Сапраўдны патрыёт сваёй радзімы, інтэлектуал і інтэлігент, апантаны і самаахвярны чалавек, імя якога, на жаль, на доўгі час было выкрэслена з гісторыі, значную частку свайго жыцця прысвяціў пачэснай справе збірання і захавання Музея беларускага Палесся (г. Пінск).
Нарадзіўся будучы музеязнавец 23 верасня 1889 г. у Пінску ў сям’і павятовага земскага ўрача, надворнага саветніка Сяргея Георгіеўскага. Вучыўся ў Варшаўскай прыватнай школе, у 1908 г. скончыў Пінскае рэальнае вучылішча. Падчас вучобы ўваходзіў у склад арганізацыі навучэнцаў-рэвалюцыянераў, якая займалася распаўсюджваннем эсэраўскай літаратуры. У 1910–1911 гг. праходзіў вайсковую службу ў Варшаўскім палку, а ўжо праз год паступіў на вучобу ў Варшаўскі ўніверсітэт на аддзяленне прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта. Навучанне спалучаў з працай асістэнта на ўніверсітэцкай кафедры батанікі, што дазваляла дадаткова ўдасканальваць прафесійныя веды. У 1916 г. абараніў дысертацыю “Матэрыялы да флоры Пінскага павета Мінскай губерні” і атрымаў вучоную ступень кандыдата прыродазнаўчых навук.
Пасля заканчэння вучобы ва ўмовах ваеннага часу Д. С. Георгіеўскага мабілізавалі ў расійскую армію. Служыў ён пры штабе і пасля заключэння Брэсцкага міра ў 1918 г. быў звольнены ў запас. Пасля вайны ўладкаваўся настаўнікам прыродазнаўства, геаграфіі і матэматыкі ў жаночую гімназію мястэчка Карасубазары (Крым). Вярнуўшыся на радзіму ў 1921 г., працаваў выкладчыкам прыродазнаўчых навук у сярэдніх навучальных установах Пінска і адначасова ўзначальваў Цэнтральную навуковую прыродазнаўчую лабараторыю (да 1939 г.).
З другой паловы 1928 г. галоўнай справай жыцця Дзмітрыя Сяргеевіча стаў Палескі музей, створаны пры Палескім краязнаўчым таварыстве яшчэ ў 1924 г. Д. С. Георгіеўскі быў абраны захавальнікам музея і стаў сумяшчаць настаўніцкую працу са штодзённым музейным клопатам. Сваю дзейнасць ён пачаў з рэгістрацыі і каталагізацыі музейных экспанатаў, якіх на той час было ўжо каля 800. Далей пачалася сістэматычная і мэтанакіраваная праца па фарміраванні калекцыі. Захавальніку музея самому прыходзілася ездзіць у экспедыцыі, займацца археалагічнымі даследаваннямі, весці навуковую працу, рабіць фотаздымкі і выконваць яшчэ шмат іншых абавязкаў па фарміраванні і зберажэнні музея.
Вынікам карпатлівай працы Д. С. Георгіеўскага стаў навуковы даведнік па этнаграфічнай і прыродазнаўчай калекцыях Палескага музея, выдадзены ў 1935 г. Як батанік па адукацыі і адначасова дырэктар прыродазнаўчай лабараторыі, Дзмітрый Сяргеевіч працягваў займацца даследаваннямі палескай флоры. Друкаваў таксама свае навуковыя назіранні па прыродазнаўству, феналогіі і праблемах захавання на Палессі рэліктавых прадстаўнікоў жывёл і раслін. Пісаў і працы па этнаграфіі краю: “Матывы аздаблення палескіх тканін”, “Палескае ганчарства”, “Палескія дзеці ў 1784 годзе” і інш. У сваіх публікацыях заўсёды дэманстраваў грунтоўныя веды і глыбокае разуменне палескай культурнай непаўторнасці. Пад наглядам Д. С. Георгіеўскага музей перарос межы Пінскага павета і стаў рэгіянальным: у зону яго дзейнасці ўключыліся Столінскі, Кобрынскі, Лунінецкі і іншыя паветы.
Пасля ўсталявання на Палессі ў 1939 г. савецкай улады Д. С. Георгіеўскі працягваў працу ў музеі ўжо ў якасці старшага навуковага супрацоўніка. Музей пачаў перабудоўвацца пад новую савецкую ідэалогію згодна з новымі прынцыпамі марксізму-ленінізму. Нягледзячы на ўсе гэтыя пераўтварэнні, Дзмітрый Сяргеевіч працягваў друкаваць свае даследчыцкія працы на старонках мясцовай прэсы. У газеце “Палеская праўда” ім было апублікавана больш за 10 артыкулаў, прысвечаных гісторыі, прыродзе і культуры Палесся: “З мінулага нашага горада”, “Пінскія балоты”, “Урок гісторыі ў музеі” і інш. Ён таксама вёў у газеце невялікую пазнавальную рубрыку “Жывёльны свет нашай вобласці”, дзе большасць артыкулаў была прысвечана фаўне Палесся. Свае артыкулы Д. С. Георгіеўскі звычайна ілюстраваў фотаздымкамі з калекцыі музея, большасць якіх была зроблена ім самім.
У 1941 г. жыццё і дзейнасць захавальніка музея, у мінулым – удзельніка эсэраўскай арганізацыі, не засталіся без увагі савецкай палітычнай машыны: у пачатку лета ён быў беспадстаўна арыштаваны органамі Народнага камісарыята ўнутраных спраў і для далейшага следства адпраўлены на ўсход. Вядома, што апошнія месяцы жыцця Д. С. Георгіеўскага прайшлі ў г. Кіраве (Расія). Па дакументах НКУС яго крымінальная справа была спынена і 12 верасня 1941 г. ён быў вызвалены з-пад стражы. Аднак, звестак пра далейшы лёс Д. С. Георгіеўскага не захавалася.
Даследчык Палесся, стваральнік і захавальнік Палескага музея заўчасна загінуў, але на многія гады застаўся ў памяці нашчадкаў, дзякуючы галоўнай справе свайго жыцця – любові да роднай зямлі, імкненню зберагчы для гісторыі прыгожы і адмысловы куток Беларусі – Беларускае Палессе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.