Адзін з заснавальнікаў расійскай афтальмалогіі, першы прафесар афтальмалогіі Казанскага ўніверсітэта, арганізатар у Казані клінікі хвароб вачэй Эміліян Валянцінавіч Адамюк нарадзіўся ў г. Бельск Гродзенскай губерні ў сялянскай сям'і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Беластоцкай гімназіі, пасля заканчэння якой у 1858 г. паступіў у Казанскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт, а праз год перавёўся на медыцынскі факультэт. У 1863 г. скончыў універсітэт са званнем дактаранта і павятовага ўрача. Ён застаўся пры навучальнай установе, дзе пад кіраўніцтвам прафесара А. М. Бекетава вывучаў хірургію і афтальмалогію. У верасні 1865 г. Э. В. Адамюк быў прызначаны ардынатарам хірургічнага аддзялення шпітальнай клінікі пры земскай бальніцы. Вынікі сваіх першых эксперыментальных даследаванняў «О влиянии симпатического нерва на внутриглазное давление» і «Манометрическое определение внутриглазного давления» былі апублікаваны ў 1866 г., а фундаментальная праца «К учению о внутриглазном кровообращении и давлении» лягла ў аснову доктарскай дысертацыі. У 1863 г. Э. В. Адамюк атрымаў званне прыват-дацэнта, а ў 1867 г. ступень доктара медыцыны. На працягу двух гадоў знаёміўся з выкладаннем афтальмалогіі ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы, удасканальваў прафесійныя навыкі ў клініках Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Францыі і Галандыі. Вярнуўшыся з камандзіроўкі ў 1870 г., ён стаў дацэнтам афтальмалогіі Казанскага ўніверсітэта, па сутнасці ўзначальваў кафедру хвароб вачэй. У 1871 г. Э. В. Адамюк прызначаны прафесарам кафедры. У гэты перыяд вучоны пачаў ствараць клініку афтальмалогіі: былі падрыхтаваны некалькі палат для хворых (15 ложкаў) і адзін пакой пад амбулаторыю. Да 1888 г. у ёй ужо налічвалася 30 ложкаў. Клініка была абсталявана неабходным інструментарыем і апаратурай. Казань стала цэнтрам падрыхтоўкі кадраў – урачоў-афтальмолагаў для Расіі, Паволжа, Сібіры. Таксама Э. В. Адамюк актыўна ўдзельнічаў у праектаванні і аснашчэнні новага будынка клінікі, які адкрыўся ў 1900 г. Вучоны стаў выдатным урачом-практыкам. Яго дапамогай карысталіся многія тысячы хворых з розных канцоў Расіі і з усяго Паволжа.
Адамюк Эміліян Валянцінавіч – аўтар больш за 100 навуковых прац. Сярод іх – дапаможнік «Болезни светоощущающего аппарата глаза» (у 2 т., 1897), «Практическое руководство к изучению болезней глаза» (Т. 1. у 2 ч., 1881) і інш. Яны прысвечаны пытанням інервацыі вока, абмену ўнутрывочных вадкасцей і глаўкоме. Даказаў залежнасць унутрывочнага ціску ад стану кровазвароту, інервацыі, лекавых рэчываў. Ім абгрунтавана канцэпцыя аб вядучай ролі парушэння адтоку крыві з сасудзістай абалонкі вока пры ўзнікненні глаўкомы. Вучоны распрацаваў тэорыю інфекцыйнага паходжання трахомы.
Разнастайнай і актыўнай была грамадская дзейнасць вучонага. Будучы на працягу многіх гадоў галосным думы, ён настойліва дамагаўся паляпшэння санітарна-гігіенічных умоў жыцця гараджан. Многія гады з'яўляўся членам папячыцельства сляпых Казані, быў лекарам-кансультантам Радзівонаўскага інстытута высакародных дзяўчат. Вучоны з'яўляўся ганаровым членам Казанскага ўніверсітэта, а таксама многіх медыцынскіх таварыстваў Сімбірска, Астрахані, Кіева, Мінска, Вяткі, Каўказа. Восенню 1900 г. здароўе Э. В. Адамюка пагоршылася, і ён перадаў кіраўніцтва клінікай прафесару А. Г. Агабабаву, але не пераставаў цікавіцца навукай і хворымі. Незадоўга да смерці ў часопісе «Веснік афтальмалогіі» (1906 г., №3) з'явіўся артыкул пра глаўкому. Пахаваны Э. В. Адамюк на Арскіх могілках у Казані.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.