З імем Пятра Іосіфавіча Лабко, вядомага беларускага вучонага ў галіне анатоміі, звязаны цэлы этап развіцця медыцынскай адукацыі і эксперыментальна-эмбрыялагічных даследаванняў у нашай краіне і за яе межамі. Нарадзіўся ён у в. Кухчыцы Клецкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1946 г. паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, які скончыў у 1951 г. У 1951–1954 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Пути перекрестной чувствительной иннервации надпочечных желез человека» і атрымаў вучоную ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1967 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Строение узлов солнечного сплетения и их связей у животных и человека», і яму была прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук. Працаваў спачатку асістэнтам, дацэнтам, прафесарам (1968), загадчыкам кафедры анатоміі (1975–1996), потым прафесарам кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута.
Асноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці П. І. Лабко з'яўляюцца параўнальна-марфалагічнае і эксперыментальнае вывучэнне асаблівасцей развіцця і будовы розных аддзелаў вегетатыўнай нервовай сістэмы і інервацыі ўнутраных органаў. Пад яго кіраўніцтвам праведзены эксперыментальна-эмбрыялагічны аналіз будовы перыферычнай часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы, эндакрынных органаў, органаў пачуццяў і чарапных нерваў чалавека і млекакормячых жывёл. Даследаваў фізіялагічную атрэзію органаў стрававальнай, дыхальнай і мочапалавой сістэм. Выявіў крытычныя перыяды ў развіцці органаў і сістэм, вызначыў уплыў хімічных і фізічных фактараў на арганізм, устанавіў шматлікія анамаліі і парокі ў стадыі развіцця.
Вучоны – аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, навучальных дапаможнікаў, публікацый у замежных выданнях. Сярод іх – «Чревное сплетение и чувствительная иннервация внутренних органов» (1976), «Физиологическая атрезия» (у суаўтарстве, 1983), «Функциональная анатомия черепных нервов» (у суаўтарстве, 2003), «Висцеральный нерв как коммуникативная система» (у суаўтарстве, 2004), «Развитие анатомической науки и формирование научных школ в Беларуси» (у суаўтарстве, 2009), «Анатомия нервной системы и органов чувств» (у суаўтарстве, 2018) і інш. У 1994 г. П. І. Лабко стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за выдадзены атлас «Вегетативная нервная система» (у суаўтарстве, 1988).
Вучоны валодаў англійскай, іспанскай, польскай мовамі, што давала магчымасць актыўна ўдзельнічаць у педагагічнай і навуковай дзейнасці на міжнародным узроўні. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Ростака, Грайфсвальда, Магдэбурга, выступаў на міжнародных канферэнцыях, сімпозіумах. У 1967–1968 гг. ён працаваў прафесарам-кансультантам па анатоміі ў Гаванскім універсітэце, дзе кіраваў навуковымі работамі 8 аспірантаў, падрыхтаваў 4 прафесараў па анатоміі. У 1988–1989 гг. быў паўторна запрошаны для падрыхтоўкі навуковых педагагічных кадраў на кафедру анатоміі медыцынскага інстытута г. Сант'яга-дэ-Куба.
Пётр Іосіфавіч вёў актыўную грамадскую работу па папулярызацыі навуковых марфалагічных даследаванняў і развіцці анатамічнай навукі. Быў членам прэзідыума і праўлення Усесаюзнага і старшыня Беларускага рэспубліканскага навуковых таварыстваў анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў, ганаровым членам Навуковага таварыства анатамаў, гістолагаў, эмбрыёлагаў і тапографаанатамаў Украіны, Паўночна-Каўказскага аддзялення Усерасійскага таварыства, членам Каардынацыйнага савета Асацыяцыі анатамаў краін СНД, рэдакцыйных калегій часопісаў «Морфология», «Здравоохранение Белоруссии», праблемнай камісіі «функцыянальная анатомія» і Цэнтральнай метадычнай камісіі па анатоміі пры Міністэрстве аховы здароўя СССР, камісіі па стварэнні міжнароднай анатамічнай наменклатуры, старшынёй савета Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па абароне доктарскіх дысертацый, акадэмікам Беларускай акадэміі экалагічнай антрапалогіі, акадэмікам Міжнароднай акадэміі інтэграцыйнай антрапалогіі.
Ён узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі, знакамі «Выдатнік аховы здароўя», «За выдатныя поспехі ў рабоце», знакам М. І. Пірагова «За заслугі ў гуманнай дзейнасці саюза таварыстваў Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР», ганаровымі граматамі і дыпломамі. У 1994 г. удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. За поспехі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці і актыўную грамадскую работу ў 1981 г. занесены ў Кнігу працоўнай славы Маскоўскага раёна Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.