Беларуская паэтэса Любоў Канстанцінаўна Тарасюк нарадзілася 7 снежня 1953 г. у в. Пінкавічы Пінскага раёна ў сям’і рабочых. Скончыла Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Я. Коласа (1970) і аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Сярод яе настаўнікаў былі такія вядомыя літаратары, як А. Лойка, Н. Гілевіч, Д. Бугаёў, В. Рагойша і інш. Да 1978 г. вучылася ў аспірантуры БДУ, потым выкладала гісторыю беларускай літаратуры і вусную народную творчасць ва ўніверсітэце. Членам Саюза пісьменнікаў Беларусі стала ў 1981 г.
Першыя вершаваныя радкі пра вясну і восень пачынаючая паэтэса напісала ўжо ў 9-гадовым узросце. Друкавацца пачала з 1966 г. у газеце “Піянер Беларусі”. Вершы былі прысвечаны роднаму Палессю і славутаму беларускаму пісьменніку Я. Коласу (“Палессе”, “Мне любы…” і інш.). Аднак пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці паэтэса лічыла 1972 г., калі ў часопісе “Маладосць” была апублікавана нізка яе вершаў. У 1983 г. Л. Тарасюк выдала сваю першую і апошнюю кнігу паэзіі “Смага ракі”, якая стала вынікам пачатковага этапу яе творчасці. У яе вершах шмат любові да маці, бацькоўскай зямлі, палескіх краявідаў, разважанняў над гісторыяй, сучаснасцю і лёсам беларускага народа.
У наступныя гады паэтэса з лірычнымі творамі ў друку выступала вельмі рэдка, стаўшы даволі вядомым гісторыкам беларускай літаратуры і крытыкам. На яе творчым рахунку звыш 150 літаратуразнаўчых і метадычных прац, прысвечаных, у асноўным, вывучэнню гісторыі развіцця беларускай літаратуры XIX – пачатку ХX стст.: “Вернасць вытокам. Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі” (1985), “Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX – пачатку ХX стст.” (1999) і інш.
Шмат зрабіла паэтэса для нацыянальнай адукацыі і культуры як асветніца і педагог: пісала кнігі і артыкулы для настаўнікаў, студэнтаў і вучняў (“Беларуская літаратура. ХІ–ХХ стст.”, 1999; “Беларуская літаратура, 10 клас”, 2001), удзельнічала ў стварэнні праграм для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы па беларускай літаратуры, распрацоўвала навукова-метадычныя працы ў дапамогу студэнтам-філолагам (“Тэматыка практычных заняткаў па гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры”, 1980; “План-канспект практычных заняткаў па старабеларускай літаратуры XVII–XVIII стст.”, 1987; “Праграма па гісторыі беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стст”, 2002 і інш.). У 2003 г. з друку выйшла апошняя яе кніжка “Апалогія красы”, прысвечаная тонкім разважанням над паэзіяй Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Багдановіча, А. Зязюлі, К. Сваяка і інш.
Вызначальнымі рысамі характару пэтэсы, даследчыцы роднай літаратуры, выдатнага педагога Любові Канстанцінаўны Тарасюк, якая, на жаль, заўчасна пайшла з жыцця, заўсёды былі любоў да Беларусі і любоў да паэзіі. І сведчанне гэтаму – уся яе творчая спадчына ў паэзіі, перакладах, артыкулах, рэцэнзіях і метадычных працах.