Дата рождения:
16.05.1938 Тоўсты Лес, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
19.02.2002
Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, заслужаны артыст Беларусі
Варианты имени:
Луцэвіч Анатоль Васілевіч
Имена на других языках:
Луцевич Анатолий Васильевич (русский);
1542 символа
Справка
Прызнаны майстар купалаўскай сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, Анатоль Васільевіч Луцэвіч унёс значны ўклад у беларускае тэатральнае мастацтва. Нават у невялікай ролі па-майстэрску таленавіта ён мог выявіць найбольш значныя рысы свайго героя.
Анатоль Васільевіч Луцэвіч нарадзіўся ў в. Тоўсты Лес Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У 1964 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і быў накіраваны ў Беларускі акадэмічны тэатр імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дзе стварыў каля 80 вобразаў у спектаклях беларускіх, рускіх і замежных драматургаў. Іграў у п’есах «Жаніцьба Бялугіна» А. Астроўскага і М. Салаўёва, «Валенсіянскія вар'яты» Лопэ дэ Вегі, «Гаральд і Мод» К. Хігінса і Ж.К. Кар'ера, «Рэвізор» М. Гогаля і інш. Стварыў каларытныя, адметныя душэўнай цеплынёй, лірызмам, мяккім гумарам нацыянальныя вобразы ў спектаклях па творах беларускіх драматургаў. Лепшыя сярод іх: Алёша Губаты («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Мульцік, Бацька («Вечар», «Парог» А. Дударава), Мужык з малатарняй («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева), Паляніца («Таблетка пад язык» А. Макаёнка), Сідаровіч («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Парфён («Плач перапёлкі» І. Чыгрынава) і інш. Бліскуча выканаў акцёр ролі Крыніцкага, Лявона Гарошкі ў камедыях Я. Купалы «Паўлінка» і «Тутэйшыя», Шчырэцкага ў спектаклі «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча.
Матэрыял падрыхтаваны Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкай (Мінская вобласць) у 2013 г.