998 г. увайшоў у Сабор беларускіх святых).
Нарадзіўся ён у м. Стрэшын Рагачоўскага павета (зараз Жлобінскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і свяшчэнніка Свята-Пакроўскай царквы Іаана Гашкевіча. Нованароджанаму пры хрышчэнні таксама далі імя Іаан – у гонар апостала Іаана Багаслова. З чатырохгадовага ўзросту хлопчык дапамагаў бацьку ў час службы ў храме, а потым прыбіраў алтар, мыў падлогу, чысціў лампады. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой у 1859 г. быў накіраваны ў в. Агародню ў царкоўнапрыходскую школу. У 1862 г. 25-гадовага Іаана Гашкевіча пасвяцілі ў іерэі, і ён пачаў служыць у царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Шарсцін Рагачоўскага павета. Гэты трохкупальны старажытны драўляны храм, побач з якім была ўзведзена капліца ў гонар святой велікамучаніцы Параскевы, размясціўся на высокім беразе Сожа. 14 гадоў адслужыў іерэй Іаан у храме і капліцы, прапаведваючы слова Божае, далучаючы людзей да праваслаўнай веры. У 1876 г. ён атрымаў прызначэнне ў царкву ў гонар перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая, што знаходзілася ў в. Агародні Гомельскага павета.
На новым месцы службы на поўную моц раскрыліся духоўныя здольнасці Іаана Гашкевіча. Па благаславенні кіева-пячэрскіх старцаў ён пачаў весці манаскі лад жыцця. Любоў да бліжніх, якую прапаведаваў, пацвярджаў канкрэтнымі справамі. У Агародні і яе ваколіцах людзі памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне паданні, што сведчаць пра надзвычайную дабрыню, міласэрнасць і празорлівасць Іаана Гашкевіча. На яго богаслужэнні прыходзіла ўсё больш і больш людзей, здалёк прывозілі хворых. Айцец Іаан дапамагаў грашыма, суцяшаў і малітвамі пазбаўляў ад розных хвароб. У пропаведзях ён гаварыў пра міласэрнасць, дабрачыннасць, заклікаў да пакаяння. За адданасць царкве і сваёй справе Свяцейшы сінод узнагародзіў свяшчэнніка ордэнамі Святой Ганны III ступені, Святога Роўнаапостальнага князя Уладзіміра IV ступені.
Восенню 1917 г. протаіерэй Іаан Гашкевіч памёр. Ён быў пахаваны з правага боку ад алтара побач з царквой, дзе служыў. Яшчэ доўга прыходзілі людзі на магілу старца, шукаючы, як і пры яго жыцці, дапамогі і суцяшэння. У 1930-я гг. памёр сын Іаана іерэй Міхаіл, які быў пахаваны побач з бацькам. У 1950-я гг. мінулага стагоддзя храм спалілі, а ўсё, што засталося пасля пажару, у тым ліку надмагільныя пліты і крыжы, згрэблі ў роў. Толькі ў 1991 г. пры раскопках падмурка царквы былі знойдзены мошчы Іаана Гашкевіча і яго сына. Гэта падзея супала з прыездам у Гомель Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II. Напярэдадні яго прыезду мошчы протаіерэя Іаана былі перанесены ў Свята-Пакроўскую царкву, якая знаходзіцца ў в. Карме Добрушскага раёна, дзе захоўваюцца і сёння. У 1903 г. Іаан Гашкевіч закладваў і асвячаў гэты храм. Па благаславенні архірэя Арыстарха, епіскапа Гомельскага і Жлобінскага, была створана камісія, што засведчыла нятленнасць мошчаў. У маі 1998 г. адбылася кананізацыя святога праведнага протаіерэя Іаана Гашкевіча, які стаў называцца Кармянскім. У 2000 г. Свята-Пакроўскі прыход Кармы быў ператвораны ў Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр.
Памяць праведнага Іаана, цудатворца Кармянскага, адзначаецца двойчы: 18 (31) мая – праслаўленне і 27 жніўня (9 верасня) – спачын. Шануецца яна вернікамі многіх краін свету. Часцінкі мошчаў праведніка знаходзяцца ў Аўстраліі, Балгарыі, Канадзе, на Кіпры, Украіне і ў Расіі. Па благаславенні Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Гомелі і Мінску будуюцца храмы, а ў Ваўкавыску Гродзенскай епархіі і Горках Магілёўскай епархіі – прыдзелы ў гонар святога праведнага Іаана Кармянскага.