Нэлі Іванаўна Тулупава ўвайшла ў беларускую літаратуру як пісьменніца арыгінальная і самабытная. Яе творчасць, моцная філасофіяй і багаццем мастацкіх сродкаў, заняла адметнае месца ў духоўнай паэзіі. Гэты кірунак прыгожага пісьменства, прадстаўлены імёнамі М. Багдановіча, Р. Барадуліна, Д. Бічэль-Загнетавай, А. Зьніча, Г. Тварановіч і іншых, немагчыма ўявіць без вершаў Н. Тулупавай, прысвечаных асэнсаванню праваслаўнай карціны свету, хрысціянскай сутнасці асобы.
Нарадзілася будучая пісьменніца ў в. Капань Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка. Пасля заканчэння ў 1955 г. Гомельскага медыцінскага вучылішча некаторы час працавала на Віцебшчыне. У 1960 г. стала дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання. Праз два гады пераехала ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Была інструктарам раённага дома культуры, медыцынскай сястрой у бальніцы, загадчыкам аддзела райкама камсамола, рэдактарам газеты «Советский студент» Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1969 г. Н. Тулупава скончыла завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. З 1974 па 1978 г. загадвала рэпертуарным аддзелам Белдзяржфілармоніі, потым была старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1979–1988). З 1990 па 1994 г. працавала загадчыкам аддзела літаратуры ў часопісе «Вожык».
Пісаць Н. Тулупава пачала ў школьныя гады. З сярэдзіны 1950-х гг. друкавалася ў газетах і часопісах. Яе першы зборнік вершаў «Станцыя надзей» выйшаў у 1971 г. і адразу быў заўважаны вядомымі крытыкамі і літаратуразнаўцамі. Высокую ацэнку творам, надрукаваным там, далі А. Грачанікаў і А. Пысін. Ужо уступны верш зборніка «Трапяткія, ясныя праменні...» уводзіў у непаўторны паэтычны свет аўтара, выяўляў кола асноўных тэм яе будучых кніг. Беларуская прырода, малая радзіма, родная хата, каханне сталі асноўнымі темамі творчасці Н. Тулупавай. У 1977 г. яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У гэтым жа годзе выйшаў другі зборнік паэзіі, у творах якога з асаблівай сілай раскрылася любоў аўтара да роднай зямлі і яе цудоўных людзей. Акрамя вершаў у кнігу ўвайшлі паэмы «Марэна» і «Дабрадзея». Апошняя дала назву зборніку і была прысвечана бабулі паэтэсы. Грамадзянскасць, патрыятызм, чарнобыльская трагедыя сталі тэмамі наступных зборнікаў Н. Тулупавай: «Босая цішыня» (1980), «Гарывада» (1984), «Сонца ў хату» (1986), «Скажыце ўсім» (1988) і інш. Яна з'яўляецца таксама аўтарам кніг паэзіі і прозы для дзяцей «Дожджык Мікіта» (1978), «Бізоны-рабінзоны» (1983), «Пра што думае кіт» (1986); выдала гумарыстычныя зборнікі «Як павезлі мяне сватаць» (1987) і «Скажыце ўсім» (1988).
Апошняя прыжыццёвая кніга лірыкі Н. Тулупавай «Я чакаю цябе...» выйшла ў 1993 г. Яна была выдадзена пасля распаду СССР і набыцця нашай краінай незалежнасці, абвяшчэння суверэнітэту. У святле гэтых падзей у вершах Н. Тулупавай па-новаму была адлюстравана тэма Радзімы. Калі раней на першым плане ў пісьменніцы быў вобраз, які асвятляўся пераважна лірычна і камерна, то зараз у яе творах загучалі высокія словы ў гонар Беларусі. Сапраўдным гімнам стаў верш «Вітанне з Радзімай», навеяны знакамітым паланезам М. Агінскага. Велічна, урачыста, усхвалявана і ўзвышана гучыць у ім кожны радок. Беларусь у гэтым творы ўслаўляецца не як дзяржава, а як святыня. Верш напоўнены глыбокім сакральным сэнсам, верай у светлую будучыню нашай краіны. Біблейскімі матывамі, сімваламі хрысціянскай веры і любві вызначаецца змест і іншых вершаў зборніка («Прачыстая», «Літургія», «Тады я глянуў на зямлю», «Калядны звон») і інш. У 1990-я гг. Н. Тулупава друкавалася мала. Вялікае асабістае гора (трагічная гібель бацькі) наклала адбітак на яе далейшы лёс: пісьменніца звярнулася да праваслаўя. Яна чытала духоўную літаратуру, наведвала святыя месцы, знаходзіла суцяшэнне ў малітве. Некалькі разоў удзельнічала ў навукова-творчай экспедыцыі «Шлях да святыняў». Гэтай падзеі прысвечаны адзін з лепшых яе вершаў «Непагасная лампада ў Міры». У канцы жыцця, 5 студзеня 2001 г., Н. Тулупава прыняла пострыг у манахіні з імем Неаніла. 30 ліпеня яна памерла. Пахавана на Паўночных могілках у Мінску.
Пасля смерці пісьменніцы, дзякуючы намаганням родных, у перыядычным друку з'явіліся яе цікавыя празаічныя творы, якія не публікаваліся раней. Гэта апавяданні «Артыстка», «Жытнікі», «Маладзян», «Лазар Канцавейка з Пірачыч», «Калі прачнецца чарапаха». Напісаныя ў асноўным на аўтабіяграфічным матэрыяле сакавітай, жывой мовай, з гумарам, з добрым веданнем псіхалогіі герояў, яны сведчаць аб неардынарным празаічным таленце Н. Тулупавай. Да пасмяротна апублікаваных твораў адносіцца таксама драматычная паэма ў прозе «Рэха ў калысцы», у якой пісьменніца звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Многія вершы пісьменніцы пакладзены на музыку кампазітарамі Ю. Семянякам, І. Лучанком, Э. Ханком, Э. Зарыцкім, У. Буднікам, Г. Гарэлавай і інш. Яны гучалі ў выкананні В. Вуячыча, Т. Раеўскай, Н. Багуслаўскай, В. Кучынскага, Н. Мікуліч і інш. У 2003 г. выйшаў зборнік песень на словы Н. Тулупавай «Світальная сініца». Асобныя лірычныя і гумарыстычныя творы Н. Тулупавай выконвалі са сцэны М. Захарэвіч, З. Бандарэнка, Г. Рыжкова, Р. Маленчанка. Паводле яе драматычнай паэмы «Гарывада» ў Брэсцкім тэатры лялек пастаўлены аднайменны спектакль. Нэлі Тулупава выступала ў друку і як перакладчык. На беларускую мову пераклала творы грузінскіх, літоўскіх, латышскіх, татарскіх, украінскіх і іншых паэтаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.