Вядомы беларускі мовазнавец Анатоль Майсеевіч Бардовіч валодаў педагагічным, навуковым і арганізатарскім талентам. Ім самім, а таксама ў суаўтарстве створаны многія змястоўныя навуковыя і метадычныя працы па праблемах рускай і беларускай моў, выдадзены грунтоўныя вучэбныя дапаможнікі па рускай мове для вучняў агульнаадукацыйных школ і студэнтаў-філолагаў.
Нарадзіўся А. М. Бардовіч у в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1935 г. уся сям'я Бардовічаў была вывезена ў Комі АССР (пасёлак Цімшэр Усць-Куломскага раёна), дзе пражыла 12 нялёгкіх гадоў. Там атрымаў першапачатковую адукацыю. Вучыўся ў Сыктыўкарскім педагагічным вучылішчы (1942–1945). З 1945 г. працаваў настаўнікам. Пасля вяртання ў Беларусь і рэабілітацыі сям'і як беспадстаўна рэпрэсіраванай А. М. Бардовіч вучыўся на факультэце мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1947–1951; МДПІ імя А. М. Горкага). У 1956 г. скончыў аспірантуру пры ім. У 1951–1953 гг. выкладаў у Нясвіжскім педагагічным вучылішчы імя Якуба Коласа. Працаваў старшым інспектарам Міністэрства асветы БССР (1956–1957) і Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (1961–1965). Адначасова выкладаў у МДПІ імя А. М. Горкага рускую мову. У педагагічным інстытуце (з 1995 г. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) прайшоў шлях ад аспіранта (1953–1956) да кандыдата філалагічных навук (1959, дысертацыя «Модальные слова в современном русском литературном языке», навуковы кіраўнік М. Гурскі), дацэнта (1963), прафесара (1992), дэкана філалагічнага факультэта і факультэта рускай філалогіі (1978–2001). Працаваў там да 2006 г. З'яўляецца заслужаным работнікам вышэйшай школы БССР (1982). Анатоль Бардовіч таксама чытаў лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў рускай мовы ў Балгарыі, а ў 1975–1977 гг. працаваў дацэнтам кафедры рускай мовы Вышэйшай педагагічнай школы ў Кракаве (Польшча), дзе за два з паловай гады падрыхтаваў 45 магістраў.
Ён актыўна займаўся вывучэннем граматыкі сучасных рускай і беларускай моў. Асноўную ўвагу накіроўваў на падрыхтоўку дапаможнікаў для вучняў і студэнтаў з мэтай павышэння іх тэарэтычных ведаў і ўзроўню практычнага валодання матэрыялам. З'яўляецца адным з аўтараў наступных лексікаграфічных выданняў: «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (1975), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2000), «Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы» і «Школьны словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2005), «Школьный словообразовательный словарь русского языка» (2011) і інш. Амаль усе працы пачынаюцца са змястоўнага тэарэтычнага ўступу, у якім сцісла, але ў той жа час і ў дастаткова поўным аб'ёме тлумачацца асноўныя лінгвістычныя паняцці, што належаць да марфемнага складу і словаўтваральнай структуры слоў, іх марфемнай характарыстыкі, прыводзяцца ўзоры сучаснага аналізу слоў. У суаўтарстве былі напісаны вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў – «Русский язык» (у 2 ч., 3-е выд. 1977), «Русский язык» (у 2 ч., 1979), «Сборник диктантов с лексико-грамматическими заданиями» (у 4 ч., 1990), «Современный русский язык. Синтаксис. Пунктуация» (1993), «Сборник диктантов по русскому языку» (1994), «Контрольные работы по современному русскому языку» (1998), «Сопоставительный курс русского и белорусского языков (1999) і інш. Падручнікі па рускай мове для вучняў V–IХ класаў з беларускай мовай навучання на працягу 1965–1996 гг. вытрымалі шмат выданняў.
За працоўныя заслугі А. М. Бардовіч узнагароджаны медалём, нагруднымі знакамі, шматлікімі ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.