Беларускі вучоны ў галіне біяхіміі Уладзімір Гаўрылавіч Колб нарадзіўся ў в. Лемяшэвічы Пінскага раёна. Скончыўшы Пінскую фельчарска-акушэрскую школу ў 1949 г., паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. У час вучобы захапіўся навукова-даследчай працай і актыўна займаўся ў гуртку пры кафедры агульнай хіміі пад кіраўніцтвам вучонага-хіміка В.А. Бандарына. Пасля заканчэння інстытута ў 1955 г. У.Г. Колб быў прыняты ў аспірантуру на кафедру біяхіміі. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Исследование прижизненных физико-химических свойств и реактивности кожи» абараніў у 1960 г. Пасля працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута туберкулёзу. З гэтага часу займаўся арганізацыяй лабараторнай службы ў процітуберкулёзных установах БССР. З 1967 г. ён галоўны спецыяліст па клінічнай лабараторнай дыягностыцы рэспублікі. У 1970 г. У.Г. Колб абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Биохимические и биофизические аспекты изучения реактивности организма при туберкулезе». Вучоны займаўся арганізацыяй у краіне навуковых таварыстваў урачоў-лабарантаў. У 1970 г. у Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў ім арганізавана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі, якой кіраваў на працягу амаль 30 гадоў. У 1972 г. У.Г. Колбу было прысвоена вучонае званне прафесара. Вялікую ўвагу вучоны ўдзяляў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў: пад яго кіраўніцтвам абаронены 3 доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый.
Асноўнымі напрамкамі навуковай дзейнасці У.Г. Колба з'яўляюцца: праблемы рэактыўнасці арганізма пры туберкулёзе, арганізацыя лабараторнай службы ў медыцынскіх установах рэспублікі. Вучоны – аўтар 360 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій і 28 метадычных рэкамендацый па біяхіміі і імуналогіі лёгачнай і сардэчнай паталогіі, дыягностыцы і метадах даследавання ў нефралогіі і ўралогіі, хірургічных захворванняў; суаўтар 12 пасведчанняў на вынаходствы і 38 пасведчанняў на рацыяналізатарскія прапановы. Яму належаць манаграфіі – «Биохимические аспекты реактивности организма при туберкулезе» (1971), «Биофизические аспекты реактивности организма при туберкулезе» (1974), «Справочник по клинической химии» (у суаўтарстве, 1982), «Методы исследования в нефрологии и урологии» (у суаўтарстве, 1992), «Лабораторная диагностика хирургических заболеваний» (у суаўтарстве, 1993), «Клиническая биохимия» (у суаўтарстве, 1993).
Неаднаразова У.Г. Колб удзельнічаў у міжнародных, усесаюзных з’ездах, канферэнцыях і семінарах. Кіраваў правядзеннем рэспубліканскіх з’ездаў, пленумаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў. Выбіраўся старшынёй, прэзідэнтам Беларускага навукова-практычнага таварыства спецыялістаў клінічнай лабараторнай дыягностыкі, членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства. З 1992 г. ён член Савета навуковага таварыства клінічнай лабараторнай дыягностыкі краін СНД. Таксама У.Г. Колб быў членам праўлення Беларускага біяхімічнага таварыства, Прэзідыума Савета навуковых таварыстваў, спецыялізаваных Саветаў па абароне дысертацый і рэспубліканскіх атэстацыйных камісій, з’яўляўся старшынёй секцыі медыка-біялагічных навук і членам бюро Рэспубліканскага міжведамаснага навуковага савета па развіцці фундаментальных даследаванняў для медыцыны пры НАН Беларусі. Уваходзіў у рэдкалегію часопіса «Здравоохранение» і рэдакцыйны савет часопіса «Клиническая лабараторная диагностика» (Масква).
За заслугі ў развіцці аховы здароўя, актыўную навукова-педагагічную і арганізатарскую дзейнасць вучоны ўзнагароджаны значком «Выдатніку аховы здароўя БССР», медалём «Ветэран працы», ганаровымі граматамі і падзякамі. У 1990 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.